Дзяжурны рэпарцёр (№101)

tel_doveriyaАдказ атрымаеце асабіста
Міхаіл Данілавіч Скапа, жыхар вул.Мічурына райцэнтра, пацікавіўся ў дзяжурнага па рубрыцы, ці будзе ў Сянно працаваць правадное радыё. Маўляў, чуў дзесьці, што ліквідаваць яго забаранілі.
Начальнік Сенненскага раённага вузла электрасувязі Андрэй Пусцельнікаў паабяцаў адказаць на гэта пытанне спадару Скапе асабіста.

Пасажыр у замкнутым крузе
Жыхарка в.Какоўчына Лідзія Леанідаўна Шкіндзерава з абурэннем паведаміла, што два панядзелкі запар не было ранішняга рэйсу аўтобуса Сянно-Някрашава (цераз Нямойту), якім вяскоўцы дабіраюцца да райцэнтра. З-за адмены рэйса жанчына не змагла трапіць на ўльтра-гукавое абследаванне ў раённай паліклініцы. Цяпер на новую чаргу на УЗІ можна будзе  запісацца толькі ў студзені.
Як расказала Лідзія Леанідаўна, на пытанне, чаму адмянілі рэйс, дыспетчар аўтастанцыі г.Сянно адказала, што не хапае аўтобусаў.
Але гэта не павінна быць праблемай пасажыраў, як і тое, што рэйс лічыцца нерэнтабельным, справядліва заўважыла жанчына. А даходаў, па яе меркаванні, рэйс не прыносіць, таму што вадзіцелі часта не даюць пасажырам білеты. Трэба, каб у аўтобусе праехаў кантралёр, як гэта было раней. Тады стане вядома, колькі пасажыраў карыстаюцца гэтым рэйсам, лічыць Лідзія Шкіндзерава.
Дырэктар АТП-20 Мікалай Рыбчанка так пракаментаваў сітуацыю. У аўтапрадпрыемстве не хапае вадзіцеляў, таму забяспечваць рэйсы аўтобусамі часта бывае праблематычна. Вадзіцелі доўга не затрымліваюцца ў АТП з-за нізкай зарплаты. А павысіць яе няма магчымасці, бо прыгарадныя рэйсы прыносяць прадпрыемству вялікія страты. Што ж тычыцца білетаў, дык пасажыры абавязаны іх патрабаваць у вадзіцеля.
Адным словам, атрымліваецца нейкі ганебны круг: рэйсы адмяняюць, таму што няма аўтобусаў, аўтобусаў не хапае, таму што няма вадзіцеляў, вадзіцелі звальняюцца з-за нізкай заработнай платы, якую нельга павысіць з-за стратнасці рэйсаў, што так патрэбны пасажырам, якіх мала, ды і ім шафёры білеты не даюць, каб неяк павысіць свой заробак, тым самым зніжаючы рэнтабельнасць работы пасажырскага парка…
 
Аператыўнасць даўжынёй у два тыдні
Жыхар в.Сінягорскае Васіль Аркадзьевіч Кошалеў паскардзіўся на тое, што яму на працягу дванаццаці дзён пасля падачы заявы не падключылі інтэрнэт. Праўда, сувязісты прыязджалі дні праз 3-4 да Васіля Аркадзьевіча, але без папярэджання (хаця нумары сваіх тэлефонаў ён пакідаў у РУЭСе), таму і не заспелі яго дома.
Цяпер мужчына не ведае, што яму рабіць: ці то чакаць далей, ці то скардзіцца начальніку раённага вузла электрасувязі, што ён ужо і спрабаваў, але не змог дазваніцца.
Начальнік Сенненскага РУЭС Андрэй Пусцельнікаў у адказ на тэлефанаванне дзяжурнага па рубрыцы паабяцаў, што інтэрнэт жыхару вёскі Сінягорскае будзе падключаны ў самы бліжэйшы час,  магчыма нават сёння (наша гутарка адбывалася 19 снежня).

 Таццяна Буракова.