«АРЫЕНЦІР» МАШЧОНСКАЙ ШКОЛЫ

P1200619На працягу многіх гадоў вучні Машчонскай школы паспяхова выступаюць як на раённых спартыўных спаборніцтвах, так і абласных, рэспубліканскіх. Больш таго, нярэдка паказваюць лепшыя вынікі, чым выхаванцы школ алімпійскага рэзерву. У чым жа сакрэт іх спартыўных поспехаў?

— З дзяцьмі трэба працаваць, — упэўнены дырэктар школы, настаўнік фізкультуры Віктар Кучынскі. — На працягу ўрока настаўніку трэба выкладвацца самому, настойліва займацца з вучнямі і ў пазаўрочны час. Асноўнае — прывабіць, зацікавіць, максімальна раскрыць іх магчымасці…

         Віктар Кучынскі — фанат фізкультуры

Ён з дзяцінства гуляў у футбол і хакей. Займаўся лыжным спортам у спартыўнай школе. Да сённяшняга дня памятае і ўдзячны сваім першым трэнерам — Аляксандру Сямёнавічу Хаменку і Міхаілу Сцяпанавічу Мурашэвічу, якія прывілі любоў да спорту. У далёкім 1979 годзе выпускніку сенненскай першай школы Віктару Кучынскаму паступіць на факультэт фізічнага выхавання ў Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М.Кірава не склала ніякіх цяжкасцей. Пасля  заканчэння ВНУ атрымлівае размеркаванне ў Машчонскую школу.

Да Кучынскага настаўнікі фізкультуры ў школе мяняліся бы пальчаткі. Як вынік, адносіны да прадмета ў дзяцей пакідалі жадаць лепшага. Таму фізкультуру трэба было «падымаць з самага нізу».

З набыцця спортінвентару малады фізрук і пачаў. Выдаткаваў на яго грашовыя сродкі старшыня тагачаснага калгаса імя Суворава Аляксандр Міклашэўскі. Да спартыўнага жыцця Віктар Паўлавіч прыцягваў усіх вясковых людзей. Па вечарах у школьную спартыўную залу прыходзілі дзеці, спецыялісты калгаса, жыхары бліжэйшых населеных пунктаў. У хуткім часе калгасная каманда па футболе ў чэмпіянаце вобласці сярод сельскіх прадпрыемстваў стала першай, рэспублікі — заняла 3 месца. Добрыя вынікі паказвалі і выхаванцы школы…

Па ініцыятыве Кучынскага дзеці сталі карпатлі­ва займацца скачкамі праз скакалку. У выніку вучаніцу школы Вольгу Юрэвіч (сёння — інструктар па фітнэсе Вольга Вераценнікава) запрасілі выступіць на тэлеперадачы «Асілак». А ў рэспубліканскіх спаборніцтвах «Залатая скакалка» вучні Машчонскай школы неаднаразова займалі прызавыя месцы.

Сёння на калідорах школы стаяць тэнісныя сталы. На перапынках вучні з задавальненнем гуляюць у настольны тэніс. У школе працуе  секцыя біятлону, у якую ўваходзяць каля 20 вучняў. Займаецца з юнымі спартсменамі трэнер Сенненскай СДЮШАР Аляксандр Окунь.

Па кожным відзе спорту, няхай гэта футбол ці лёгкая атлетыка, трэніроўкі Віктар Кучынскі праводзіць дасканала. Быў час, калі арганізоўваў паездкі для вучняў у басейн у горадзе Віцебск. Але найбольшую ўвагу Віктар Паўлавіч надае валейболу.

— Гэта толькі здаецца, што ў валейболе патрэбна валодаць чатырма элементамі: падачай, прыёмам мяча, нападаючым ударам, блакіраваннем, — упэўнены вопытны настаўнік. — Але без добрага перамяшчэння на пляцоўцы, падыходу да мяча, яго перадачы валейбол немагчымы.

Валейбольныя каманды машчонскіх хлопчыкаў і дзяўчынак аб’ездзілі шмат гарадоў краіны, дзе спаборнічалі на ўзроўні СДЮШАР. Суддзяў, трэнераў уражвала падрыхтоўка выхаванцаў вясковай школы. Дзівіліся эстэтычнаму выгляду спартсменаў.

На спаборніцтвах Віктар Кучынскі заўсёды за справядлівасць, не баіц­ца адстойваць спрэчныя пытанні. А сам кажа, што да фізкультуры адносіцца фанатычна.

         Школа аб’ядноўвае

У 90-х гадах у Машчон­скай школе — першай у раёне — з’явілася трэнажорная зала. Дапамог зноў калгас, у прыватнасці, Віктар Цапота, які тады ўзначальваў партарганізацыю. Сёння зала — адна з лепшых у раёне. У школу часта прыязджаюць трэніравацца працаўнікі раённых арганізацый.

Машчонская школа — адзіная ўстанова адукацыі на Сенненшчыне, дзе ёсць каток. Здзейсніць даўнюю мару Віктара Паўлавіча дапамаглі меліяратары Сенненскай ПМС, якія падрыхтавалі месца для катка. Увечары ён асвятляецца, гучыць музыка. Пакатацца прыходзяць  не толькі жыхары Машчон і Белай Ліпы, прыязджаюць і з Сянна, Машканоў. Першапачаткова было 4 пары канькоў. Аднак, дзякуючы спонсарам, зараз школа іх мае ў некалькі разоў больш.

Дарэчы, сярод спонсараў шмат удзячных выпускнікоў Машчонскай школы. Прыязджаюць на вечары сустрэч і нават тыя, хто закончыў школу 40 і 50 гадоў назад. Дораць каштоўныя падарункі.

Сцены школы ўпрыгожаны стэндамі з фотаздымкамі са шматлікіх спаборніцтваў розных гадоў, дыпломамі, граматамі Упраўлення, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь за лепшую пастаноўку масавай фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы сярод аграгарадкоў і інш.

         Поплеч

Вось ужо тры дзясяткі гадоў Віктар Паўлавіч, 15 з якіх знаходзячыся на пасадзе дырэктара школы,  кожны панядзелак, сераду і пятніцу пасля працоўнага дня, прыходзіць у спартыўную залу, каб дадаткова займацца з дзецьмі. Поплеч — жонка Алена Іванаўна. Жыхарка Віцебска, адпрацаваўшы год у Полацкім раёне, выйшла замуж за аднагрупніка Кучынскага і пераехала ў вёску Машчоны. Кучынскія заўсёды разам і на працы, і дома. Іх сын Яўген вучыцца на перакладчыка ў лінгвістычным універсітэце, працягвае займацца валейболам, настольным тэнісам.

Дырэктар і настаўнік фізкультуры Машчонскай школы Віктар Кучынскі памятае усе раённыя, занальныя, абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, у якіх удзе­ль­нічалі вучні Машчонскай школы, усіх сваіх прызёраў і пераможцаў. Многія з іх пайшлі па слядах любімага настаўніка, які стаў для іх арыенцірам у жыцці, вучацца і закончылі прэстыжныя ВНУ. За што кажуць вялікі дзякуй.

Ірына ГАРБАЧОВА.

 НА ЗДЫМКУ: В.П.Кучынскі са сваёй другой палавінкай.

Фота аўтара.