Гуляй, як Галынчык

IMG_2993Для большасці хлопчыкаў паганяць па полі мяч — звычайная справа, адпачынак. Для Сяргея Галынчыка футбол таксама пачаўся з простага дзіцячага захаплення. А першыя навыкі гэтага віду спорту хлапчук атрымаў ад настаўніка фізкультуры СШ №1 г.Сянно Святаслава Шуцікава.

Быў час, калі Сяргей Галынчык некалькі гадоў выступаў за віцебскую футбольную каманду майстроў «Лакаматыў». Таленавітаму гульцу бачылася добрая спартыўная перспектыва. Адслужыўшы ў арміі, Сяргей ажаніўся. Дом у абласным цэнтры маладая сям’я змяніла на сенненскую прапіску. На малой радзіме футбаліста запрыкмецілі адразу. Сёння Сяргей Галынчык працуе ў Сенненскай СДЮШАР трэнерам па футболе…

Папулярнасць гэтай гульні ў раёне з прыходам Сяргея Алегавіча пачала расці. Іван Казлоўскі, Сяргей Шыдлоўскі, Яўген Кулік, Ягор Раманенка, Юрый Осіпаў, Дзмітрый Абакумаў, Аляксандр Балтовіч — пляяда выхаванцаў трэнера Галынчыка. З кожным годам яна папаўняецца таленавітымі гульцамі. Зараз Артур Шацько, Павел Васілеўскі і яшчэ некалькі хлопцаў падаюць нядрэнныя надзеі. У 1997 годзе сенненскі футбольны клуб «Колас 1 Мая» выйграў чэмпіянат вобласці. У 2007-м ФК «Сянно» заняў 2-ое месца. У мінулым годзе, другі сезон запар, ФК «Будаўнік» уваходзіць у тройку прызёраў чэмпіянату.

Чаго ж не хапае сенненскаму футбольнаму клубу «Будаўнік», каб стаць чэмпіёнам вобласці?

— Несбалансаванасць саставу, — упэўнены галоўны трэнер каманды. — Уся работа вядзецца на добраахвотных пачатках. Канешне, падтрымка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, як і спонсараў, ёсць. Але часта здараецца, што нашы гульцы  заняты на сваёй асноўнай працы ці па сямейных абставінах не могуць патрапіць на спаборніцтвы. Прыходзіцца гуляць не ў поўным складзе, ці, увогуле, пераносіць сустрэчу.

А яшчэ на перспектыву, па словах Сяргея Алегавіча, трэба павышаць узровень майстэрства. Выкладвацца ў поўную сілу на трэніроўках — патрабуе ён ад сваіх выхаванцаў. Займаецца Сяргей Галынчык з дзвюма групамі дзяцей, што ходзяць у Сенненскую СДЮШАР. Трэніруецца ў бацькі і сын Стас.

Жыццё правінцыяльнага футбаліста, няхай не на ўзроўні знакамітых Пеле ці Бэкхэма, напоўнена шматлікімі раз’ездамі па спаборніцтвах. Асабліва гарачая пара — лета. Дадаюцца і паездкі на турніры з выхаванцамі спартыўнай школы.

Дома Сяргея Галынчыка заўсёды чакае  жонка Юлія. Але і ў час адпачынку Сяргей Алегавіч не расстаецца з любімым відам спорту. У іх сям’і ўжо некалькі гадоў існуе добрая традыцыя летам адпачываць у Адэсе, непадалёк ад якой (у сяле Навасёлаўка) праходзіць міжнародны турнір па футболе, прымеркаваны да Дня Незалежнасці Украіны.

З захапленняў аддае перавагу рыбалцы. І з працай на зямлі сям’я Галынчыкаў на «ты» — ёсць невялікая дача.

Усё жыццё Сяргей Алегавіч «хварэе» за расі­йскую футбольную каманду ЦСКА. Аднак ніколі заядлым фанатам не быў. Цікавіцца больш футбольнай статыстыкай, тэхнікай і стылем гульні.

Час ідзе, а з ім і гады. Але футбол Сяргей Галынчык ужо ніколі не пакіне. Сёння ён больш выступае ў ветэранскіх турнірах, з тымі, каму за 40. «Трэба даваць шлях маладым,» — упэўнены галоўны трэнер ФК «Будаўнік», у які ўваходзяць лепшыя футбалісты Сенненшчыны.

Ірына ГАРБАЧОВА.