Па галоўных вуліцах у парадным шэсці

s102-1Традыцыйнае шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак не першы год дае старт святочным мерапрыемствам на Сенненшчыне. Сёлета па галоўных вуліцах райцэнтра прайшліся калонай 22 пары навагодніх персанажаў. Сваіх Дзедаў Марозаў і Снягурак выставілі арганізацыі і прадпрыемствы горада, сельскія ўстановы культуры. Узначальваў парад галоўны Дзед Мароз. Побач з ім на імправізаваных санях сядзелі прыгажуня Снягурка і Новы Год. Усю чырвона-блакітную працэсію суправаджаў духавы аркестр.

Канечным прыпынкам стала цэнтральная плошча, дзе ўдзельнікаў параду з радасцю сустракалі дзетвара і дарослыя. s102-2Малыя з задавальненнем фатаграфаваліся з казачнымі персанажамі, у ліку якіх былі таксама мядзведзь, клоун, Бабкі-Ёжкі, кікімары. Не абышлося і без карагодаў вакол галоўнай Ёлкі.  Юныя сенненцы старанна чыталі вершы, спявалі, танцавалі, а навагоднія Дзяды шчодра адорвалі іх цукеркамі.
Усе ўдзельнікі параду таксама атрымалі ад яго дыпломы і падарункі. Між іншым, самы юны з іх, які выконваў ролю наступаючага 2014 года, вучыцца ў першым класе. А самай старэйшай навагодняй парай сталі салісты раённага хора ветэранаў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.

IMG_6635_