Тэрыторыя, адкрытая для ўсіх

fireУ Сенненскім раённым аддзеле Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа. Падставай для яе ўзбуджэння стаў пажар, што адбыўся ў канцы верасня мінулага года на вытворчым участку «Льнозавод» ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс».

У час расследавання ўстаноўлена, што льнотраста, якая знаходзілася пад шахой, загарэлася ў выніку неасцярожных дзеянняў невядомай асобы. Агнём знішчана і пашкоджана 533 тоны сыравіны. Разам з коштам пабудовы ўрон склаў 792 606 935 рублёў.
У дзень пажару работы пад шахой не праводзіліся, тэхніка і людзі не працавалі. Пабудова не электрафікавана, што выключае ўзнікненне пажару па прычыне няспраўнасці вытворчага ці электраабсталявання. Затое ў час агляду месца здарэння выявілася, што вытворчая тэрыторыя льнозавода з таго боку, дзе знаходзілася шаха, фактычна не абгароджана. Пад аховай вартаўніка-матарыста знаходзілася плошча ў 27 гектараў. Ці здольны ён кантраляваць усю тэрыторыю? Наўрад ці. Больш таго, з паказанняў адказных асоб вядома, што на тэрыторыі завода, непасрэдна пад згарэўшай шахой не раз выяўляліся падлеткі. У дзень пажару на прылягаючых да тэрыторыі льнозавода зямельных участках гарэлі вогнішчы. Аднак мер, каб патушыць іх, не дапусціць распальвання, ні вартаўнікі, ні іншыя адказныя асобы ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» не прымалі. Між тым, згодна з заключэннем пажарна-тэхнічнай экспертызы, не выключаецца ўзнікненне пажару менавіта ад гэтых вогнішчаў.
На думку супрацоўніка Следчага аддзялення Сенненскага раённага аддзела Следчага камітэта Яўгена Халецкага, названыя абставіны ў сваёй сукупнасці сведчаць пра слабую арганізацыю аховы тэрыторыі вытворчага ўчастка «Льнозавод» ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», што ў рэшце рэшт стварыла ўмовы для здзяйснення злачынства. Кіраўніцтву акцыянернага таварыства і ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама рэкамендавана абгарадзіць тэрыторыю льнозавода так, каб выключыць свабодны доступ старонніх асоб, наладзіць належным чынам ахову, прыняць меры дысцыплінарнага і матэрыяльнага ўздзеяння да работнікаў, што дапусцілі неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў па забеспячэнні захаванасці матэрыяльных каштоўнасцей.

 Аляксандр ІЎЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *