Пачалося вылучэнне кандыдатаў

gerbflag1З 12 студзеня пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання. Яно будзе доўжыцца па 10 лютага ўключна.

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Беларусі ёсць тры спосабы вылучэння. Першы — ад палітычных партый. Да слова, структурныя падраздзяленні партый могуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты ў адпаведныя Саветы: абласная арганізацыя — у абласны, раённая —у раённы, гарадская — у гарадскі.
Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты могуць таксама працоўныя калектывы, да якіх прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні. Каб вылучыць свайго кандыдата ў абласны, Мінскі гарадскі Савет, у працоўным калектыве павінна быць не менш за 150 працуючых. Каб прапанаваць прэтэндэнта на месца ў раённы, гарадскі (гарадоў абласнога падпарадкавання) Савет, калектыў павінен налічваць не менш за 75 чалавек. Пры вылучэнні кандыдатаў у Саветы пярвічнага ўзроўню неабходна, каб у працоўным калектыве налічвалася не менш за 20 працуючых. Працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго кандыдата ў Савет адпаведнага ўзроўню. Прадпрыемства ці арганізацыя павінна знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі або раёна.
Трэці спосаб вылучэння — збор подпісаў. Законам устаноўлены наступныя патрабаванні, тым, хто прэтэндуе на месца ў Мінскім гарадскім і абласным Саветах, трэба сабраць не менш за 150 подпісаў выбаршчыкаў, у раённым, гарадскім (горада абласнога падпарадкавання) — не менш за 75, а ў Савет пярвічнага ўзроўню — не менш за 20. Перш чым збіраць подпісы, трэба зарэгістраваць ініцыятыўную групу, парадак гэтай працэдуры дакладна прапісаны ў заканадаўстве.
Пасля заканчэння вылучэння дакументы адзіным пакетам падаюцца ў выбарчую камісію. Дэкларацыю аб даходах і маёмасці не падаюць тыя, хто прэтэндуе на месца ў Савеце пярвічнага ўзроўню.  Для астатніх яна абавязкова. Калі ў меркаванага кандыдата ў дэпутаты няма афіцыйных даходаў, у дэкларацыі ён павінен паказаць крыніцу, за кошт якой жыве. Пры наяўнасці судзімасці, у тым ліку пагашанай, гэтыя звесткі паказваюцца ўсімі прэтэндэнтамі на дэпутацкі партфель.