Вусаты нянь
Рэдкасць прафесіі залежыць не толькі ад колькасці валодаючых ёю людзей, але і ад прыналежнасці спецыяліста да таго ці іншага полу. Нягледзячы на наша эмансіпіраванае стагоддзе, у грамадстве, па-ранейшаму, назіраецца падзел на мужчынскія і жаночыя прафесіі. Вайсковец, будаўнік і г.д. — праца для сапраўдных мужчын. Ну, а настаўнікі — пераважна жаночая справа. Але сёння ўсё часцей можна ўбачыць жанчыну-вайскоўца, ды і да мужчын-кухараў ці швачак, што казаць, прызвычаіліся. Але вось каб мужчына —выхавальнік дашкольнай установы… Такое я пабачыла ўпершыню. І дзе? У дзіцячым садку №2 г.Сянно, куды неўзабаве накіравалася, каб паглядзець больш уважліва на гэтае дзіва.
— Аляксандр Мікалаевіч! Аляксандр Мікалаевіч! — малышы кружыліся вакол зусім яшчэ юнака. А той з усмешкай пазіраў на сваіх гадаванцаў.
Аляксандр Атрошкін – не спрактыкаваны спецыяліст у дашкольнай адукацыі. Хлопец вучыцца ў Віцебскім музычным каледжы імя Салярцінскага па класе гітары. А ў садку толькі падпрацоўваў падчас летніх вакацый. Аднак у “Вясёлцы” прызналіся, што зусім не супраць прыняць Сашу ў штат выхавальнікаў на пастаяннай аснове.
— Так і напішыце! — запэўнівае загадчыца дзіцячага садка №2 Наталля Целепнева. — Ён настолькі арганічна ўвайшоў у наш калектыў, што нават не ўзнікае думкі, што сярод нас мужчына. Вельмі задаволены Сашам і нашы дзеці, іх бацькі.
За такую працу Аляксандр узяўся па сваёй ахвоце. Неяк зайшоў у раённы аддзел адукацыі і пацікавіўся пра падпрацоўку.
— Ёсць месца выхавальніка ў садку. Пойдзеш? – спыталі там.
— А чаму б і не, — пагадзіўся Саша.
Вось так і трапіў у “Вясёлку”. Пачынаючы з сямі гадзін раніцы і да шасці вечара Саша з дзецьмі. Самым цяжкім, па ягоным прызнанні, аказалася запомніць усіх дзетак па імёнах. У пытаннях педагогікі пры неабходнасці дапамагалі разбірацца старэйшыякалегі. А хлопец толькі ўспрымаў карысныя парады бы губка. Саша справіўся б нават з самымі маленькімі наведвальнікамі садка, упэўнены ў калектыве. А пакуль у яго групе — самы няўрымслівы кантынгент — пяці- і шасцігадовая дзетвара. Праўда, сябе ён лічыць, хутчэй, ліберальным, чым строгім, выхавальнікам. Прынамсі, ніколі не дазваляе сабе павысіць голас (не тое што крычаць) на дзяцей.
— А як жа тады супакойваеш свавольнікаў? — паўстае слушнае пытанне.
— Усаджваю на месца і прапаноўваю падумаць над сваімі паводзінамі.
Вось так проста! Мяккі і адначасова ўпэўнены голас Сашы заспакаяльным чынам дзейнічае на малых гарэз.
Працаваць з дзецьмі яму падабаецца. Саша нават задумваецца: ці не зрабіць у будучыні педагагічную прафесію пастаяннай. Адно бянтэжыць — невысокія заробкі. На будоўлі нашмат больш зарабляюць. Адзін час хлопец таксама падпрацоўваў на будаўнічых работах. Пакуль яго выкладчык не забараніў — так можнатраўміраваць самае каштоўнае, што ёсць у музыканта, — рукі. Аднак свой будаўнічы вопыт Аляксандр прымяніў і тут, удзельнічаў у рамонтных працах па падрыхтоўцы дзіцячага садка да новага навучальнага года.
Найлепшым чынам паспрыялі ў яго нялёгкай выхавальніцкай рабоце і музычныя здольнасці. Саша нярэдка браў з сабой гітару. Малышы з задавальненнем слухалі музыку і спявалі песні. А неяк хлопец арганізаваў сапраўдны канцэрт гітарнай музыкі, слухачамі якога сталі выхавальнікі, нянечкі, дзеці, іх бацькі.
У музыку хлопец прыйшоў з-за цікаўнасці. Неяк жонка яго будучага выкладчыка патэлефанавала Сашынай маці з пытаннем: “Ці не жадае яе хлопчык навучыцца іграцьна гітары?”. Той згадзіўся адразу. З цягам часу цікаўнасць перарасла ў захапленне. Ігар Клячын, выкладчык Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў, першым раскрыў музычны талент хлопчыка. Саша хутка стаў гонарам школы. Пастаянна прадстаўляў яе на розных канцэртах і конкурсах, у тым ліку на прэстыжным рэспубліканскім імя Жыновіча. Невыпадкова, калі прыйшоў час паступаць у музычны каледж, сенненскага юнака ўзялі адразу на другі курс.
Зараз хлопец — студэнт трэцяга курса. Яшчэ два гады і Аляксандр Атрошкін — дыпламаваны выкладчык. Але планы ў Сашы куды больш амбіцыйныя — працягнуць адукацыю ў Акадэміі музыкі і стаць адмысловым музыкантам. Хочацца верыць, што наперадзе яго чакаюць толькі лепшыя канцэртныя пляцоўкі. А колішнія выхаванцы дзіцячага садка будуць з гонарам узгадваць свайго выбітнага выхавальніка.
Вольга
Бандарэвіч.