Ружанскі «Версаль»

belПружанскі раён Брэсцкай вобласці найбольш вядомы  Ружанскім палацам, што належаў знакамітаму роду Сапегаў. Палацавы комплекс — адзін з  унікальных куточкаў Беларусі, уяўляе найбольшую цікавасць для турыстаў.

Гісторыя Ружанскага палаца пачалася ў пачатку XVII стагоддзя. Тут будаўніцтва сваёй рэзідэнцыі распачаў Леў Сапега, канцлер Вялікага княства Літоўскага і адзін з аўтараў унікальнага зводу законаў — Статута ВКЛ.
Палац першапачаткова будаваўся як непрыступная крэпасць, уяўляў з сябе двухпавярховы будынак, умацаваны трыма вежамі. Цэнтральная частка замка складалася з вялікага вестыбюля з двухбаковай лесвіцай і залы. У бакавых частках знаходзіліся жылыя пакоі, кабінеты, бібліятэка. Пад замкам размяшчаліся вялікія склепы, дзе захоўвалася зброя, запасы харчу, дзяржаўныя дакументы, казна ВКЛ і архіў роду.
Леў Сапега зрабіў Ружаны цэнтрам палітычнага жыцця Вялікага княства Літоўскага. Тут вырашаліся дзяржаўныя справы, якія тычыліся не толькі ВКЛ, але і іншых краін. Гэта быў час росквіту Ружан.
Пасля смерці Льва Сапегі Ружаны дасталіся яго старэйшаму сыну Яну Станіславу.
У другой палове XVII стагоддзя палац быў разрабаваны і паўразбураны. Прычынай спусташэння сталі міжусобіцы мясцовай шляхты і Паўночная вайна.
Новы ўладальнік Ружанаў, канцлер Аляксандр Сапега перабудаваў комплекс і зрабіў гэта так паспяхова, што Ружанскі палац сталі параўноўваць з французскім Версалем. Перабудаваць паўразбураны замак у вытанчаны палац, які спалучаў два архітэктурныя стылі — барока і класіцызм,  было загадана прыдворнаму архітэктару Сапегаў Яну Самуэлю Бекеру. Масіўныя вежы разабралі, а да галоўнага фасада прыбудавалі порцік са здвоенымі калонамі і вуглавымі пілястрамі. Завяршалася ўсё гэта высокім трохкутным франтонам з ляпным дэкорам. Ад галоўнага корпуса адыходзілі паўцыркульныя аркі, якія злучалі яго з бакавымі корпусамі і ўязной брамай.
Асобнай увагі заслугоўвалі бакавыя корпусы ансамбля. Усходні быў раздзелены на дзве часткі — тэатр і манеж. Тэатр у Ружанах на той час лічыўся па праве адным з лепшых у Еўропе. Сцэна была спраектаваная так, што дазваляла тройчы за спектакль цалкам мяняць дэкарацыі. Глядзельная зала была двух’яруснай. Уваходзіў у дварцовы комплекс і парк з каналамі і вадаёмамі, галоўнай зоркай якога з’яўляўся звярынец.
Залаты век Ружанскага палаца быў нядоўгім. Пасля паўстання (1830-1831 гг.) яго канфіскавалі і аддалі ў арэнду. Тут размясцілі ткацкую майстэрню, якая існавала больш за 100 гадоў. У гады першай сусветнай вайны палацавы комплекс зноў разбурылі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны палац канчаткова ператварыўся ў руіны.
Толькі ў 2008 годзе  пачалася яго маштабная рэстаўрацыя. Сёння ўжо цалкам адноўлена ўязная брама і два бакавых флігелі.
Ружанскі замак часткова даступны для турыстаў.
Ва ўсходнім флігелі працуе музей «Палацавы комплекс Сапегаў», дзе змешчаны аўтэнтычныя прадметы і элементы інтэр’еру.
Паводле дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі», у 2013-2018 гадах будзе праведзена рэстаўрацыя ўсходняга (Тэатральнага) корпуса. У комплексе плануюць адкрыць гасцінічныя нумары, рэстаран, конны манеж.
З 2011 года на тэрыторыі палаца Сапегаў праходзіць штогадовае свята «Ружанская брама». Яго госці могуць пазнаёміцца з мінулым рэзідэнцыі, убачыць выступленні артыстаў, пабываць на кірмашы народных майстроў.

Падрыхтавала
 Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *