Загінуў на Смаленшчыне

70godАляксей Дзмітрыевіч Мацюшоў нарадзіўся 8 сакавіка 1916 года ў вёсцы Оўсішча Беліцкага сельсавета ў сялянскай сям’і. Скончыў сямігодку. Да прызыву ў армію малады чалавек працаваў настаўнікам у Латыгальскай школе.

У 1937 — 39 гадах хлопец знаходзіцца на тэрміновай службе ў Чырвонай Арміі. У 1940-м ён сканчвае Харкаўскае ваеннае вучылішча памежных войскаў НКУС.
На фронце Аляксей Мацюшоў з першых дзён вайны. Ваяваў на пасадах камандзіра ўзвода, ад’ютанта камандзіра 922-га стралковага палка 250-й стралковай дывізіі 31-й Арміі на Заходнім і Калінінскім франтах.
Старшы лейтэнант Мацюшоў прымаў удзел у самых жорсткіх баях пачатковага перыяду вайны: абараняў Смаленск, Маскву, удзельнічаў у Ржэўска-Вяземскай наступальнай аперацыі 1942 года. Быў тройчы паранены.
У кастрычніку 1941-га яму давялося выходзіць з акружэння. Некаторы час Аляксей Мацюшоў нават лічыўся зніклым без вестак.
У баях 26 — 29 снежня 1941 года, дзейнічаючы трое сутак у тыле ворага, натхняў байцоў на подзвігі, вёў у атаку і асабіста знішчыў 10 фашыстаў. Нават будучы параненым, ён не пакінуў поле бою і адмовіўся ад эвакуацыі.
Талковага камандзіра заўважылі і неўзабаве накіравалі на вучобу. У 1942 годзе ён скончыў паскораны курс Ваеннай акадэміі імя М.В.Фрунзе.
Як начальнік штаба 940-га стралковага палка (262-я стралковая дывізія, 43-я армія, Калінінскі фронт) маёр Аляксей Мацюшоў асабліва вызначыўся ў баях за вызваленне Смаленшчыны ў верасні 1943 года.
Так, 18 верасня 262-я стралковая дывізія была ўведзена ў прарыў нямецкай абароны ў раёне вёскі Рабышы Дзямідаўскага раёна Смаленскай вобласці. 940-ы стралковы полк атрымаў загад наступаць у авангардзе дывізіі ў напрамку на горад Дзямідаў. Начальнік штаба палка Аляксей Мацюшоў узначаліў перадавы разведатрад у складзе ўзвода аўтаматчыкаў і двух узводаў 45-міліметровых гармат. Ужо да канца дня байцы атрада зайшлі ў тыл варожага гарнізона ў вёсцы Вераб’і і адрэзалі немцам шлях да адступлення. Не чакаючы падыходу асноўных сіл палка, маёр Мацюшоў асабіста ўзначаліў атаку, у выніку якой моцны пункт нямецкай абароны быў знішчаны.
Такім жа чынам 19 верасня атрадам Мацюшова былі атакаваны варожыя пазіцыі ля населеных пунктаў Георгіўскае і Дзмітракі.
Вынікам баявых дзеянняў сталі захопленыя чатыры варожыя мінамёты, дваццаць сем кулямётаў, васямнаццаць аўтамашын, тры рацыі, сорак вінтовак, знішчана каля дзвюх сотняў гітлераўцаў. У гэтым баі загінуў і сам Аляксей Мацюшоў.
Праз год Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за 4 ліпеня 1944 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Сёння пахаванне ўраджэнца Сенненшчыны знаходзіцца ў расійскім горадзе Дзямідаве Смаленскай вобласці. Адна з яго вуліц носіць імя нашага земляка.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *