“Чужеродной и вредоносной” расліне — бой!

Крыху больш за 20 гадоў таму сродкі масавай інфармацыі стракацілі тэкстамі з загалоўкамі, у якіх на ўсе лады прапагандаваўся бар­шчэў­нік Сасноўскага як вель­мі прадуктыўная і каштоўная кармавая культура. І нягледзячы на кансерватызм нашых людзей (у першую чаргу, спецыялістаў), якія з асцярожнасцю ўс­прымалі ўсё новае, бар­шчэў­нік атрымаў даволі шырокую прапіску. Калі ж спахапіліся, што ад гэтай «культуры» больш шкоды, чым карысці, ён запаланіў многія сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Цяпер у тых жа СМІ таксама нямала публікацый пра баршчэў­нік, толькі змест іх зусім іншы: каравул! — ядавітая расліна наступае!  Як змагацца з паразітам?

 Прадстаўнік сямейства парасонавых, баршчэўнік не рэдкасць і ў нашым  раёне. Галоўная яго загана — апекі скуры чалавека. Наколькі ён распаўсюдзіўся і як з ім вядзецца барацьба, мы папрасілі расказаць начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Э.І.Зелентава:

 — Самыя вялікія арэолы распаўсюджвання гэтай «культуры», — кажа Эдуард Іванавіч Зелентаў, — маюць ААТ «Сенненскі райаграсервіс» і камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Полымя». Усяго ў раёне выяўлены 21 ачаг: каля вёскі Галоўск, у самім населеным пункце і вакол яго. У тым ліку баршчэўнік перайшоў ужо ў палі севазвароту (побач з былой фермай, чэкі балота), дзе на славу расце і вымахаў вышынёй каля чатырох метраў. Глеба тут урадлівая, таму і расце на лес гледзячы. Праўда, Мікалай Аляксеевіч Курс, намеснік дырэктара ААТ «Сенненскі райаграсер­віс», абяцаў заараць і пасеяць азімыя. Гэта значыць, што ворывам бар­шчэў­нік будзе знішчаны. Атая работа, якая праводзілася летам, — скошванне, ломка бульдозерамі — эфекту не дала. Стаяў — прымялі. Але ж засталася каранёвая сістэма, а галоўнае, як сцвярджаюць вучоныя, запас насення, якога хопіць на 12 гадоў.

 Самыя эфектыўныя метады барацьбы з «культурай» — пераворванне, вытоптванне жывёлай вясной, у пачатковай стадыі развіцця.

 У гэтым годзе ў КУСГП «Полымя»  паспрабавалі хімічны спосаб барацьбы. Вынікі добрыя, але  пасля ядахімікатаў таксама трэба весці апрацоўку зямлі.

 Налета маем намер з фонду аховы прыроды выдзе­ліць некаторую яго частку на закупку ядаў. Задавальненне не з танных. Таму  прыменім іх там, дзе нельга выкарыстаць механічныя сродкі барацьбы.

 Тое, што рабілася летам у КУСГП «Полымя» па барацьбе з баршчэўнікам, можна толькі назваць патугамі, а не мэтанакіраванай работай. Касілі, нават карчавалі сад. Аднак каб тут перакрыжавана перааралі, то «паразіт» застаўся   б ля ствалоў, дзе, падкасіўшы тры-чатыры разы за сезон, можна было б  забяспечыць значна большы эфект. Але касіць трэба, калі ён у калена, а не ў рост чалавека.

 З прыходам на пасаду старшыні Беліцкага сельсавета М.І.Данілава работа актывізавалася. Тут першымі ў раёне прымянілі ядахімікаты, сёе-тое касілі, напрыклад, ля вёскі Маргойцы. Але праблематычнымі застаюцца сад і тэрыторыя вакол яго.

 Бяда ў тым, што баршчэў­нік даволі хутка распаўсюджваецца па раёне, а такіх энтузіястаў у барацьбе з ім, як старшыня Нямойтаўскага сельсавета Леанід Анатольевіч Бараноўскі,  на жаль, не прыбаўляецца. У яго на тэрыторыі ёсць адзінкавыя невялічкія ачагі баршчэўніку. Сам ён біёлаг і ведаючы, што гэта такое, у багажніку машыны возіць спецыяльныя нажніцы: едзе, заўважыць расліну і знішчае яе. Пакуль спраўляецца, але ў наступным годзе, па яго словах, ужо сіл не хопіць, бо хуткасць распаўсюджвання значна пераўзыходзіць чалавечыя магчымасці.

 Нямала ядавітай расліннасці ў вёсцы Сінягорскае ў раёне школы, зарасла частка вёскі, меліярацыйных каналаў, кустоўя, прыдарожных палос. Штосьці, безумоўна, рабілася, але ў кіраўніцтва СВК вялікага жадання займацца гэтай справай няма.

 Магло б аказаць дапамогу і насельніцтва. Аднак яго ж трэба камусьці з’агітаваць. Баршчэўнік лічыцца двухгадовай раслінай. Скасіўшы за лета два-тры разы, можна было б пазбавіцца ад яго.

 Ля возера Тухінскае асабіста я сам выкарыстоўваў і такі метад барацьбы з баршчэўнікам, як знішчэнне  кропкі росту. На глыбіні 5-10 сантыметраў у зямлі расліна мае клубень. Калі яго нават звычайнай рыдлёўкай разрэзаць на некалькі частак, то расліна прападае, спыняе свой рост. За два гады такім вось няхітрым спосабам знішчыў, не мераўшы, квадратаў трыццаць-сорак пякучага пустазелля.

 Барацьба з баршчэўнікам — работа не аднаго дня. Асабліва яго многа ўздоўж дарог. Насенне расліны разносіцца коламі аўтамабіляў: дарога ад Сянно да Полымя, дарога ад вёскі Лук’янава да Галоўска. Пазарасталі канавы, невялічкія кавалачкі зямлі, наступае паразіт і на дзяржаўны лесафонд.

 Некалі баршчэўнік быў і ў вёсцы Обаль каля шматэтажкі. І людзі пісалі скаргі ў раённую інспекцыю: выратуйце! Але потым самі разам са старшынёй сельсавета справіліся з гэтай напасцю. І вось ужо два гады — зацішша.

 Па звестках кіраўнікоў пассельвыканкамаў, у раёне зафіксавана 13,9 гектара баршчэўніку, у тым ліку 11 гектараў скошана. Мы пакуль стрымліваем ачагі распаўсюджвання, але  сказаць, што перамаглі — нельга. Для гэтага патрэбны цэлы комплекс мер, хаця сама пастаноўка пытання і тое, што робіцца па знішчэнні «культуры» гавораць самі за сябе: эфект ёсць, аднак трэба займацца гэтым мэтанакіравана. Бо  пудам насення, якое некалі было завезена ў саўгас «Полымя», засеяна ўжо амаль 14 гектараў.

 У нас яшчэ не самая страшная абстаноўка. Напрыклад, у Талачынскім  раёне гэта «чужеродная и вредоносная» культура, як потым яе ахрысцілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі тады яшчэ БССР, распаўсюдзілася больш як на  ста гектарах, у Мінску і вакол яго — на 90 гектарах. Нямала баршчэўніку ў Віцебскім і Ушацкім раёнах.

 Аднак ужо тое, што грамадства зразумела неабходнасць барацьбы з баршчэўнікам, гаворыць, што гэта навала будзе пераможана.

 Расказ начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Эдуарда Зелентава запісаў

Міхаіл Бялоў.