Без жылля можна застацца па рашэнні суда

JPG89EEЗ 2 сакавіка 2013 года ў нашай краіне ўступіў у дзеянне новы Жыллёвы кодэкс. Згодна з ім у некаторых выпадках прадугледжана высяленне наймальніка з жылога памяшкання без прадастаўлення яму іншага жылля. Іншы раз для гэтага даводзіцца прымаць судовае рашэнне.

— Аднак высялення грамадзян з жылых памяшканняў дапускаецца толькі на падставе Жыллёвага кодэкса і іншых заканадаўчых актаў, — падкрэсліла Святлана Сівец, стажор суддзі суда Сенненскага раёна.
— А без рашэння суда абыйсціся ў такіх выпадках нельга?
— Можна. Пунктам 3 арт. 86 прадугледжана, што высяленне наймальніка жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду і членаў яго сям’і, якія жывуць разам з ім, магчыма пасля скасавання дагавора найма жылога памяшкання. Згодна з п. 5 арт. 61 ЖК пры яго скасаванні па ініцыятыве наймадальніка наймальнік папярэдне за адзін месяц павінен атрымаць адпаведнае пісьмовае папярэджанне з указаннем матываў скасавання дагавору. Патрабаванне аб гэтым можа быць заяўлена ў суд толькі пасля заканчэння месячнага тэрміну ў выпадку адмовы наймальніка ад скасавання дагавора альбо неатрымання адказу ад наймальніка на пісьмовае папярэджанне.
— Якім чынам, зыходзячы з новага жыллёвага заканадаўства, адбываецца страта права на валоданне і карыстанне жылым памяшканнем былым мужам (жонкай), якія жывуць у кватэры, што з’яўляецца ўласнасцю былой жонкі (мужа)?
— Згодна з п. 5 арт. 157 Жыллёвага кодэкса былыя члены сям’і ўласніка жылога памяшкання, якія не маюць долі ў праве агульнай уласнасці на гэта жылое памяшканне, страчваюць права на валоданне і карыстанне ім, калі іншае не ўстаноўлена Шлюбным дагаворам ці пісьмовым пагадненнем аб парадку карыстання жыллём.
Былы член сям’і ўласніка жылога памяшкання, у якога ў адпаведнасці са Шлюбным дагаворам ці пісьмовым пагадненнем аб парадку карыстання жылым памяшканнем захавалася права на валоданне і карыстанне гэтым жылым памяшканнем, захоўвае правы, выконвае абавязкі і нясе адказнасць, што прадугледжаны сапраўдным Жыллёвым кодэксам для члена сям’і ўласніка жылога памяшкання, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам, Шлюбным дагаворам ці пісьмовым пагадненнем аб парадку карыстання жылым памяшканнем.
У адпаведнасці з п. 2 арт. 95 ЖК былыя члены сям’і ўласніка жылога памяшкання, іншыя грамадзяне, якія маюць права на валоданне і карыстанне жылым памяшканнем, але не маюць  долі ў праве агульнай уласнасці на гэта жылое памяшканне, падлягаюць высяленню з яго па патрабаванні ўласніка без прадастаўлення іншага жылля, калі іншае не ўстаноўлена Шлюбным дагаворам ці пісьмовым пагадненнем аб парадку карыстання жылым памяшканнем.
Такім чынам, у выпадку, калі былы член сям’і ўласніка жылля, іншы грамадзянін, які мае правы на валоданне і карыстанне жылым памяшканнем, але не мае долі ў праве агульнай уласнасці на гэта жылое памяшканне, па патрабаванні ўласніка дабраахвотна не вызваляе жыллё, то пытанне аб яго вызваленні вырашаецца ў судовым парадку.
Паўналетнія члены, былыя члены сям’і ўласніка жылога памяшкання, якія не маюць долі ў праве агульнай уласнасці на гэта жылое памяшканне, але ім прадастаўлена права валодаць і карыстацца гэтым жылым памяшканнем да ўступлення ў сілу Жыллёвага кодэкса (п.5 арт. 221), могуць быць выселены з гэтага жылога памяшкання пасля заканчэння аднаго года з даты ўступлення ў сілу сапраўднага кодэкса на падставе норм, прадугледжаных чацвёртым абзацам п. 1 арт. 85 і п.2 арт. 95.
— Хто яшчэ можа быць выселены з займаемага жылля ў судовым парадку па патрабаванні ўласніка?
— Высяленню ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылога памяшкання па патрабаванні ўласніка альбо іншых зацікаўленых асоб падлягаюць грамадзяне, якія самаўпраўна занялі жыллё, грамадзяне, якім прадастаўлена права на валоданне і карыстанне жылым памяшканнем у якасці апекуноў, прыёмных бацькоў у выпадку адмовы вызваліць жылое памяшканне пасля спынення апекі. Без прадастаўлення жылля могуць быць выселены па патрабаванні ўласніка (фізічнай асобы) паўналетнія члены, былыя члены сям’і, якія жывуць разам з ім, але не маюць долі ў праве агульнай уласнасці на займаемае жылое памяшканне; наймальнік жылога памяшкання, члены яго сям’і, што пражываюць разам з ім, былыя члены яго сям’і, паўналетнія члены сям’і грамадзяніна, які ўваходзіць у арганізацыю забудоўшчыкаў. Магчыма высяленне ў судовым парадку і тых асоб, якія жывуць сумесна з уласнікам, наймальнікам жылля, альбо грамадзянінам, членам арганізацыі забудоўшчыкаў, і на працягу года тры разы і больш прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, што праявілася ў разбурэнні, псаванні жылога памяшкання альбо ў выкарыстанні яго не па прызначэнні, за іншыя парушэнні патрабаванняў Жыллёвага кодэкса, якія робяць немагчымым для іншых пражыванне з імі ў адной кватэры, альбо ў адным жылым доме. Пры гэтым уласнік спачатку павінен папярэдзіць вышэй пералічаных асоб аб магчымасці высялення без прадастаўлення іншага жылога памяшкання, а яны,  нягледзячы на гэта,  на працягу года пасля такога папярэджання зноў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае правапарушэнне.
Без прадастаўлення іншага жылога памяшкання могуць быць выселены члены, былыя члены сям’і ўласніка, наймальніка, паднаймальніка жылога памяшкання, калі ён з’яўляецца членам арганізацыі забудоўшчыкаў і пры гэтым маецца пісьмовае пагадненне, у адпаведнасці з умовамі якога яны падлягаюць высяленню. Наймальнік жылога памяшкання, члены сям’і, у тым ліку былыя, будуць абавязаны пакінуць памяшканне ў выпадку спынення альбо скасавання дагавора найма жылога памяшкання.
 — Значная частка насельніцтва жыве ў інтэрнатах. Гэта адзінае для іх жылое памяшканне. У якім выпадку яны могуць быць выселены з займаемага жылля?
— Калі яны спынілі працоўныя адносіны з арганізацыяй, якая прадаставіла ім жылое памяшканне дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнаце. У выпадку адмовы вызваліць займаемую жыллёвую плошчу высяленне робіцца ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылога памяшкання.
Падлягаюць высяленню з інтэрната без прадастаўлення іншага жылога памяшкання наймальнік і іншыя члены яго сям’і, калі яны маюць у дадзеным населеным пункце ва ўласнасці ці валоданні і карыстанні па дагаворы найма жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду жылое памяшканне агульнай плошчай 15 кв. метраў і больш на аднаго чалавека. Пры гэтым жыллё павінна адпавядаць устаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням. Безумоўна высяляюцца з інтэрната асобы, якія з’яўляюцца членамі арганізацыі забудоўшчыкаў — праз тры месяцы пасля здачы жылога дома ў эксплуатацыю. Без жылля застануцца і тыя асобы, якія маюць без уважлівых прычын 6-месячную запазычанасць па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі і за карыстанне за жылым памяшканнем.
 — Такім чынам, новы Жыллёвы кодэкс можна назваць больш жорсткім у адносінах да наймальнікаў жылля?
— Я б сказала, што ён стаў больш канкрэтным і справядлівым, улічвае інтарэсы як уласніка жылля, так і яго наймальніка.

Гутарыў
Аляксандр ІЎЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *