Час прыняцця канкрэтных мер

ГСМінулы год для калектыву ААТ «Белая Ліпа» выдаўся не самым удалым. Вытворчасць валавай прадукцыі не дасягнула нават узроўню 2012 года і склала 86,7%. Менавіта таму сёлета на першае пасяджэнне Ходцаўскага сельскага выканаўчага камітэта была вынесена справаздача дырэктара акцыянернага таварыства аб выкананні вытворчых паказчыкаў 2013 года і  ходзе зімоўкі жывёлы.

Сяргей Калеснікаў зараз знаходзіцца ў чарговым працоўным адпачынку. Таму перад членамі выканкама слова трымалі Аляксандр Берастаў, выконваючы абавязкі дырэктара, Мікалай Пальчык, галоўны эканаміст, і Ірына Яроменка, галоўны заатэхнік сельгасарганізацыі.
Толькі па прычыне недабору зерня прамыя страты гаспадаркі летась склалі 1047,4 млн рублёў. Недахоп канцэнтраваных кармоў адмоўна адбіўся на вытворчасці жывёлаводчай прадукцыі. Малака атрымана на 332,3 тоны менш, рэалізавана — на 370,7. А на карову надоена крыху больш як 3 тыс. тон, што таксама менш чым у 2012 годзе. У якія фінансавыя страты выліўся недабор жывёлаводчай прадукцыі па выніках года ніхто з выступаючых на пасяджэнні выканкама не сказаў. Можа не падлічылі, магчыма не хацелі бянтэжыць прысутных. Як заўважыў Леанід Хірэвіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў ААТ «Белая Ліпа» вярнулася на ўзровень 80-х гадоў 20 стагоддзя. Спад вытворчасці працягваецца і ў студзені 2014 года, што абумоўлена як зніжэннем надою на карову, так і змяншэннем пагалоўя дойнага статку. Чаму так адбываецца? Як выпраўляць сітуацыю? Адказаць на гэтыя пытанні спецыялісты сельгасарганізацыі не імкнуліся. Хіба што Мікалай Пальчык указаў на неабходнасць нарошчваць пагалоўе  жывёлы. Але за кошт чаго? Расцёлаў на фермах у гэтыя дні не шмат, купіць маладняк у насельніцтва — няма грошай. Застаецца змяншаць падзёж жывёлы. Тым больш што непрадукцыйнае выбыццё маладняку летась у «Белай Ліпе» было даволі значным — 434 галавы.
Што для гэтага трэба зрабіць агульнавядома: паляпшаць догляд, у першую чаргу маладняку, дакладна выконваць  тэхналагічныя патрабаванні па кармленні. Усё гэта залежыць ад людзей. З імі трэба працаваць, ім трэба тлумачыць, іх трэба вучыць. Тэхналогіі, што прыйшлі на фермы разам з мадэрнізацыяй вытворчасці, новым тэхналагічным абсталяваннем абавязваюць.
Некаторыя зрухі ў гэтым напрамку ў ААТ «Белая Ліпа» зроблены. Сярод жывёлаводаў палепшылася працоўная і тэхналагічная дысцыпліна. Менш стала ручной працы: на ўсіх МТФ дойка вядзецца з выкарыстаннем малакаправода, корм раздаецца з дапамогай кормараздатчыкаў.

Рэканструкцыя жывёлаводчых памяшканняў для ўтрымання маладняку, узвядзенне новых будынкаў (даільнай залы, арачніка) будзе працягвацца сёлета. Іншага шляху для інтэнсіфікацыі вытворчасці, павышэння зарплаты і прывабнасці працы ў сельскай гаспадарцы проста няма.
Для паспяховага завяршэння зімоўкі жывёлы, выканання даведзеных заданняў рацыён кармлення неабходна папоўніць бялком. На жаль, кукурузнага сіласу нарыхтавана недастаткова, фуражнага зерня няма. Камбікорм, шрот, якія завозяцца ў гаспадарку, бяруцца пад будучы ўраджай зерневых культур і рапсу. Таму выдаюцца ў даволі абмежаванай колькасці. Нягледзячы на названыя і неназваныя праблемы згодна з рашэннем Ходцаўскага сельвыканкама дырэкцыя ААТ «Белая Ліпа» абавязана забяспечыць выкананне ўсіх заданняў, даведзеных на 2014 год. Да 10 сакавіка сельгасарганізацыя па вытворчасці малочнай прадукцыі павінна выйсці на ўзровень адпаведнага перыяду 2013 года, малако  рэалізоўваць толькі вышэйшым гатункам і гатункам экстра. Гэтыя і іншыя меры дапамогуць своечасова выплочваць заработную плату, працягваць рэканструкцыю вытворчых памяшканняў і замену тэхналагічнага абсталявання.
З пачатку 2014 года на тэрыторыі Ходцаўскага сельсавета адбылося 2 пажары. У Перакопаве загінула пенсіянерка 1923 года нараджэння, у Карпавічах — мужчына працаздольнага ўзросту. У першым выпадку пажар адбыўся па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, у другім — курэння ў нецвярозым стане ў ложку. Члены аглядавай камісіі сельвыканкама напярэдадні ацяпляльнага сезона пабывалі ў названых домаўладаннях, што  ўсё ж не выратавала ад трагедыі. Таму пасля абмеркавання пытання аб стане супрацьпажарнай бяспекі ў сельсавеце вырашана правесці дадатковыя абследаванні жылля катэгарыраваных грамадзян і асоб, якія злоўжываюць алкаголем. У населеных пунктах пройдуць сходы, дзе з вяскоўцамі абмяркуюць правілы пажарнай бяспекі і прычыны, што прывялі да гібелі людзей. Усе суб’екты прафілактыкі пажараў абавязаны ўзмацніць работу, каб яшчэ раз растлумачыць уласнікам, наймадаўцам і наймальнікам жылля неабходнасць устаноўкі аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў і падтрымання іх у рабочым стане. У зімовую пару, калі печы эксплуатуюцца асабліва інтэнсіўна, нельга спадзявацца на авось ці Бога. Нават ён дапамагае толькі тым, хто сам пра сваю бяспеку дбае.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.