Не дапусціць рэцыдываў

№20На тэрыторыі Багданаўскага сельсавета пражывае 48 чалавек, схільных да злоўжывання алкагольнымі напоямі і здзяйснення правапарушэнняў, з іх 5 — абавязаныя асобы, якія пакрываюць расходы дзяржавы за выхаванне сваіх непаўналетніх дзяцей, 8 — непрацуючыя, 3 — з сямей, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Гэтыя людзі на асобным кантролі савета грамадскага пункта аховы правапарадку (СГПАП).

Нядаўна прайшло пасяджэнне Багданаўскага сельскага выканаўчага камітэта, на якім абмяркоўвалася работа грамадскага пункта аховы парадку па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў на тэрыторыі сельсавета. На пасяджэнні прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна.
Віктар Мурашкевіч, старшыня сельвыканкама, расказаў, як наладжана праца СГПАП. Членамі савета створаны і рэгулярна абнаўляецца банк даных асоб, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку. Практыкуецца наведванне грамадзян, схільных да процівапраўных дзеянняў, адзінокіх і адзінокапражываючых пажылых людзей.  Летась праведзены чатыры рэйдавыя мерапрыемствы, у выніку якіх выяўлены парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, у некаторых гаспадароў зафіксаваны антысанітарны стан жылля, а таксама была канфіскавана і знішчана брага.
На пасяджэнні станоўча адзначана праца добраахвотнай дружыны  сельвыканкама, якую ўзначальвае Зоя Агеева. Згодна з распрацаваным графікам члены дружыны рэгулярна ўдзельнічаюць у дзяжурствах разам з настаўніцка-бацькоўскім патрулём у час правядзення школьных  мерапрыемстваў, дыскатэк.
Аднак, на думку старшыні сельвыканкама, рэзультатыўнасць працы савета ГПАП недастатковая. Некаторыя людзі, з якімі раней праводзілася прафілактычная работа і была аказана дапамога ў вырашэнні жыццёвых праблем, зноў станавіліся на шлях парушэння закону. Віктар Мурашкевіч звярнуў увагу на тое, што некаторыя суб’екты гаспадарання часам фармальна падыходзяць да прафілактычнай работы. Не ўсе правапарушэнні, здзейсненыя іх работнікамі, разглядаюцца на адпаведных камісіях у працоўных калектывах.  Пасяджэнні савета ГПАП праводзяцца выключна па ініцыятыве сельвыканкама. Апроч таго, участковы інспектар, які абслугоўвае тэрыторыю Багданаўскага сельсавета, замацаваны і за Беліцкім. Такая нагрузка адмоўна сказваецца на якасці працы міліцыянера.
На прафілактыку правапарушэнняў варта звяртаць асаблівую ўвагу, прымаць дзейсныя меры ўсім, хто ў адказе, каб правапарушэнняў было як мага менш, падкрэсліла Зоя Фаміна. Грамадскія фарміраванні абавязаны больш цесна працаваць з людзьмі, якія ўжо сталі на шлях парушэння закону, а таксама трымаць на кантролі сем’і, якія апынуліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Яшчэ больш аб тым, як працаваць у далейшым па ўхіленні парушэнняў заканадаўства, гаварыў у сваім выступленні старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Сенненскага РАУС Юрый Абысаў.
Усё гэта знайшло адлюстраванне ў прынятым рашэнні сельвыканкама. У прыватнасці, РАУС штомесячна будзе інфармаваць мясцовую ўладу аб учыненых правапарушэннях на тэрыторыі Багданаўскага сельсавета, а таксама кіраўнікоў працоўных калектываў аб прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, з’яўленне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення падначаленых ім работнікаў для наступнага разгляду і прыняцця адпаведных мер. Міліцыянеры абавязаны  праводзіць прафілактычную работу з асобамі, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
У рашэнні прадугледжаны і іншыя меры па паляпшэнні прафілактыкі правапарушэнняў.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.