Другое жыццё бабулі Надзі

f1c50790cd2d479e709d8268e8bf83ed03912cf2_903«Ты яе хацела — на,  гадуй», — з гэтымі словамі Наташа сунула маці спавіты камячок і пайшла з хаты. А бабуля Надзя засталася стаяць пасярод пакоя з немаўляці на руках.

…Самую Надзею Іванаўну таксама гадавала бабуля. Дзе падзелася маці, яна дакладна не ведае, згінула недзе ў ваенным ліхалецці.
Але каб цяпер, у мірны час, пакінуць сваё дзіця, адмовіцца ад яго…?! Гэта было для бабулі Надзеі з разраду неверагоднага, не ўкладвалася ў галаве. Сама яна вырасціла чацвярых дзяцей. Наташа была малодшай. Яе расціла ўжо без мужа, які заўчасна пайшоў з жыцця. Цяжка даводзілася ці лёгка, прасіць дапамогі  не было ў каго.
Хаця пераехала з вёскі ў райцэнтр, усё роўна трымала карову, парася, апрацоўвала агарод і «бульбяныя» соткі… Наташа, скончыўшы школу, як і маці, выбрала прафесію медыка. Выйшла замуж, нарадзіла траіх дзетак. Дачка і зяць жылі ў вёсцы, як кажуць, на вачах не былі. Таму Надзея Іванаўна не адразу заўважыла, што іх сямейнае жыццё дало трэшчыну. Нешта няладнае западозрыла, калі аднойчы на дзень яе нараджэння зяць прыехаў адзін, не патлумачыўшы нічога зразумелага наконт адсутнасці сваёй «палавіны». Тады маці сама паехала да дачкі.
Яна адразу заўважыла характэрныя змены ў абліччы Наталлі. Аднак тая адмаўлялася: не, я не цяжарная. Сілком расшпіліўшы на дачцэ халат, маці пацвердзіла свае здагадкі: жывот цяжарнай быў туга перавязаны пялёнкай. «Што ты робіш, дзеўка? Дзіця задушыць хочаш? — жахнулася Надзея. — Стань на ўлік і раджай!» Ледзь-ледзь угаварыла дачку пайсці ў паліклініку.
У хуткім часе дзіця з’явілася на свет. Малую, як і бабулю, назвалі Надзеяй. За жонкай і нованароджанай дачкой тата ў радзільны дом не прыйшоў. Забірала іх Надзея Іванаўна. Потым Наталля з Надзейкай усё ж паехала да мужа ў вёску. Але месяцы праз два жанчына з’явілася на парозе матчынага дома, каб пакінуць дачку…
І жыццё Надзеі Іванаўны, якая да таго часу была ўжо на заслужаным адпачынку, як бы пайшло па новым крузе. Трэба было клапаціцца пра харчаванне для немаўляці, не спаць начамі, калі малая хварэла ці ў яе рэзаліся зубкі, сачыць, каб правільна развівалася, і займацца з дзіцём, каб набывала патрэбныя навыкі.
Суседзі, на вачах якіх праходзіла жыццё бабулі-маці, параілі ёй аддаць дзіця ў садзік. У два гады Надзейка пайшла ў дзіцячы сад.
А бацьку і маці дачка цікавіла мала. У час рэдкіх візітаў, у асноўным гэта былі дні нараджэння Надзейкі, яны прыносілі невялікія падарункі, але забіраць роднае дзіця да сябе не збіраліся. А потым і зусім скасавалі шлюб, так што пытанне пра будучы лёс дзяўчынкі для іх перастала існаваць.
Так і гадавала бабуля ўнучку, можна сказаць, без аніякай дапамогі, адна. І толькі, калі дзяўчынка стала школьніцай, занепакоіліся педагогі: на бацькоўскія сходы ці яшчэ па якой патрэбе ў школу прыходзіла толькі бабуля. Даведаўшыся пра сапраўдны стан спраў, прапанавалі Надзеі Іванаўне аформіць апякунства над унучкай і спагнаць аліменты з яе бацькоў. Усё ж якая-ніякая ды будзе дапамога.
Спачатку зяць з дачкой аліменты плацілі спраўна. Бабуля Надзя была задаволена тым, што давалі. Большага не патрабавала. Жыла яшчэ недзе ў глыбіні яе душы надзея, што Наталля памірыцца з мужам і наладзіць сваё жыццё. Але калі выпадкова ўбачыла былога зяця з новай жонкай, прапала і гэта квёлая надзея. І аліменты гора-бацькі пачалі выплачваць нерэгулярна. У Наталлі, якая нідзе не працавала, утварылася запазычанасць ледзь не ў 20 мільёнаў рублёў.
Не, не Надзеі Іванаўне былі патрэбны тыя грошы. Падрастала кінутая ёй на папячэнне ўнучка і выдаткаў на яе ўтрыманне,  выхаванне патрабавалася ўсё больш.  Бабуля, нягледзячы на ўзрост, не ленавалася, працавала, нават за плугам сама хадзіла, пакуль гэта было па сілах. Кожны сезон прадавала бульбу, грушы, клубніцы са свайго ўчастка. За выручаныя грошы купляла Надзейцы неабходнае.
Але трэба было думаць і пра будучае дзяўчынкі, бацькі ж пра гэта думаць не збіраліся. Добрыя людзі параілі падаць іск на пазбаўленне іх бацькоўскіх правоў. Не з-за крыўды ці злосці (гэта ўжо, як кажуць, перагарэла) звярнулася ў суд Надзея Іванаўна — жыццё прымусіла.
А ў час судовага пасяджэння раптам высветлілася, што бацька гатовы забраць Надзею да сябе, у сваю новую сям’ю, хаця раней пра гэта нават і не заікаўся. Маці ж дзяўчынкі не спрабавала што-небудзь сказаць у сваё апраўданне. Яе абыякавасць да роднага дзіцяці, відаць, яшчэ больш узмацнілася, бо Наталля ўсё часцей і часцей пачала заглядваць у бутэльку. Калі ў Надзі, якой было ўжо 12 гадоў, суддзя спытаў, ці пойдзе яна жыць да бацькі, дзяўчынка з плачам адказала «не». Гэта і зразумела: бабуліна хата была для яе родным домам, а бабуля — самым родным чалавекам.
І тут у старой жанчыны не вытрымалі нервы (суд ішоў ужо не першую гадзіну). Каб не траўміраваць больш псіхіку дзіцяці, Надзея Іванаўна адмовілася ад іска. Пасля адбылося зусім незразумелае. Бацька, які толькі што быў гатовы забраць дачку да сябе і поўнасцю займацца яе выхаваннем і матэрыяльным забеспячэннем, папрасіў суд зменшыць суму аліментаў, маўляў, невялікая зарплата, не хапае грошай. Стала ясна, што гатоўнасць забраць дачку была выклікана страхам перад перспектывай стаць абавязанай асобай…
На дадзены момант, здаецца, усе кропкі над «і» расстаўлены. Сумленне бацькоў дзяўчынкі Надзі наўрад ці прачнецца калі. Бабуля з унучкай жывуць дружна. Дзяўчынка адчувае сябе абароненай бабулінай любоўю і клопатам.
Няхай толькі Бог дае Надзеі Іванаўне здароўя і даўгалецця, каб паспела паставіць унучку на ногі.

 Таццяна Буракова.
    Гэты матэрыял заснаваны на рэальных падзеях,
таму з маральных меркаванняў імёны яго гераінь зменены.   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *