Новая ініцыятыва: абрана Сенненшчына

IMG_0003У рэспубліцы стартуе новы праект Міжнароднага таварыства Чырвонага Крыжа «За здаровы лад жыцця», які будзе ажыццяўляцца на Гродзеншчыне і Віцебшчыне. У нашай вобласці пляцоўкай для праекта выбрана Сенненшчына. І гэта не выпадкова, бо ў раёне створаны добры падмурак, на якім зможа развівацца новая ініцыятыва: тут плённа працуюць створаныя раней ініцыятыўныя групы.

            Нядаўна з іх лідарамі сустрэлася дэлегацыя ў складзе каардынатара праграм Швейцарскага Чырвонага Крыжа Крысціны Ручман, дэлегата Швейцарскага Чырвонага Крыжа ў Беларусі Анэт Вайднер, прадстаўнікоў рэспубліканскай і абласной арганізацый таварыства. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Языкова, дырэктар  Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Смірнова, старшыні Нямойтаўскага і Ходцаўскага сельвыканкамаў Анатоль Бараноўскі і Вольга Шчарбакова, сястра міласэрнасці Валянціна Стычынская.

IMG_0006    Гасцей сустрэлі беларускай песняй і караваем у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН члены ініцыятыўнай групы «Родник» г.Сянно.

Адкрыла сустрэчу, якая праходзіла ў цёплай сяброўскай атмасферы за «салодкім сталом», Зоя Фаміна. Яна падзякавала ініцыятыўным групам за работу, а гасцям за тое, што наведалі Сенненшчыну, і за давер, аказаны сенненскім валанцёрам у ажыццяўленні новага праекта. Зоя Сцяпанаўна падкрэсліла, што самае вялікае багацце нашага раёна — гэта яго людзі, з якімі можна зрабіць шмат добрых спраў.

Пасля знаёмства з удзельнікамі мерапрыемства слова ўзяла прадстаўнік Швейцарскага Чырвонага Крыжа. Госця з далёкага замежжа выказала спадзяванне, што далейшае супрацоўніцтва з ініцыятыўнымі групамі Сенненшчыны будзе плённым. Падкрэсліла, што людзі, якія шчыра робяць дабро, на якіх бы мовах не размаўлялі, заўсёды разумеюць адно аднаго.

Спадарыня Крысціна адзначыла, што праект будзе накіраваны на падтрымку службы сясцёр міласэрнасці, уцягненне ў валанцёрскі рух не толькі людзей састарэлага ўзросту, але і моладзі, навучэнцаў.

Гаспадары расказалі гасцям пра дзейнасць сваіх суполак, у тым ліку і ў галіне захавання здароўя, набыцця звычак здаровага ладу жыцця. Загадчык Машканскай бальніцы сястрынскага догляду Аляксандр Багіно расказаў аб планах стварэння новага праекту, які аб’яднае вяскоўцаў у імкненні да здаровага ладу жыцця.

Удзельнікі мерапрыемства засталіся задаволены ўзаемным дыялогам, што стане добрай асновай будучага супрацоўніцтва.

На развітанне госці азнаёміліся з выставай работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці наведвальнікаў аддзялення дзённага прабывання.

 Таццяна Буракова.