Служба ў белых пальчатках

солдаты1Чаканны крок, бездакорнае выкананне складаных элементаў…
    Карабін у становішчы «на плячо», спіна — як нацягнутая струна…
     Некалькі дзён назад у водпуску дома знаходзіўся наш зямляк Іван Гардзюк (на здымку справа). Тэрміновую вайсковую службу ён праходзіць у роце ганаровай варты пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь.

— Служыць складана, але цікава, — пачаў размову Іван, які знайшоў для нас хвіліну, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі ад службы.
 — Іван, раскажы спачатку, як ты трапіў у роту ганаровай варты?
— Запрыкмецілі мяне яшчэ ў раённым ваенкамаце ў час прызыву, але трапіў у роту не адразу, а пасля праходжання «вучэбкі». Рост ад 185 см, добры зрок, адсутнасць шкодных звычак, судзімасцяў, шрамаў і татуіровак, сярэдняя ці вышэйшая адукацыя — такія патрабаванні прад’яўляюцца да ўдзельнікаў кастынгу ў адно з элітных падраздзяленняў беларускага войска.
— Што для цябе было самым цяжкім на першапачатковым этапе службы?
— Першае паўгоддзе, калі праходзілі спецыяльную падрыхтоўку, давалі пра сябе знаць фізічныя нагрузкі, маральныя трэнінгі, адпрацоўка прыёмаў і практыкаванняў са зброяй. На першых трэніроўках энергія хутка растрачвалася, хацелася есці заўсёды.
 — Раскажы пра асаблівасці службы ў роце ганаровай варты.
— Распарадак дня ў ёй нічым не адрозніваецца ад распарадку ў іншых вайсковых часцях. Акрамя, канешне, штодзённых трохгадзінных трэніровак, а ў час падрыхтоўкі да важных мерапрыемстваў трэніроўкі праходзяць удвая больш па часе. Пастраенне, зарадка, сняданкі і абеды, чыстка снегу ўзімку і іншая праца — усё запісана ў наш рэжым дня, якому кожны вайсковец павінен падпарадкоўвацца. З аднаго боку, мы звычайныя салдаты пагранвойскаў, толькі мяжы ні разу не бачылі. З іншага, мы — эліта і наша задача — прымаць непасрэдны ўдзел у дзяржаўных мерапрыемствах, святкаваннях, у сустрэчах кіраўнікоў іншых дзяржаў.
    — Плацканцэрты роты ганаровай варты — гэта заўсёды чаканае і захапляльнае відовішча…
— У кожнае выступленне стараюцца дабаўляць новыя элементы, каб такім чынам парадаваць гледачоў. Многія з іх прыдумваюць самі салдаты, безумоўна, не без узгадненняў з  камандзірамі. Элементаў няшмат, выконваюцца на разлік, але куды больш складана рабіць іх усім адначасова. Самы цяжкі, напэўна, «мозыр» (падкідваць, круціць карабін). Няпростыя ў выкананні «шміт», «даміно» і іншыя.
 — Было хваляванне ў час першага выступлення?
— І яшчэ якое! Хоць тады я ўвогуле не павінен быў выступаць. Здаецца, гэта была сустрэча прэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь і Лаоса. Аднаму байцу стала дрэнна, а я — запасны. Камандзіры адразу супакоілі, маральна мяне падтрымалі. У час выступлення ўсё прайшло, як на трэніроўках, аўтаматычна. Толькі потым, калі зразумеў, што адбылося, задрыжэлі рукі, ногі.
Пасля выступаў яшчэ каля дзесяці разоў. Зараз таксама рыхтуемся да выступленняў у Дзень вываду савецкіх войск з Афганістана, Дзень абаронцаў Айчыны. Ну а потым будуць плацканцэрты на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці.
 — Белыя пальчаткі і хромавыя боты… Ідэальны знешні выгляд — асаблівасць роты ганаровай варты. Тут пануе культ акуратнасці і бездакорнасці…
— Так, мы з трапятаннем ставімся да нашага знешняга выгляду, параднай формы, якая павінна быць у ідэальным стане. Наша форма мае аліўкавы колер. Ні ў якім разе недапушчальныя на ёй складкі, незашпіленыя гузікі, непадшытыя шаўроны і г.д. Дадаецца і 4-кілаграмовы карабін Сіманава, які трымаем у руках у час афіцыйных свят, сустрэч і парадаў.
— Як у цябе склаліся адносіны з саслужыўцамі?
— Вельмі добра. Калі праходзіш з людзьмі шмат выпрабаванняў, пачынаеш бачыць, хто ёсць хто. Мы падтрымліваем адзін аднаго, дзелімся самым апошнім.
— Бацькі ганарацца табой?
— Канешне. Мой водпуск стаў сапраўдным навагоднім сюрпрызам для іх. Дома ўсё роднае: сябры, горад і, нават, дыскатэка…(Аўт. — усміхаецца). Але я ніколі не пашкадаваў, што трапіў у роту ганаровай варты. Праз некалькі дзён зноў «чакае» служба. Служба, якая не дае права на памылку. Яна дазваляе заўсёды трымаць сябе ў руках і быць патрабавальным да сябе. А гэтыя якасці ў любой прафесіі, ды і ў жыцці, на мой погляд, вельмі важныя.
 — Дзякуй, Іван, за размову. Поспехаў табе.

Гутарыла
 Ірына ГАРБАЧОВА.