ТАК — партнёрству, НЕ — канфрантацыі

24-12s3Дзейнасць прафсаюзных камітэтаў па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў праз сістэму калектыўна-дагаворных адносін стала галоўнай тэмай абмеркавання на нядаўнім пленуме райкама прафсаюза работнікаў АПК. Яго было вырашана спалучыць з вучобай прафсаюзнага актыву.

У рабоце пленума прынялі ўдзел прадстаўнікі Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК: галоўны прававы інспектар працы Міхаіл Казлоўскі, галоўны спецыяліст па сацыяльна-эканамічнай рабоце Тамара Чумакова, галоўны тэхнічны інспектар працы Міхаіл Лабко, члены прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў АПК, кіраўнікі пярвічных арганізацый.
З асноўным дакладам выступіў старшыня Сенненскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Анатоль Кучынскі.
Ён падкрэсліў, што асноўная задача прафсаюза — прадстаўляць і абараняць інтарэсы працоўных, клапаціцца пра захаванне працоўных правоў, аператыўна рэагаваць на іх парушэнні. Але рабіць гэта трэба не шляхам канфрантацыі з працадаўцам, а ўстанаўленнем паміж наймальнікам і работнікамі партнёрскіх адносін, якія забяспечаць баланс інтарэсаў абодвух бакоў. Прававым інструментам у гэтай справе з’яўляецца калектыўны дагавор.
На сённяшні дзень на ўліку ў Сенненскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК знаходзіцца 20 пярвічных суполак, дзейнічае 19 калектыўных дагавораў.
Анатоль Леанідавіч падрабязна расказаў пра асноўныя аспекты, якія павінны ўтрымлівацца ў дагаворы.
Па-першае, гэта заработная плата.  Адным з прыярытэтных напрамкаў па выкананні калектыўных дагавораў з’яўляецца сумесная работа па набліжэнні размера заработнай платы ў сельскай гаспадарцы да ўзроўню сярэднямесячнай аплаты у цэлым па народнай гаспадарцы. А пакуль узровень аплаты працы сельгасработнікаў застаецца адным з самых нізкіх. Фіксуюцца выпадкі затрымання выплат, несвоечасова пералічваюцца прафсаюзныя ўзносы.
У такой сітуацыі неабходнай становіцца матэрыяльная падтрымка праз стымулюючыя выплаты, устаноўленыя калдагаворам. Істотна павысіць сацыяльную абароненасць работнікаў закліканы і так званы «сацыяльны пакет». Шырокі пералік дадатковых выплат прадугледжаны ў ПУП «Дружбінец», ААТ «Студзёнка», «Бяленева». Так, у прыватным сельгаспрадпрыемстве памер выплат устаноўлены ў памерах мінімальнай заработнай платы, а не ў прывычнай базавай велічыне. Для работнікаў ААТ «Студзёнка», напрыклад, калдагаворам прадугледжана 100% аплата кошту праезда. У ААТ «Бяленева» бясплатна забяспечваюць кармамі свойскую жывёлу работнікаў. Спрыяльныя ўмовы працы створаны ў Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі.
Асобна Анатоль Леанідавіч спыніўся на захаванні працоўнага заканадаўства. У раёне захавана сістэма прафсаюзнага грамадскага кантролю, якая пільна сочыць за выкананнем заканадаўчых нормаў. Тым не менш парушэнняў пазбегчы не ўдаецца. Самыя распаўсюджаныя: парушэнне тэрмінаў і памераў выплаты заработнай платы; не аплачваецца работа за звышурочны час, у святочныя дні; не ўлічваецца ў табелях працоўнага часу праца ў напружаны перыяд сельскагаспадарчых работ, калі працягласць працоўнага дня фактычна можа дасягаць 12 гадзін у суткі; у шэрагу арганізацый работнікі не азнаёмлены з Правіламі ўнутранага распарадку і калектыўным дагаворам; пры заключэнні кантрактаў наймальнікі не заўсёды ўносяць у іх такія абавязковыя ўмовы, як аплата працы, колькасць дзён працоўнага адпачынку і інш. Кожнае выяўленае парушэнне разглядалася на прэзідыумах раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Прычына шэрагу парушэнняў — невысокі ўзровень прававых ведаў асобных спецыялістаў. У сувязі з гэтым райкаму неабходна засяродзіць свае намаганні на прававым абучэнні спецыялістаў і прафактыву, вядзенні згуртаванай работы з адпаведнымі дзяржструктурамі.
Адной з вострых застаецца тэма аховы працы. У жніўні гэтага года на комплексе «Багданава» адбыўся трагічны выпадак. У выніку яго падсобны рабочы ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» атрымаў моцныя цялесныя пашкоджанні. За 2013 год у вобласці зафіксаваны 8 выпадкаў вытворчага траўматызму, 4 — са смяротным зыходам. 50% іх здарылася з работнікамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Па меркаванні Анатоля Кучынскага, для таго каб пазбегнуць трагедый у далейшым, трэба актывізаваць дзейнасць (у тым ліку матэрыяльна зацікавіць) грамадскіх інспектароў.
Увага ў выступленні была нададзена сацыяльнай абароне моладзі. Меры ў гэтым накірунку прадугледжаны ва ўсіх калдагаворах, аднак, па словах старшыні райкама, ёсць асобныя праблемы па іх выкананні.  Між тым у сельскай гаспадарцы ўжо сёння адчуваецца кадравы голад.
Анатоль Кучынскі акцэнтаваў увагу прысутных і на такіх важных момантах прафсаюзнай работы, як падтрымка пенсіянераў, ветэранаў, аздараўленне дзяцей работнікаў аграпрамысловага комплексу, арганізацыя працоўнага спаборніцтва, культурна-масавай і спартыўнай работы. Са станоўчага боку ў гэтым плане Анатоль Леанідавіч адзначыў прафсаюзныя камітэты ААТ «Літусава», «Сенненскі райаграсэрвіс», УП «Сенненскае ПМС», «Сяннобудмеліяводгас».
У спрэчках па асноўным дакладзе выступілі прафсаюзныя лідары ААТ «Студзёнка», «Бяленева», КУСГП імя Гараўца.
На пленуме прайшлі давыбары ў склад райкама і рэвізійнай камісіі.
Завершыўся пленум вучобай прафсаюзнага актыву. Спецыялісты  абкама прафсаюза работнікаў АПК засяродзілі ўвагу прысутных  на пытанні састаўлення калектыўных дагавораў, захаванні заканадаўства аб ахове працы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота аўтара.