Альтэрнатывы кукурузе пакуль няма

Увосень земляроб не мае ні часу, ні права на  адпачынак. І пра будучы ўраджай даводзіцца дбаць, і тое, што ў полі засталося, трэба ўбіраць як мага хутчэй. Ды і прааналізаваць упушчэнні — зрабіць своеасаблівую работу над памылкамі, каб не паўтараць іх, дарэчы было б.

  Пасевы кукурузы застаюцца  галоўнай крыніцай папаўнення  запасаў сіласу.  Па стану на 12 верасня ў раёне  гэтага віду корму было нарыхтавана 56116 тон, у тым ліку з кукурузы — 45156. У райаграсервісе  адпаведна — 8769 тон і 7451. Значнага папаўнення запасаў ужо не прадбачыцца. Уборка кукурузы набліжаецца да завяршэння. Корманарыхтоўшчыкі ААТ «Сенненскі райаграсервіс» сваю работу ўжо выканалі, завяршыўшы сіласаванне кукурузы першымі ў раёне. Іншая справа, што тыя 600 гектараў, якія былі адве­дзе­ны пад «царыцу палёў», не далі належнага ўраджаю. З кожнага гектара атрымана толькі 171,7 цнт зялёнай масы, у СВК «Ульянавічы» — па 281,6 (у цэлым па раёне — па 195,3).

 Чаму ў райаграсервісе пры ўсім тым наяўным тэхнічным патэнцыяле, лю­дскіх рэсурсах не змаглі атрымаць дастойны ўраджай? Адказ на гэтае пытанне ляжыць на паверхні. Праблемы пачаліся яшчэ вясной. Замест таго, каб заняцца  падборам плошчаў пад сяўбу кукурузы, тагачаснае кіраўніцтва райаграсервісу стала аспрэчваць рашэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў, якім былі ўстаноўлены пасяўныя плошчы. У якасці аргумента нават выкарыстоўваўся пасыл, што запасы кармоў можна стварыць за кошт  наяўных шматгадовых траў. У выніку  сяўбу кукурузы пачалі 1 мая, сеялі да 18 чэрвеня. Фактычна лепшыя тэрміны для сяўбы кукурузы былі ўпушчаны. Зрэшты, гэтае бяды не пазбеглі і іншыя гаспадаркі. Скажам, у тых жа Ульянаві­чах апошнім днём  сяўбы кукурузы стала 4 чэрвеня.

 Каменціруючы вынікі работы ў кукурузаводстве, Антаніна Сунцеева, начальнік аддзела вытворчасці і збыту райсельгасхарчу, выказалася так: «Адмовіцца ці скараціць плшчы, занятыя кукурузай, мы зможам толькі тады, калі на нашых пашах і сенажацях будуць пераважаць канюшына і люцэрна. Сёння кукурузны сілас з’яўляецца галоўнай крыніцай для папаўнення рацыёну буйной рагатай жывёлы бялком. І альтэрнатывы яму пакуль няма».

 Яшчэ больш катэгарычнай была Таццяна Кудласевіч, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама: «Для далейшага нарошчвання прадукцыі жывёлагадоўлі неабходна ствараць 1,5-гадавы запас кармоў. Без пасеваў кукурузы справіцца з пастаўленай задачай не ўдасца».

Аляксандр  Лазюк.