Дзяжурны рэпарцёр (№3)

tel_doveriyaСмеціць разам, а плаціць паасобку?
Жыхары вёскі Сінягорскае Студзёнкаўскага сельсавета абураліся дзеяннямі некаторых аднавяскоўцаў, якія не заключылі дагаворы з ЖКГ на вываз камунальных адходаў (а значыць, не аплачваюць паслугу) і тым не менш карыстаюцца кантэйнерамі ці, горш таго, кідаюць смецце куды папала.
Між тым, як патлумачыла начальнік разлікова-касавага цэнтра РУП ЖКГ Вольга Яскевіч, заключэнне дагавора на аказанне паслугі па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў — абавязак, які прапісаны ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг». У адпаведнасці з артыкулам 15 узгаданага Закона і артыкулам 415 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, калі грамадзянін ухіляецца ад гэтага, жылкамунгас мае права звярнуцца ў суд з іскавым патрабаваннем аб прымусовым заключэнні дагавора.
Нагадваем, што, згодна з артыкулам 15.63 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, парушэнне зацверджаных правіл абыходжання з адходамі прадугледжвае папярэджванне або накладанне штрафу на асобу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.

Калі будзе святло?
Ніна Прыстаўка з вуліцы Гараўца і Андрэй Салаўёў з вуліцы Сінкевіча райцэнтра патэлефанавалі ў рубрыку з аднолькавай праблемай. На іх вуліцах не гараць ліхтары. Звароты ў РУП ЖКГ паступілі яшчэ ў першых лічбах снежня. Камунальнікі абяцалі аднавіць асвятленне. Але на двары ўжо студзень.
У дыспетчарскай камунальнага прадпрыемства пацвердзілі, заяўкі ад жыхароў названых вуліц ёсць. Але прызналіся, замінка была выклікана рамонтам абсталявання (вышкі), неабходнага для выканання дадзенага віду работ. У сувязі з гэтым камунальная служба не заўсёды магла аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян наконт вулічнага асвятлення. На гэтым тыдні, паабяцалі на тым канцы проваду, заяўкі будуць выкананы.

Вольга
БАНДАРЭВІЧ.