Свой “Свет захапленняў” у Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі прадставіла майстрыха з Обалі Вера Берашэвіч

18-02-2014 034Вышыўка, макрамэ, вязанне спіцамі і кручком, бісерапляценне, аплікацыя з саломкі, паперапластыка… Цяжка падлічыць, колькі відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці асвоіла гэта жанчына. Здаецца, любая справа падуладная яе залатым рукам. Вера Адамаўна кажа, што большасці рамёстваў яе навучыла маці. У сям’і было пяцёра дзяцей. Таму без працы сядзець не выпадала. Ну а для дзяўчыны ўменне шыць-вязаць  — добрая падмога ў будучым дарослым жыцці. Матчыну навуку яна не забыла і калі ўслед за мужам перабралася з роднай Гомель­шчыны на Сенненскую зямлю. Наадварот, у дэфіцытныя 80-90 гг. яе дачка і двое сыноў красаваліся ў прыгожых матуліных уборах. А інтэр’е­ры дома і сельскага клуба, загадчыцай якога Вера Адамаўна рупіцца вось ужо 30 гадоў, заўсёды вылучаліся яе адметнымі работамі.

З цягам часу скарбонка захапленняў толькі папаўнялася. Два гады назад Вера Берашэвіч захапілася бісерапляценнем. Прызнаецца, што дома ляжыць некалькі кілаграмаў малюсенькіх рознакаляровых пацерачак. Да ночы яна можа карпатліва нанізваць іх на аснову, ператвараючы ў шыкоўны бісерны букет. У планах жа майстрыхі асвоіць лозапляценне. Як на ўсё хапае часу? На гэта пытанне ў Веры Адамаўны адзін адказ: «Душа патрабуе творчасці!». З падачы Веры Берашэвіч пры обальскай установе культуры дзейнічае клуб кветкаводаў. А яшчэ жанчына добра спявае. Любоў да песні таксама перадалася ад маці. Зараз Вера Адамаўна навучае рукадзеллю любую ўнучачку Лерачку. Дзяўчынка з захапленнем дапамагае бабулі: спрытна нанізвае бісер, асвойвае вышыўку і… не можа жыць без сцэны. У канцэртах, што арганізоўвае клуб-бібліятэка, Лера — заўзятая ўдзельніца. Вось і падчас прэзентацыі выставы яна павіншавала бабулю вершам і добрай песняй. «Віноўніца» ўрачыстасці таксама парадавала гасцей выставы песнямі.

Летась у час «Этнаграфічнага марафону», што праводзіўся ў Сенненскім музеі ў рамках міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», ва ўрачыстай абстаноўцы  Веру Берашэвіч прынялі ў клуб народных майстроў «Натхненне». А сёлета па ініцыятыве музейшчыкаў адкрылася першая персанальная выстава майстрыхі. Падтрымаць Веру Адамаўну на прэзентацыю прыйшлі яе калегі з міні-праекта «Родник» Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Дома рамёстваў і клуба «Натхненне», родныя, і сябры.

Выстава будзе працаваць да 10 сакавіка. Арганізатары запрашаюць жыхароў і гасцей райцэнтра наведаць яе, каб атрымаць пазітыўныя эмоцыі і вясновы настрой. Між іншым, экспазіцыя будзе папаўняцца новымі работамі Веры Берашэвіч.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.