Падтрымалі аднадушна

IMG_7184_   У Сенненскім райспажыўтаварыстве адбылася канферэнцыя працоўнага калектыву па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў па Сенненскай выбарчай акрузе №32. У ёй прынялі ўдзел старшыня праўлення Віцебскага саюза спажывецкіх таварыстваў  Аляксандр Шынкарэнка, намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама Зоя Фаміна, старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Аляксандр Пуцята.

На канферэнцыі прысутнічалі 66 з 69 абраных дэлегатаў ад калектыву.
Напачатку слова мела Зоя Фаміна. Яна расказала пра ход рэалізацыі ў раёне Указа Прэзідэнта  №557 ад 16 снежня 2013 года «Аб назначэнні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання» і заклікала прыходзіць на выбары, каб аддаць голас «за сваіх людзей, тых людзей, якія будуць кіраваць нашым раёнам, вобласцю».
Старшыня райспажыўтаварыства Аляксандр Пуцята прапанаваў вылучыць кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў па Сенненскай выбарчай акрузе №32 Аляксандра Шынкарэнку. Ён азнаёміў прысутных з біяграфіяй вылучэнца і заклікаў калег падтрымаць яго кандыдатуру. Пераважнай большасцю дэлегатаў сходу прапанова была ўхвалена.
У сваю чаргу Аляксандр Шынкарэнка падзякаваў удзельнікам канферэнцыі за аказаны яму давер, падкрэсліўшы, што для яго балаціравацца кандыдатам у дэпутаты па Сенненскай выбарчай акрузе будзе адказна і хвалююча. З Сенненшчынай у спадара Шынкарэнкі даўнія сувязі. У 22 гады ўраджэнец Лоеўшчыны (Гомельская вобласць) прыехаў па накіраванні Віцебскага аблспажыўтаварыства ў Сянно, каб узначаліць аптова-гандлёвую базу распажыўтаварыства. Як прызнаўся Аляксандр Мікалаевіч, Сенненшчына стала для яго другой радзімай, месцам, дзе адбылося станаўленне ў працоўнай дзейнасці. З таго часу больш за 30 гадоў Аляксандр Шынкарэнка аддаў кааператыўнай рабоце.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе працягвацца да 10 лютага.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *