У чаканні вялікай радасці

rogdestvo-542x407Заўтра католікі ўсяго свету адзначаць светлае свята Божага Нараджэння. У гэтую Cвятую Ноч імя Збаўцы будуць услаўляць і ў парафіі Святой Тройцы. Адна з верніц, Наталля Сочнева, жыхарка райцэнтра, згадзілася расказаць чытачам «ГС» пра калядныя традыцыі ў каталіцкіх сем’ях.

— Раству Хрыстову папярэднічае 4-тыднёвы пост, так званы Адвэнт. Ён пачынаецца 1 снежня і працягваецца да 24 снежня. Гэта час абмежаванняў у ежы, у вясёлых забавах, час, які трэба праводзіць у малітвах. Але тут няма строгіх рамак. Кожны выбірае для сябе — прытрымлівацца посту ці не. У Адвэнт душа чалавека знаходзіцца ў прадчуванні радаснай падзеі.
Сёння, з узыходам першай зоркі на небе, сям’я Наталлі Аляксандраўны сядзе за вігілійную вячэру. Папярэдне стол адмыслова ўпрыгожваецца: кладзецца сена, паверх яго засцілаецца белы абрус. Атмасферу свята ствараюць кампазіцыі з яловых лапак са свечкамі. На стале, згодна традыцыі, павінны стаць 12 страў. Але ўсе яны посныя. Звычайна падаюцца грыбы, рыба, куцця.
— Я, напрыклад, запякаю бульбу з грыбамі. Рэцэпт вельмі просты. Замарожаныя грыбы (пажадана белыя) абсмажыць у невялікай колькасці алею, асобна абсмажыць нацёртыя моркву і цыбулю. Выкладваць у форму слаямі. Верхні слой — скрылёчкі бульбы. Дадаць крыху гатаванай вады і паставіць у духоўку на 35-40 хвілін.
Перад тым, як пачаць вячэру, абавязкова прамаўляецца малітва, а затым прынята дзяліцца аплаткамі (невялікія кавалкі белага хлеба), пры гэтым жадаюць усяго добрага, просяць прабачэнні.
Бліжэй да апоўначы вернікі спяшаюцца ў касцёл на Пастэрку — урачыстую Імшу. Да свята храмы ўпрыгожваюцца ялінкамі, кампазіцыямі на тэму біблейскіх сюжэтаў.
— Дома мы ставім ёлку на двары, — кажа Наталля Аляксандраўна.
Пасля святочнай службы ў ежу можна ўжываць скаромнае.
— Свята прынята адзначаць у сямейным коле. У гэты дзень збіраюцца разам усе блізкія і родныя. Будзе нонсэнс, калі чалавек не прыедзе на Раство дадому.
Маёй субяседніцы каталіцкая вера перадалася ад бабулі, полькі па нацыянальнасці. Па яе рашэнні маленькую Наталлю тайна пахрысцілі ў касцёле горада Бярдычаў (Жытомірская вобласць, Украіна). Цікава, што «сакрамэнт» (таінства) быў здзейснены  7 лістапада, у «чырвоны дзень календара».
Дзед Наталлі Аляксандраўны, украінец і камуніст, удзельнічаў у Вялікую Айчынную вайну ў абароне Севастопаля. Пасля вайны быў старшынёй калгаса. Але іконы ў сям’і ніколі не хавалі, перад ядой і пасля абавязкова хрысціліся.
— Наколькі я памятаю, касцёл у Бярдычаве ў савецкія часы не зачыняўся. Бабуля рэгулярна ездзіла на службы, фэсты (святы парафій) і часта брала мяне з сабой.
Захаваўся ў яе памяці і такі выпадак.
— Аднойчы я прачнулася ноччу ад дзіўнага, манатоннага і пры гэтым нейкага цёплага гучання слоў на незнаёмай для мяне мове. Гэта бабуля малілася па-польску. Калі я падрасла, яна стала вучыць мяне малітвам. Сваім прыкладам яна паказала, што значыць быць веруючым чалавекам.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.