10 участников войны в Афганистане награждены Благодарственными письмами Сенненского районного исполнительного комитета

IMG_5294На Сенненшчыне жыве 60 чалавек, якія прымалі ўдзел у афганскай вайне, некалькі ўдзельнікаў ваенных канфліктаў на тэрыторыі іншых краін. Гэта ў іх гонар, у гонар усіх, хто не вярнуўся з тых неаб’яўленых войнаў, у Сянне, у парку Трох герояў,  устаноўлены бронетранспарцёр.

Менавіта тут напярэдадні 25-й гадавіны з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана сабраліся воіны-інтэрнацыяналісты, іх родныя і сябры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, уладных структур. Да пры­сутных на мітынгу звярну­ліся камісар раённага ваеннага камісарыята, падпалкоўнік Сяргей Пінчук, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Сяргей Акулёнак, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца. У памяць аб усіх, хто не вярнуўся з вайны, каго не стала пазней, была аб’яўлена хвіліна маўчання.

Пасля непрацяглага мітынгу «афганцаў» запрасілі ў актавую залу дзіцячай школы мастацтваў. Відэаматэрыял, у якім былі ўключаны кадры з дакументальных і мастацкіх фільмаў, прысвечаных па­дзеям больш чым дваццаці пяці гадовай даўнасці, не пакінуў нікога раўнадушным. На экране адзін за адным з’яўляліся фотаздымкі сенненцаў, якія не вярнуліся з вайны.

Ці ведалі, ці разумелі яны і тыя, хто сядзеў у зале, дзеля чаго ваявалі? Мабыць, не. Але хлопцы ўсведамлялі, што ў чужой краіне яны выконваюць свой воінскі абавязак.

Некаторыя абставіны ўводу савецкіх войскаў у Афганістан нагадаў ваенны камісар раёна Сяргей Пінчук. Да воінаў-інтэрнацыяналістаў звярнулася Ганна Якаўлева, намеснік старшыні райвыканкама. Яна ўручыла падзячныя пісьмы райвыканкама 10 удзельнікам афганскай вайны. Слова меў воін-афганец Карым Хасанаў. Звяртаючыся да былых салдат, ён пажадаў усім добрага здароўя, аптымізму, кахання, нагадаўшы, што сход адбываецца ў дзень закаханых.

У гонар воінаў быў дадзены канцэрт, удзел у якім прынялі лепшыя калектывы мастацкай сама­дзейнасці раёна і выканаўцы папулярных песень.