Міліцыянеры падвялі вынікі работы
У Сенненскім РАУС падсумаваны вынікі работы асабовага саставу за 2013 год. Гэта зрабіў начальнік аддзела, палкоўнік міліцыі Міхаіл Архіпаў, які выступіў з дакладам.
У сваім выступленні найбольшую ўвагу ён звярнуў на недапрацоўкі, што мелі месца летась, мерапрыемствы, запланаваныя на 2014 год. Самай прыемнай часткай нарады стала ўручэнне грамат, падзяк лепшым супрацоўнікам міліцыі, якія былі заахвочаны загадамі кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.
Удзел у рабоце нарады прынялі: пракурор раёна, малодшы саветнік юстыцыі Уладзімір Рудзянкоў, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта, падпалкоўнік юстыцыі Андрэй Казлоў. Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама прадстаўляў Аляксей Блахін, намеснік начальніка крымінальнага вышуку, падпалкоўнік міліцыі. Ён курыруе Сенненскі РАУС.
Ад міністэрства ўнутраных спраў куратарам Сенненскага РАУС нядаўна прызначаны Дзмітрый Карабанюк, падпалкоўнік міліцыі, начальнік галоўнага кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення міністэрства. У Сянно ён наведаўся ўпершыню, і так супала — у дзень свайго нараджэння. Так што кніга «летапісца» Сенненскага раёна Васіля Бандарэвіча ў якасці падарунка прыйшлася дарэчы.
— Мы спадзяёмся, што яна дапаможа нашаму куратару хутчэй пазнаёміцца з Сенненшчынай і сенненцамі, і не толькі з тымі, хто носіць міліцэйскую форму, — падзяліўся Сяргей Савік, намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў.
Наш кар.