Радавацца жыццю наперакор лёсу
Даша Мезаўцова (на здымку), наведвальніца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Сенненскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, заняла другое месца ў конкурсе «Сонечны свет для ўсіх-2013», які быў арганізаваны ў рамках абласнога арт-праекта «Здраўнеўскія палотны» для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прызавым месцам журы адзначыла яе пано «Саламяныя кветкі».
Працаваць з саломкай Даша навучылася пад кіраўніцтвам Валянціны Грыбоўскай, майстрыхі раённага Дома рамёстваў, з якім аддзяленне дзённага знаходжання падтрымлівае цесныя творчыя сувязі.
«Калі мы пазнаёміліся з Дашай, яна ўжо ўмела вышываць. Гэтаму занятку яе навучыла маці, а старэйшы брат ствараў для будучых вышывак Дашы рысункі», — расказвае загадчыца аддзялення Алена Атрошкіна.
У гуртку дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кіруе якім Кацярына Барсукова, Даша навучылася маляваць па шкле, пад кіраўніцтвам Вольгі Нікалаевай у тэатральным гуртку — спяваць.
Нягледзячы на тое, што лёс не быў да яе прыхільным, дзяўчына ўмее радавацца жыццю і дарыць радасць іншым. Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання.
Таццяна Буракова.
Фота аўтара.