Новы год сабраў сяброў

102N1Выхаванцы Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната ў сваёй большасці сустракаюць навагодняе свята дома. Але прэлюдыяй да гэтага становіцца школьная ёлка. Так здарылася і сёлета. Школьны карагод сабраў у сваё кола не толькі дзяцей і педагогаў.

У навучальную ўстанову завіталі госці. Салідныя дзядзькі ў строгіх касцюмах з упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці падаравалі школе інтэрактыўную дошку, якая спросціць працу настаўнікам і заахвоціць да пошуку ведаў дзяцей. Абласны абкам прафсаюза работнікаў Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі ў якасці навагодніх падарункаў уручыў адміністрацыі школы лыжы, гімнастычныя маты, мячы, іншы спартыўны інвентар, настольныя дзіцячыя гульні, а таксама ёлачныя цацкі і ўпрыгажэнні. З вялізным акварыумам з’явіўся ў школе старшыня Багушэўскага сельвыканкама Вячаслаў Багданаў. Падарунак быў набыты за грошы дзяржаўных служачых мясцовага органа ўлады і багушэўскіх прадпрымальнікаў.102N2
Добра падрыхтаваліся да  навагодняга свята і дзеці. Вучні 1 — 5 класаў паказалі прадстаўленне «Навагоднія прыгоды Брэменскіх музык». Сцэнарый яго напісала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Сініца, музычнае суправаджэнне — Ігара Крутава. Удзел у навагоднім прадстаўленні прынялі іншыя настаўнікі і выхавацелі школы-інтэрната. На сцэне «зажигали» Валянціна Марціновіч, Таццяна Круць, Таццяна Мельнікава, Алена Румо, Юлія Аляшкевіч, Алеся Герасімава, Ірына Янчанка, Святлана Карніцкая. І іх старанні былі ўзнагароджаны дзіцячай радасцю, шчырымі ўсмешкамі і добрым настроем, што панаваў у час «Навагодняга карнавалу» і пры падрыхтоўцы да яго. Дарэчы, большая частка карнавальных касцюмаў была пашыта, склеена рукамі настаўніцы працоўнага навучання Людмілы Шухто, работнікамі школы Аленай Лабзовай, Ларысай Шарай, выхавацелямі школы-інтэрната.
Для школьнікаў 6 — 9 класаў была падрыхтавана праграма «навагодні серпанцін». Яна насіла забаўляльна-пазнавальны характар, бо  Людміла Казлова, Ігар Крутаў, Таццяна Сініца ўлічылі ўзрост удзельнікаў, пастараліся, каб старшакласнікі не толькі павесяліліся, але і праявілі свае веды, эрудыцыю.
Навагодняе прадстаўленне стала нагодай адзначыць вынікі агульнашкольнага спаборніцтва, якое праводзіцца паміж класамі. Пераможцы атрымалі салодкія прызы, якімі падзяліліся з усімі ўдзельнікамі карнавала.
Новы год — сямейнае свята. А яшчэ, гэта магчымасць для дарослых праявіць найлепшыя чалавечыя якасці ў адносінах да дзяцей, чым і скарысталіся госці навагодняга свята Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната. Вялікі ім за гэта дзякуй.

Юрый УСАЧОЎ, дырэктар Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната.
 НА ЗДЫМКАХ: фундатары і вучні школы-інтэрната — фота на памяць; на сцэне «брэменскія» музыкі.