У рамках акцыі «Я — грамадзянін Беларусі», прымеркаванай да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, 16 юных сенненцаў атрымалі пашпарты, а разам з імі і падарачныя выданні «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

IMG_0047Прыгожым і крыху ўсхваляваным юнакам і дзяўчатам уручыў іх Леа­нід Хірэвіч, першы намеснік старшыні райвыканкама. Па яго словах, пашпарт — пропуск у дарослае жыццё. «Будучыня залежыць ад моладзі, таму смела ідзіце да намечаных мэт», — пажадаў Леа­нід Міхайлавіч.

Сёлета традыцыя ўручэння пашпартоў набыла новае гучанне і сабрала ў зале пасяджэнняў райвыканкама школьнікаў, якіх у гэты дзень прымалі ў рады грамадскага аб’яднання «БРСМ». 63 падлеткам — выдатнікам вучобы, валанцёрам, юным спартсменам — былі ўручаны членскія білеты. 8 чалавек уступілі ў рады Моладзевага атраду аховы правапарадку, што створаны пры грамадскім аб’яднанні. Пажадалі ім поспехаў ва ўсіх пачынаннях і ганаровыя госці мерапрыемства, сярод якіх былі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, начальнікі аддзелаў Сяргей Мяцеліца, Людміла Анісь­ковіч.

Святочны настрой прысутным стваралі дзяўчаты з СШ №1 і №2, у выкананні якіх прагучала некалькі песень.

Скончылася мера­прыемства акцыяй «Спяём гімн разам», далучыцца да якой было прапанавана моладзі. Пасля чаго юнакоў і дзяўчат запрасілі на экскурсію ў раённы краязнаўчы музей.

 

Ала ЯКАЎЛЕВА.