Вясновыя клопаты зімой

zyabnut_На календары — студзень. А спецыялісты агранамічнай службы раёна, галоўныя спецыялісты сельгасарганізацый заклапочаны падрыхтоўкай да веснавых палявых работ. На днях яны з гэтай нагоды правялі нараду.

Размова пачалася з абмеркавання сітуацыі, што склалася ў грамадскіх сельгасарганізацыях на ворыве зяблева. Пад веснавую сяўбу ўзнята ўсяго 11088 гектараў глебы. А па папярэдніх планах мяркуецца, што яравымі культурамі ў раёне будзе занята 27602 гектары, у тым ліку зерневымі — 19119.
— І сеяць іх будзем максімальна па зяблеву, астатнія культуры — пасля веснавога ворыва, — падкрэсліла Антаніна Сунцеева, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу. Па яе словах, у краінах Балтыі даволі распаўсюджана практыка, калі зерневыя культуры сеюць па зерневых і атрымліваюць пры гэтым па 40-50 цэнтнераў збожжа з гектара. Мясцовым аграрнікам дапамагае дакладнае захаванне ўсіх тэхналагічных прыёмаў і выкарыстанне сродкаў аховы раслін.
Асновы ўраджаю закладваюцца як раз у час ворыва і пры падрыхтоўцы насення. Апошняму аспекту работы аграномаў на нарадзе было ўдзелена найбольш увагі. Алег Кісель, начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, у сваім выступленні станоўча ацаніў толькі ход падрыхтоўкі насення зерневых культур. Ды і то не ва ўсіх сельгасарганізацыях. Ва УП імя Гараўца, напрыклад, нават не завяршылі ачыстку насення. Сказаць дакладна, калі работа будзе завершана галоўны аграном гаспадаркі  Кацярына Аўфяронак не змагла — пры станоўчых тэмпературах паветра не раней як праз месяц. Ва УП імя Гараўца не маюць і насення траў. Складаная фінансавая сітуацыя ў гаспадарцы робіць праблематычнай іх набыццё ў старонніх арганізацыях. А таму Антаніна Сунцеева прапанавала ў сувязі з гэтым заслухаць на пасяджэнні калегіі райсельгасхарчу справаздачы і галоўнага агранома, і кіраўніка.
Марудна вядзецца ачыстка насення ў ААТ «Бяленева». Галоўнаму аграному таварыства Андрэю Юсікаву прапанавана выкарыстаць вопыт ААТ «Ульянавічы». Кіраўніцтва названай сельгасарганізацыі скарысталася на прымальных умовах паслугамі гаспадаркі з Чашніцкага раёна. У выніку работа па ачыстцы насення была завершана на працягу некалькіх дзён.
Пры наяўнасці насеннага матэрыялу рана ці позна да сяўбы ён будзе падрыхтаваны. Іншая справа калі насенне не назапасілі. Як гэта сёлета здарылася ў большасці гаспадарак раёна з травамі. Асабліва адчувальны недахоп насення бабовых культур. У такіх буйных вытворцаў сельгаспрадукцыі, як саўгас імя Машэрава, ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», УП імя Данукалава, яго амаль не маюць. Для паляпшэння якасці кармоў, павышэння іх пажыўнасці на нарадзе рэкамендавана больш шырока высяваць канюшыну ў сумесі з цімафееўкай, выкарыстоўваць іншыя бабовыя травы. Кармы з іх не ўступаюць па ўтрыманні бялка, пратэіна кукурузнаму сіласу, а па кошце — больш танныя. За травамі  менш трэба даглядаць, яны аздараўляюць глебу, узбагачаюць яе гумусам і азотам. Пашавыя сумесі з траў таксама даказалі свае перавагі. У іх даўно ўпэўніліся ў ПП «Дружбінец» і збіраюцца, зрэшты, як і ў некаторых іншых гаспадарках раёна, закладваць сёлетняй вясной шматкампанентныя пашы на новых плошчах.
Вясновыя палявыя работы звычайна стартуюць з унясення на палетках мінеральных угнаенняў. А пакуль важна захаваць  тыя з іх, што засталіся нявыкарыстанымі з восені, павялічыць запасы. Пакуль што патрэбнасць у фосфарных угнаеннях забяспечана на 11 %, у азоце — 5, калію  — 51. Але ўгнаенні паступаюць, іх трэба вывозіць у гаспадаркі без прамаруджвання, каб не ствараць сур’ёзных праблем у пару масавых палявых работ.
У той жа час у кіраўніцтва раённай агранамічнай службы ёсць прэтэнзіі да захавання не толькі мінеральных угнаенняў, але і арганічных. Яны не ўсюды своечасова падбуртоўваюцца.
— У бліжэйшы час будзе праведзена праверка па захаванні мінеральных і арганічных угнаенняў, насення. Так што раю навесці парадак, — папярэдзіла Антаніна Сунцеева.
Інжынерная служба раёна ў канцы мінулага года засталася без вядучага спецыяліста. А таму спецыялістам агранамічнай службы давядзецца ўскласці на сябе кантроль за падрыхтоўкай плугоў, культыватараў, іншых агрэгатаў для апрацоўкі глебы. Зрэшты, гэтым аграномы займаліся заўжды.

Аляксандр ІЎЕЎ.