З чаго складаецца школьнае меню сенненскіх вучняў

ГС Рабочы дзень школьніка працяглы. Нават вучні пачатковых класаў абедаюць у школе. А  таму  харчаванне  павінна  быць не проста смачным і каларыйным. Важна  збалансаваць ежу на пажыўных рэчывах,  вітамінах. Як наладжана сістэма  харчавання ў Багушэўскай сярэдняй школе №2, расказвае адказная за харчаванне Святлана Казлова:

— У нашай школе працуе «Служба здароўя», куды ўваходзяць настаўнікі, медыцынскія работнікі. Яны расказваюць вучням наколькі важна правільна харчавацца.

У мэтах кантролю над якасцю прыгатавання ежы ва ўстанове адукацыі створана бракеражная камісія. Штодзённа яе прадстаўнікі за 30 хвілін да таго, як ежа трапіць на стол дзецям, здымаюць пробу. Апроч таго, Савет па харчаванні на пастаянным кантролі трымае тэхналогію прыгатавання страў, выкананне меню, асваенне грашовых сродкаў, своечасовасць правядзення рамонту памяшканняў і тэхналагічнага абсталявання.

— Як вядома частка школьнікаў набывае абеды за бацькоўскія грошы, частка — за бюджэтныя. Якая катэгорыя вучняў харчуецца з выкарыстаннем дзяржаўнай датацыі?

— У школе вучыцца 196 вучняў. З іх бясплатна харчуюцца 103: 89 дзяцей з пачатковых класаў і тыя, хто прыязджае на вучобу з вёсак, 24 вучні з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў. Апошнія ў залежнасці ад часу знаходжання ў школе атрымліваюць двух- або трохразовае харчаванне.

Гарачыя абеды за кошт бацькоўскай платы атрымліваюць прыкладна каля 50 вучняў. Ёсць школьнікі, якія абмяжоўваюцца падтрымліваючымі абедамі — булачкай з гарбатай.

Ежу дзецям гатуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты: повар пятага разраду Жана Казлова, якая мае працоўны стаж 30 гадоў, і кухонны работнік Анжэла Казлова. Жанчына аддала гэтай справе 25 гадоў.

— Знізіць кошт харчавання ў школьнай сталовай вам удаецца дзякуючы прадукцыі, вырашчанай на прышкольным участку. Колькі было нарыхтавана ў мінулым годзе агародніны?

— Мы вырошчваем практычна ўсю агародніну, за выключэннем бульбы. Яе пастаўляе ААТ «Бяленева». Летась нам спатрэбілася 2 т «другога хлеба». Капусты было нарыхтавана 0,5 т, морквы — 250 кг, буракоў — 250 кг.

Дзеці добра разумеюць, што ад вырашчанага ўраджаю залежыць плата іх бацькоў за абеды, таму з ахвотай працуюць на пры­школьным участку.

— Ці абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база харчблока сталовай?

— Абнаўляецца ў залежнасці ад наяўнасці сродкаў. Харчблок складаецца з цэхаў па перапрацоўцы мяса і рыбы, агародніны і гарачага цэха (кухні). Тут ёсць неабходнае тэхналагічнае абсталяванне.

У мінулым годзе з дапамогай Сенненскага райспажыўтаварыства школа набыла каструлі з нержавеючай сталі, стаканы, талеркі для першых і другіх страў, піражковыя талеркі. Летам сваімі сіламі правялі касметычны рамонт харчблока і буфета. За свае сродкі набылі дазатары з вадкім мылам.

Надаецца ўвага і эстэтычнаму афармленню абедзеных сталоў. На кож­ным з іх стаяць хлебні­цы, касетніцы са сталовымі прыналежнасцямі, сурвэткі з беларускім арнаментам. Дарэчы, па нашай просьбе іх пашылі навучэнцы Сенненскай школы-інтэрната.

— Ці ўлічваюцца пажаданні дзяцей і бацькоў па арганізацыі харчавання, складу меню?

— Безумоўна. На працягу года мы некалькі разоў робім апытанні школьнікаў і іх бацькоў, у ходзе якіх і высвятляем, падабаецца ім ці не арганізацыя абедаў у школе. На бацькоўскіх сходах таксама абмяркоўваем некаторыя аспекты харчавання дзяцей.

Меню мы не складаем. Гэта робяць спецыялісты Сенненскага райспажыўтаварыства, узгадняючы з санстанцыяй. Аднак па нашай просьбе яны могуць замяніць адну страву на другую. Так, напрыклад, з нядаўняга часу ў меню быў уведзены рысавы плоў.

— Дзякуй за размову.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *