Новаўвядзенні выбарчай кампаніі
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі дваццаць сёмага склікання назначаны на 23 сакавіка 2014 года. Адпаведны ўказ № 557 Прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 снежня.
Фінансаванне выбарчай кампаніі будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На падрыхтоўку і правядзенне мясцовых выбараў у Беларусі плануецца патраціць Br100 млрд.
Cтаршыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што амаль 70% расходаў выбарчай кампаніі складаюць расходы на выплату ўзнагароджання членам выбарчых камісій. Усяго ў Беларусі толькі ў выбарчых камісіях будуць заняты амаль 80 тыс. чалавек.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на істотнае новаўвядзенне маючых адбыцца мясцовых выбараў — выбаршчыкі змогуць галасаваць толькі па месцы рэгістрацыі, пастаяннай або часовай. Гэта дасць магчымасць прадухіліць двайное галасаванне.
Яшчэ адно новаўвядзенне, якое закране кампанію па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, — інстытут абавязковай акрэдытацыі для нацыянальных наглядальнікаў на выбарах. Увядзенне акрэдытацыі дасць магчымасць вырашыць шэраг праблем, з якімі сутыкаліся камісіі. Раней нацыянальнага наглядальніка, які парушыў закон, можна было толькі выдаліць з пасяджэння. Цяпер мясцовых наглядальнікаў можна будзе пазбавіць акрэдытацыі да завяршэння выбарчай кампаніі. Раней акрэдытацыя была патрэбна толькі замежным наглядальнікам. Лідзія Ярмошына ўдакладніла, што замежных наглядальнікаў на мясцовыя выбары запрашаць не плануецца, паколькі міжнародныя абавязацельствы Беларусі не прадугледжваюць такі абавязак.
Кіраўнік Цэнтрвыбаркама закранула некаторыя новаўвядзенні, якія чакаюць кандыдатаў у дэпутаты на этапе падачы звестак для рэгістрацыі. Кандыдаты будуць абавязаны паведамляць аб усіх крымінальных судзімасцях, якія мелі месца ў іх жыцці, нават калі яны былі пагашаны або зняты. Акрамя таго, тыя, у каго няма афіцыйных крыніц даходу, будуць пазначаць у дэкларацыі аб даходах і маёмасці крыніцу, за кошт якой яны існуюць.
Адначасова з выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў пройдуць паўторныя выбары па Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36, таму што ў час парламенцкіх выбараў у 2012 годзе дэпутат ад яе не быў выбраны.
У адпаведнасці з заканадаўствам, у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў могуць удзельнічаць грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі. У той жа час яны не ўдзельнічаюць у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, з улікам прынятых нядаўна паправак у выбарчае заканадаўства лідара выбарчай гонкі вызначаць па прынцыпе адноснай большасці, а не абсалютнай, як было раней.
Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі дваццаць сёмага склікання размешчаны на сайце Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў у раздзеле «Выбары-2014».
Згодна з планам, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне шляхам падачы заявы змогуць не пазней за 24 снежня ўключна вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. Для гэтага трэба прадставіць дакументы аб вылучэнні ў органы, што ўтвараюць камісіі. Гэта прэзідыумы абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветаў дэпутатаў і адпаведныя выканаўчыя камітэты, гарадскія (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія выканаўчыя камітэты.
Утварэнне тэрытарыяльных выбарчых камісій павінна адбыцца не пазней як за 85 дзён да выбараў, у нашым выпадку — не пазней за 27 снежня ўключна. Пасля гэтага, у адпаведнасці з планам, павінны быць утвораны выбарчыя акругі, спісы якіх будуць апублікаваны не пазней за 1 студзеня 2014 года. Не пазней за 3 студзеня палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне шляхам падачы заяў змогуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій, а таксама тэрытарыяльных выбаркамаў, якія ажыццяўляюць у раёнах Мінска паўнамоцтвы акруговых выбарчых камісій па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. Прадаставіць дакументы трэба ў прэзідыумы абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, якія не пазней за 6 студзеня ўтвараюць акруговыя выбарчыя камісіі.
Участкі для галасавання будуць створаны не пазней за 21 студзеня. Участковыя выбарчыя камісіі павінны быць створаны не пазней за 5 лютага. Сюды палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне шляхам падачы заяў вылучаюць сваіх прадстаўнікоў не пазней за 2 лютага. Дакументы аб вылучэнні неабходна прадставіць у раённыя, гарадскія выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў пройдзе з 12 студзеня па 10 лютага, пасля чаго тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі з 11 па 20 лютага правядуць рэгістрацыю кандыдатаў. Перадвыбарная агітацыя стартуе з дня рэгістрацыі прэтэндэнтаў на дэпутацкі партфель і прадоўжыцца па 22 сакавіка. Акрамя таго, з дня рэгістрацыі кандыдаты ў дэпутаты або іх прадстаўнікі па фінансавых пытаннях могуць адкрываць спецыяльныя выбарчыя рахункі.
Датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя Саветы пройдзе з 18 па 22 сакавіка. Дзень выбараў назначаны на 23 сакавіка.
Звесткі аб выніках выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў вобласці па кожным узроўні мясцовых Саветаў дэпутатаў, Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў і складзе выбраных дэпутатаў будуць прадстаўлены ЦВК не пазней за 29 сакавіка.