«На справы» хадзілі разам

podrostkovaja-prestupnostУ 2012 годзе ў раёне было зарэгістравана 12 злачынстваў здзейсненых непаўналетнімі, у 2013 — толькі 6.

Як адзначыў Сяргей Трыбуль, старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС, злачынствы, а гэта ў асноўным крадзяжы, здзейснены непаўналетнімі 15-17  гадоў. Большасць з іх дзейнічала ў групах, у тым ліку з удзелам дарослых.
Жыхар в.Сінягорскае і яго непаўналетні сын «на справы» хадзілі разам. Увагу зламыснікаў прыцягвалі дачныя домікі. Першай іх нажывай быў электраінструмент коштам у 320 тыс.беларускіх рублёў. Гэтага здалося мала. У тую ж ноч яны ўзламалі замок гаража, адкуль выкралі маёмасць на суму 4 млн 960 тыс. рублёў. А праз колькі дзён бацька і сын укралі каробку пераключэння перадач коштам 1,5 млн руб.
І калі сітуацыя з падлеткавай злачыннасцю палепшылася, непаўналетніх, якія ўжываюць спіртное, па-ранейшаму  шмат. У мінулым годзе супрацоўнікамі міліцыі выяўлены 30 падлеткаў, якія распівалі алкаголь або знаходзіліся ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах. І толькі 5 з іх ужо стаялі на ўліку ў ІПН.
У 2013 годзе на прафілактычны ўлік інспекцыі па справах непаўналетніх пастаўлены 77 падлеткаў, 18 з якіх — за злоўжыванне спіртнымі напоямі.
Часам падлеткаў да алкаголю «далучаюць» дарослыя. На 17 асоб складзены пратаколы на падставе арт.17.4. Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях — за ўцягненне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны шляхам набыцця і распіцця з імі алкагольных напояў. Артыкул прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Работнік Сенненскага райспажыўтаварыства прыцягнуты да адказнасці на аснове арт.12.17 ч.6 КаАП за продаж піва непаўналетняму.
Цяжка растлумачыць раўнадушша і пасіўнасць бацькоў у адносінах да сваіх дзяцей. На жаль, не ўсе яны ведаюць, дзе іх дзеці бавяць час, з кім сябруюць. Між іншым, у адміністрацыйным кодэксе маецца артыкул 9.4 — невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Згодна з ім бацькі нясуць адказнасць за сваіх дзяцей. Калі непаўналетні, які яшчэ не дасягнуў узросту, з якога наступае адміністрацыйная (крымінальная) адказнасць, здзейсніў правапарушэнне або злачынства, бацькі павінны быць гатовы заплаціць штраф у памеры да 10 базавых велічынь. Летась да адказнасці па ўказаным артыкуле прыцягнуты 22 чалавекі, 9 бацькоў, якія сваімі паводзінамі аказвалі негатыўнае ўздзеянне на дзяцей, пастаўлены на ўлік у ІПН.
«Падлеткавая злачыннасць — праблема не асобных гарадоў і рэгіёнаў. Гаварыць на гэтую тэму хоць і складана, аднак жыццёва неабходна, — адзначае Сяргей Трыбуль. — Злачынствы, здзейсненыя падлеткамі, — пляма на іх біяграфіі, адмыць якую потым вельмі складана».

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *