Валанцёрства — рэсурс сацыяльнага развіцця

IMG_2740_

Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама

  Прайшоў «круглы стол», прысвечаны  дзейнасці створаных у раёне ініцыятыўных груп, валанцёрскай і дабрачыннай дзейнасці пажылых людзей як рэсурса сацыяльнага развіцця рэгіёна. 

Вітаю ўдзельнікаў сустрэчы. Мы розныя людзі па родзе сваіх заняткаў, грамадскім становішчы, узросце, але ўсе мы далучаем сябе да агульнай катэгорыі людзей, якія называюцца валанцёрамі.
Сваё выступленне пачну наступнай фразай: «Наша ўвага і клопат падаўжаюць жыццё іншым. Наша дабрыня падаўжае жыццё і нам самім. Вучыцеся рабіць дабро, імкніцеся рабіць дабро, спяшайцеся рабіць дабро штодзённа, штогадзінна, штохвілінна». Гэтыя словы ўзяты з работы кіраўніка ініцыятыўнай групы «Родник» Ніны Фёдараўны Мяцеліца, якая прымала ўдзел у конкурсе апавяданняў, што праводзіла Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Гэтыя словы гучаць як дэвіз, пад якім праходзіць уся работа ініцыятыўных груп, створаных у нашым раёне.
Дзякую за вашу дабрыню, за ўменне падзяліцца ёй з іншымі, працаваць так, каб наш вопыт пераймалі, выкарыстоўвалі, вучыліся ў нас.
Усе нашы пачынанні заўсёды падтрымлівае абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа і асабіста яе каардынатар Таццяна Анатольеўна Дробыш. Гэта падтрымка вельмі дапамагае нам у рабоце. А з другога боку, калі б не было ў нашым раёне такіх ініцыятыўных груп з іх добрымі справамі, то наўрад ці хто б нас падтрымаў.
У наступным годзе будзе створана яшчэ адна ініцыятыўная група, у Машканах. Трэба таксама арганізаваць суполкі ў аграгарадках Літусава і Какоўчына, ахапіць гэтай работай увесь раён. Да яе можна прыцягнуць пярвічныя ветэранскія і маладзёжныя арганізацыі (наогул моладзь трэба больш далучаць да валанцёрскай работы), больш шырока выкарыстоўваць патэнцыял галіновых прафсаюзных арганізацый, запрашаць да супрацоўніцтва свяшчэннаслужыцеляў.
Калі ствараліся першыя міні-праекты, мы яшчэ не ведалі, як гэта ўсё будзе з пункту гледжання арганізацыі, практычнай работы. Аказалася, што  ўсё проста. Дастаткова было аб’яднацца, паверыць у свае сілы і працаваць з поўнай аддачай. А яшчэ немалаважна знайсці сапраўднага лідара, які б мог павесці за сабой. Такія лідары ў нас ёсць і я шчыра дзякую ўсім кіраўнікам ініцыятыўных груп і старшыням сельвыканкамаў, якія іх падтрымліваюць, за добрую работу.

 

Ніна Мяцеліца,  кіраўнік ініцыятыўнай групы "Родник"

Ніна Мяцеліца,
кіраўнік ініцыятыўнай групы «Родник»

Нашаму «Роднику» ў красавіку наступнага года будзе пяць гадоў. У групу ўваходзіць 33 удзельнікі, 13 з іх —  актыў суполкі. У складзе групы ёсць народныя засядацелі раённага і абласнога судоў, члены прэзідыума раённага савета ветэранаў, салісты народнага хору ветэранаў, сястра міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
На стварэнне ініцыятыўнай групы нас падштурхнула жаданне быць патрэбнымі і карыснымі грамадству, перадаць свой вопыт моладзі, вера ў свае сілы. Як толькі пачалі  работу, у нас з’явіліся аднадумцы, памочнікі, фундатары.
Мы дапамагаем сястры міласэрнасці абслугоўваць хворых адзінокіх людзей. Яшчэ адным накірункам нашай работы з’яўляецца сумесная дзейнасць з маладымі валанцёрамі. З вучнямі СШ №2 г.Сянно мы праводзім акцыі, сустрэчы, на якіх абмяркоўваем пытанні сумесных дзеянняў.
Абменьваемся вопытам з іншымі ініцыятыўнымі групамі раёна і суседніх рэгіёнаў вобласці.
Супрацоўнічаем з аддзяленнем дзённага знаходжання  інвалідаў, разам праводзім акцыі, дні імянінніка, адзначаем іншыя святы. Рэгулярна наведваем аддзяленні кругласутачнага знаходжання ветэранаў  у Ходцах і Багданаве. Для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку, збіраем кнігі, адзенне. Выязджаем з канцэртамі ў сельскую мясцовасць, у тым ліку ў аддаленыя вёскі. Напрыклад, у Дзень інвалідаў мы давалі канцэрты прама ў іх дамах.
Нягледзячы на сталы ўзрост, самі ўдзельнічаем у розных раённых конкурсах, арганізоўваем экскурсійныя паездкі. Пабывалі ў Полацку, Оршы, Купаваці, Мірскім замку, Магілёве, драматычным тэатры г.Віцебска і ў іншых месцах.
У парку 40-годдзя Перамогі стварылі «сцяжынку здароўя». Правялі яшчэ шмат работы. Аднак мы не змаглі б гэта ўсё зрабіць адны. Дапамагаюць нам раённы выканаўчы камітэт, асабіста Зоя Сцяпанаўна Фаміна, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Адамавіч Лемешаў і многія іншыя.
Для асвятлення нашай дзейнасці мы цесна супрацоўнічаем з мясцовай газетай. Матэрыялы пра «Родник» змяшчаюцца на старонках абласных і рэспубліканскіх газет.
Дзякуючы Беларускаму таварыству Чырвонага Крыжа мы атрымліваем веды на семінарах, трэнінгах, канферэнцыях.
Нашай паспяховай рабоце садзейнічае і тое, што ўдзельнікі ініцыятыўнай групы ведалі адно аднаго яшчэ да стварэння праекта. Цяпер сяброўства і ўзаемная падтрымка ўзмацніліся і мы заўсёды гатовы прыняць у свае рады новых валанцёраў.

 

Вольга Шчарбакова, старшыня Ходцаўскага сельскага Савета

Вольга Шчарбакова, старшыня Ходцаўскага сельскага Савета

Ініцыятыўная група «Маладыя душой», створаная на тэрыторыі нашага сельсавета, больш маладая. Яна ўтварылася ў 2012 годзе. Спачатку ў яе ўваходзіла 10 чалавек, на сённяшні дзень налічваецца 18. У групу ўваходзіць шмат людзей не пенсійнага ўзросту. Ствараўся праект пры падтрымцы Зоі Сцяпанаўны Фаміной. Ён аб’яднаў людзей агульных інтарэсаў. Першая наша ініцыятыва ажыццяўлялася пад дэвізам «За здаровы лад жыцця». За выдзеленыя нам сродкі мы абсталявалі трэнажорны пакой. Потым пачалі займацца стварэннем этнаграфічнага музея пры сельскім Савеце. Цяпер гэта работа працягваецца з дапамогай школьнікаў. Члены ініцыятыўнай групы збіраюць матэрыялы пра знакамітых землякоў.
Займаемся аказаннем практычнай дапамогі людзям, трапіўшым у бяду. З гуманітарнай дапамогай выязджалі на ферму в.Латыгава. Падтрымалі маладых работніц, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых умовах.
Члены нашай ініцыятыўнай групы замацаваны за сем’ямі, якія аказаліся ў складанай сацыяльнай сітуацыі, аказваюць ім пасільную дапамогу. Удзельнікі суполкі «Маладыя душой» прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, што праводзіць сельскі Савет.
Хачу падкрэсліць, што нейкіх глабальных спраў мы не плануем, не імкнёмся дапамагчы ўсім і адразу. Лічым, што будзе вельмі добра, калі дапаможам хаця б частцы тых, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе. Для нас гэта будзе ўжо вялікая перамога.
Дарэчы, не ўсе людзі правільна разумеюць, чым мы займаемся, і дрэнна ўяўляюць сабе нашы магчымасці. Часам звяртаюцца з пытаннямі накшталт, а чаму мне не аказалі матэрыяльную дапамогу. Такім тлумачым, што можам падтрымаць толькі маральна, і запрашаем да ўдзелу ў рабоце ініцыятыўнай групы.

 

krs4

Анатоль Бараноўскі,
старшыня Нямойтаўскага сельскага Савета

Ініцыятыўная група «Мы разам» працуе ў в.Папоўка з 2009 года. Зразумела, што такога маштабу для дзейнасці, як у райцэнтры ці  Ходцаўскім Савеце, у нас няма. Спачатку галоўны ўхіл  рабілі на работу ўнутры самой суполкі. Прыцягвалі ў яе людзей, якія выйшлі на пенсію, каб яны не адчувалі сябе непатрэбнымі.
Члены ініцыятыўнай групы некалькі разоў у месяц збіраліся на мерапрыемствы, кожны раз прысвечаныя нейкай пэўнай тэме: вучыліся вязаць, шыць, гатаваць стравы, збіраць лекавыя травы.
Пасля таго як утварыўся згуртаваны калектыў аднадумцаў, якім стала цесна толькі ў сваім крузе, пачалі валанцёрскую дзейнасць. Цяпер у групе 16 чалавек, і не толькі з Папоўкі, а і з пасёлка Труд, вёсак Казлоўка і Дамашэва.
У гэтым годзе нашы валанцёры дапамаглі васьмі вяскоўцам выкапаць, перабраць і пакласці на захаванне бульбу. Аказваюць пасільную дапамогу сям’і інвалідаў. Дапамагалі ва ўборцы буракоў «Дружбінцу». Працавала нават 85-гадовая жанчына. Калі спытаў, ці не цяжка ёй выконваць такую работу, адказала, што працаваць разам з усімі ёй прыемна. Адным словам, людзі пачалі адчуваць, што яны патрэбны іншым.
Сёлета самадзейныя артысты ініцыятыўнай групы далі сем канцэртаў у аддаленых вёсках.
У час станаўлення праекта сам распрацоўваў праграму яго дзейнасці, план работы. Цяпер такая дапамога ўжо непатрэбна. Усё робяць  удзельнікі суполкі, кіруючыся набытымі вопытам і ведамі. За сабой пакінуў толькі адзін накірунак дзейнасці — арганізацыю экскурсій.
Спачатку  хваляваўся, ці зацікавяцца людзі немаладога ўзросту такімі паездкамі.  Аднак усе актыўна прымаюць у іх удзел. І шмат дзе пабывалі ўжо. У наступным годзе плануем выехаць у Смаленск, пазнаёміцца з работай раённай ці гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Тут ужо шмат гучала ўдзячных слоў у адрас Зоі Сцяпанаўны Фаміной. На самай справе ініцыятыўныя групы ў нашым раёне створаны дзякуючы ёй. У іншых раёнах такой колькасці груп няма. Па прапанове Зоі Сцяпанаўны спрабавалі стварыць ініцыятыўную групу ў вёсцы Расна. Але для гэтага патрэбны актыўны, нераўнадушны лідар. На жаль, пакуль такога чалавека знайсці не ўдалося.

 

Галіна Секачова,  кіраўнік ініцыятыўнай групы  "Жыць у радасць"

Галіна Секачова,
кіраўнік ініцыятыўнай групы
«Жыць у радасць»

Калі гаварыць пра ўзрост нашай групы, то мы з’яўляемся яшчэ «груднічкамі». Наш праект пачаў рэалізоўвацца ў лютым 2013-га.
Працуючы ў дэпутацкім корпусе, абмяркоўваючы розныя пытанні з Любоўю Емяльянаўнай Трубека, тады старшынёй Багушэўскага пасялковага Савета, мы прыйшлі да высновы, што сітуацыя з пажылымі людзьмі ў Багушэўску вельмі неадназначная. Яны як бы раздзелены на дзве групы. Адна — актыўная, ініцыятыўная, энергічная,  якой пастаянна патрэбна нейкая работа. Другая група — гэта людзі, што маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе. Было вырашана зрабіць праект для пажылых і з удзелам пажылых. Мы доўга думалі, праект нараджаўся вельмі цяжка. Таму што мы спачатку хацелі абняць неабдымнае. У рэшце атрымалася аж пяць ініцыятыўных груп, якія працуюць у розных напрамках.
Групай «Жыць у радасць» кіруе Любоў Трубека. Члены групы займаюцца асветніцкай работай сярод пажылых людзей. Кожны месяц праводзіцца тэматычнае мерапрыемства. Асабліва цікава прайшло адно з іх — «Багушэўск. Гісторыя і сучаснасць». У яго падрыхтоўцы дапамагалі гісторыкі, жыхары пасёлка, якія збіралі фотаздымкі старога Багушэўска. Мы не проста раздавалі запрашальныя білеты, а цікавіліся ў людзей, якія пытанні іх хвалююць, каб на мерапрыемства запрасіць кіраўнікоў арганізацый, здольных адказаць на гэтыя пытанні.
Другая ініцыятыўная група называецца «Рукатворная творчасць». Кіруе ёй Галіна Анатольеўна Аверчанка. Мы высветлілі, што многія пажылыя людзі, якія займаюцца шыццём, вязаннем і г.д., хацелі б азнаёміцца з нейкімі навінкамі ў гэтых галінах. Яны пачалі прыходзіць да нас, дзяліцца сваім вопытам і  вучыцца ў нас.
На даму з жанчынамі займаюцца Наталля Аляксандраўна Ільюшэнка (арыгамі) і Клаўдзія Мікалаеўна Чарнова (вязанне).
Трэці накірунак, у якім працуе ініцыятыўная група, — гэта актыўны адпачынак, кіруе якім Іван Іванавіч Секачоў. Тут займаюцца рыбнай лоўляй, нарыхтоўкай венікаў і лекавых траў, праводзяць шахматна-шашачныя турніры.
Яшчэ ў нас працуе група пад назвай «Карэньчык». Мы атрымалі грант і набылі цяпліцу. Удзельнікі групы падрыхтавалі насенне капусты, кропу, кветкавых раслін. Будзем вырошчваць таксама памідоры, агуркі, радыску для пацыентаў сацыяльных ложкаў Багушэўскай бальніцы, а для ўпрыгожвання пасёлка — кветкі. Займаемся таксама ландшафтным дызайнам.
І зусім нядаўна ў нашым праекце з’явілася новая група «Праз мінулае да сучаснага», кіруе якой Марына Сцяпанаўна Пядачкіна. У групу ўваходзіць восем жанчын вельмі сталага ўзросту, якія спяваюць у фальклорным гурце «Макавея».
На свае пасяджэнні кіраўнікі ініцыятыўных груп запрашаюць людзей, у супрацоўніцтве з якімі мы зацікаўлены і можам далучыць іх да валанцёрскага руху. Гэта ў асноўным моладзь. А слова валанцёр вымаўляем цяпер з гонарам.

 

Марына Наваковіч,  першы сакратар  РК ГА "Беларускі  рэспубліканскі саюз  моладзі"

Марына Наваковіч, першы сакратар РК ГА «Беларускі
рэспубліканскі саюз моладзі»

Асноўная мэта валанцёрскага маладзёжнага руху БРСМ «Добрае сэрца» — далучэнне моладзі да працэсу вывучэння і вырашэння сацыяльных праблем грамадства, выхаванне ў яе пачуцця міласэрнасці і спачування. Рух заснаваны на традыцыях дабрачыннасці, аб’ядноўвае тых, хто дапамагае бязвыплатна, ад чыстага сэрца.
У кожнай установе адукацыі створаны рознаўзроставыя атрады, у склад якіх уваходзяць і валанцёры. Яны працуюць у сацыяльнай сферы і аказваюць дабрачынную дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, дзецям, бацькі якіх злоўжываюць алкаголем, і з апякунскіх сямей, адзінокім састарэлым людзям, актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі разнастайных экалагічных акцый, праектаў па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Нашы валанцёры ўдзельнічаюць у акцыі, накіраванай на супрацоўніцтва з царквой.
Маладыя людзі замацаваны  за дзецьмі, якія стаяць на прафілактычным уліку.
Спадзяюся, што супрацоўніцтва са старэйшымі, больш вопытнымі валанцёрамі, прынясе свой плён і ўсё ў нас атрымаецца, мы дапаможам многім, хто мае ў гэтым патрэбу.

 

 

Таццяна Дробыш,  каардынатар па рабоце з суполкамі Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

Таццяна Дробыш,
каардынатар па рабоце з суполкамі Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

Ва ўсім свеце валанцёрства ўспрымаецца як неабходная састаўная частка дзейнасці і жыцця людзей. За работай кожнага валанцёра стаіць канкрэтная справа, канкрэтная дапамога.
Сенненскі раён знаходзіцца сярод першых па дзейнасці валанцёрскіх суполак Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У вас больш чым у іншых раёнах ініцыятыўных груп, якія працуюць рэальна, уносяць вялікі ўклад у аказанне дапамогі многім людзям. Важна, што валанцёрскі рух не пусты гук і для тых, хто ў ім удзельнічае, і для тых, каму дапамагаюць.
Мне хочацца падзякаваць усіх валанцёраў Сенненшчыны, асабіста Зою Сцяпанаўну Фаміну, а таксама Святлану Уладзіміраўну Языкову, старшыню раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Тамару Мікалаеўну Смірнову, дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, старшынь сельвыканкамаў за падтрымку і разуменне важнасці і патрэбнасці валанцёрскай справы.
У ініцыятыўных групах раёна вядзецца рознапланавая работа, пачынаючы ад арганізацыі вольнага часу і заканчваючы нават нейкімі гістарычнымі доследамі.
Чырвоны Крыж зацікаўлены ў тым, каб валанцёры дапамагалі ў рабоце сястры міласэрнасці, не пакідалі без увагі састарэлых і іншых людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і  якім трэба даць магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял.
За падтрымку дзейнасці нашых ініцыятыўных груп у плане работы з пажылымі людзьмі выступіў Швейцарскі Чырвоны Крыж. Ужо сёлета зроблена сур’ёзнае ўкладанне ў іх арганізацыйнае развіццё. Мы пабывалі практычна ў кожнай групе. Правялі аналіз іх работы, далі ёй ацэнку, азнаёміліся з планамі. Гэта дало новы штуршок іх дзейнасці.
Акрамя таго, Швейцарскі Чырвоны Крыж хоча на тэрыторыі нашай краіны арганізаваць праект па здаровым ладзе жыцця, падобны таму, што працуе ў Кыргызстане. Яго прадстаўнікі сёлета наведвалі Сянно і ў гэтай зале дзяліліся з намі сваім вопытам.
Стартаваў праект Чырвонага Крыжа «Зерно», прысвечаны пашырэнню магчымасцяў пажылых людзей удзельнічаць у вырашэнні пытанняў, якія тычацца іх жыцця, сацыяльнага абслугоўвання ў першую чаргу. Мы прапаноўваем вашым ініцыятыўным групам уключыцца ў рэалізацыю гэтага праекта, абмеркаваць пытанні, якія найбольш хвалююць пажылых.
Спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва і яшчэ раз дзякую за плённую работу, за вашы канкрэтныя добрыя справы.

 Таццяна Буракова.
 Фота Андрэя Мурашэвіча.