Калі чужыя людзі становяцца роднымі

IMG_5095У Сенненскім раёне паслугамі сацыяльных работнікаў карыстаюцца 487 чалавек, ім дапамагаюць 92 супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Каб паглядзець, як праходзяць іх будні, карэспандэнт «Голасу Сенненшчыны» правяла адзін дзень з  Нінай Пракаповіч.

На працу за некалькі кіламетраў

Ніна Анатольеўна сацыяльным работнікам працуе ўжо трынаццаць гадоў. За гэты час яе падапечнымі былі адзінокія пенсіянеры, інваліды, хворыя, а часам зусім бездапаможныя людзі.

Зараз жанчына аб­слугоўвае жыхароў вёсак Цыганкі, Бярозкі, Бор, Пальчыкі, Новае Сяло, Сі­ня­горcкае. Да дваіх людзей наведваецца два разы на тыдзень, да астатніх — тройчы. Кожны дзень, апроч суботы і нядзелі, на веласіпе­дзе, пераадольваючы дзясяткі кіламетраў, яна дабіраецца да сваіх падапечных.

Самы напружаны дзень — аўторак. Ніна Анатольеўна не толькі дапамагае па хатніх справах, але і прыносіць свежыя прадукты, што ў гэты дзень завозяцца ў магазіны. Хлеб на прылаўку з’яўляецца каля адзінаццаці гадзін, малако могуць даставіць і пасля абеду. Сумка ў аўторак поўная як ніколі — толькі адной «малочкі» больш за дванаццаць літраў. З працы ў гэты дзень вяртаецца пасля 17.00.

Сацыяльнага работніка чакаюць

IMG_5107   З гераіняй нашай публікацыі мы сустрэліся ля яе дома ў в.Новае Сяло Студзёнкаўскага сельсавета. У гэты дзень трэба было наведаць дваіх адзінокапражываючых і адну сям’ю. Дабіраліся на рэдакцыйнай машыне, чым дапамаглі сацыяльнаму работніку хутчэй справіцца са сваімі абавязкамі.

Шэсць кіламетраў да в. Бярозкі на веласіпедзе Ніна Анатольеўна пераадольвае за 40 хвілін, на машыне мы даехалі ўсяго за 15.

Першай, да каго завіталі, стала Ніна Бярозка.  Жанчына жыве адна. Дзеці наведваюцца толькі па выхадных. Менавіта яны, калі ў маці пачаліся праблемы з сэрцам, звярнуліся за дапамогай у сацыяльную службу. Павітаўшыся, сацработнік перш за ўсё спытала пра здароўе, ціск. За шэсць гадоў знаёмства Ніна Анатольеўна і жанчына сталі добрымі сяброўкамі.

— Адпачні, паразмаўляй са мной, — папрасіла бабуля, убачыўшы, што сацработнік справілася: нанасіла дроў, вады, прыбрала на верандзе.

У шчырых словах адчуваецца павага. Слухаючы іх гутарку, само сабой прыходзіць разуменне, што сацыяльны работнік — гэта не толькі дапамога ў што­дзённых клопатах, а псіхалагічная аддушына для адзі­нокіх старых людзей.

Запоўніўшы дзённік візітаў, куды Ніна Пракаповіч занатоўвае пералік зробленых работ, мы адправіліся далей па маршруце.

Да Ганны Гарнак з в.Цыганкі ледзь дастукаліся. Бабулі — пад восем­дзесят. Пасля перанесенай аперацыі на вачах, практычна страціла зрок. Дачка жыве ў Сянне, угаворвае маці перабрацца да яе, але заўсёды чуе адно і тое ж: «За сваёй смерцю ў райцэнтр не паеду». Ганне Сцяпанаўне дапамагае сястра, не кідаюць унукі. Шкадуе яе і Ніна Анатольеўна. Клапоціцца як аб родным чалавеку. Нават суправа­джала ў Віцебск на аперацыю.

Як толькі зайшла ў хату, дапамагла старой жанчыне абуцца, адзецца, прыбрала ложак. «Ніначку чакаем кожны аўторак і чацвер, — гаворыць Ганна Сцяпанаўна. — Хуткая яна ў нас. Усё зробіць, што ні папросім, — вокны вымые, у пакоях прыбярэ».

На гэты раз сацработнік нанасіла дроў, прынесла свежай вады. Пасля склала спіс прадуктаў, якія трэба набыць у магазіне. Паабяцаўшы вярнуцца праз колькі часу, мы рушылі далей.

З нецярпеннем чакала нас сям’я Скакун — Ала Данілаўна і Фёдар Яфімавіч. Гэты дзень для іх быў асаблівым, бо Ніна Анатольеўна прынесла асвечаную ваду са Свята-Мікалаеўскай царквы. Муж і жонка жывуць адны. Ні дзяцей, ні ўнукаў няма. Самым блізкім для іх чалавекам стала сацработнік. Таму і звярнуліся з такой просьбай да яе, бо былі ўпэўнены, што не адмовіць.

«На аднаго падапечнага мы павінны затрачваць дзве гадзіны. Сюды ўваходзяць час на дарогу, паход у магазін і хатнія клопаты. Аднак на гадзіннік ніколі не гляджу, бо людзі часта просяць пасядзець крыху, пагаварыць, — дзялілася тонкасцямі прафесіі сацработніка мая суразмоўца.

— Я да вас і заўтра прыйду, — нагадвае Ніна Анатольеўна. — Вы падумайце, чым будзем займацца. Можа падлогу вымыць трэба?

— Не ўжо, дачушка, гэту справу хачу зрабіць сама, — праводзячы нас, адказала Ала Данілаўна.

IMG_5099   Напрыканцы завіталі ў магазін. Набыццё тавараў — строга па спісе. Каб знайсці на прылаўку ўсё неабходнае, спатрэбілася некалькі хвілін. Сумка сацработніка аказалася не надта цяжкай — важыла каля чатырох кілаграмаў. Было ў ёй усяго нічога: пакет малака, кавалак каўбасы, цукеркі, кава, крупы, пячэнне.

Працу Ніна Анатольеўна ў гэты дзень скончыла пасля таго, як былі разнесены прадукты харчавання. Дамоў яна прыехала ў 13.00.

Напрыканцы

У сацыяльныя работнікі жанчына пайшла ад безвыходнасці. Адразу, канешне, было складана прывыкнуць да асаблівасцей працы. Аднак праз колькі часу, спадабалася. А потым заўважыла, што прывыкла і па-іншаму жыць ужо не зможа, ды і не хоча.

Работа жанчыны скла­даная не толькі ў фізічным плане, але і ў псіхалагічным. Усіх трэба выслухаць, да кожнага знайсці індывідуальны падыход, бо людзі трапляюцца розныя. Але Ніна Анатольеўна ніколі ні на кога не злуецца і не крыўдзіцца. Наадварот, імкнецца зразумець, падтрымаць добрым словам.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.