Валейбольны кубак зноў у ПС “Сянно”

IMG_5872На працягу двух месяцаў у спартыўнай зале СШ №1 г.Сянно праходзілі гульні чэмпіянату  раёна па валейболе. Удзел у ім прымалі 9 аматарскіх каманд арганізацый і прадпрыемстваў Сеннен­шчыны.

 Атрымаць «дозу» валейбола можна было два разы на тыдзень. І гэтым карысталіся ўсе, хто не толькі «хварэў» за сваіх калег і родных, а і тыя, хто любіць гэты прыгожы від спорту.

Найбольш захапляльнымі атрымаліся фінальныя гульні. Сёлета яны  праходзілі па іншай сістэме. Матчы складаліся не з трох партый, а з пяці, што дало магчымасць з максімальнай дакладнасцю вызначыць лепшую  валейбольную каманду.

У фінале выступілі каманды РАУС, Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы (пераможца другой лігі мінулага чэмпіянату), аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і лідары першай лігі чэмпіянату 2013 года ПС «Сянно».

У выніку трэцюю і другую ступені п’едэсталу занялі спартсмены аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённага аддзела ўнутраных спраў адпаведна. Першае месца другі год запар заваявала каманда перапампоўваючай станцыі «Сянно» (на здымку ўверсе).

IMG_5847        Цырымонію закрыцця пачалі з ушанавання пераможцаў. Таксама былі вызначаны лепшыя валейбалісты. У намінацыі «Самы перспектыўны гулец» адзначаны вучань Беліцкай ДССШ Павел Паляшкевіч (на здымку 2), які са сваім настаўнікам фізкультуры Андрэем Салаўёвым прадстаўляў каманду аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

 

 

2 «Лепшым гульцом чэмпіянату» прызнаны нападаючы каманды-чэмпіёнкі ПС «Сянно» Рустам Хасанаў (на здымку 3).

Дыпломы, медалі і кубак пераможцам і прызёрам уручылі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гардзецкі. Прагучала прапанова арганізаваць у наступным годзе жаночы валейбольны турнір.

Ірына ГАРБАЧОВА.