Урок-падарожжа па роднай зямлі

Зноў восень запрасіла дзяцей у школу. У новым навучальным годзе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прапанавала правесці ў агульнаадукацыйных установах урок, прысвечаны грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню, па тэме «Беларусь — краіна маёй будучыні».

 1 верасня бібліятэка гарадскога пасёлка Багушэўск гасцінна адчыніла дзверы для вучняў 3 «А» класа (класны кіраўнік  Таццяна Пятроўна Зайко), 4 «А» класа (класны кіраўнік Ларыса Дзмітрыеўна Аўчыннікава), 5 «Б» класа (класны кіраўнік Інга Віктараўна Глебава).

 У ролі настаўнікаў для вучняў выступілі бібліятэкары Лідзія Фёдараўна Драздова і Жанна Яўгенаўна Цуран.

 Урок-падарожжа «Давай ганарыцца, што мы — беларусы» распачала Лідзія Фёдараўна Драздова. Першая старонка падарожжа заклікала дзяцей асэнсаваць лексіч­нае значэнне назвы Радзімы, усвядоміць, хто такія беларусы.

 Прадоўжыла падарожжа па гістарычным летапісу роднай зямлі Жанна Яўгенаўна, якая пранікнёна прадэкламавала ва ўступным слове верш Івана Лазукі «Багушэўск».

 130 год прайшло з дня заснавання гарадскога пасёлка Багушэўск. Колькі цікавых падзей адбылося за гэты час! Колькі знакамітых людзей нарадзілася і жыло ў гэтым маляўнічым кутку.

 Трэцяя старонка падарожжа для дзяцей была не менш цікавая, чым папярэднія, — сустрэча з творчым чалавекам, паэтам, кампазітарам (аўтарам слоў і музыкі гімна г.п. Багушэўск, песні «Багушэўскі вальс»), выканаўцам, кіраўніком гурта «Медуніца» пры  Доме культуры Палінай Сяргееўнай Пядачкінай.

 У шкло бібліятэкі стукалі халодныя кроплі дажджу, гудзеў асенні вецер, але вучні не заўважалі, бо былі ў «палоне» вершаванай легенды пра Лысую гару вёскі Магілёўка.

 Вельмі развесяліла рабят байка «На рыбалцы» пра сяброўку Паліны Сцяпанаўны. Пры чытанні верша пра лес  слухачам было прапанавана закрыць вочы і ўявіць свой мілы сэрцу куточак.

 Змястоўнымі і цікавымі атрымаліся першыя заняткі для пачаткоўцаў. У выніку такой работы дзеці атрымалі ўрок дабрыні, справядлівасці, чуласці. Была закла­дзена цаглінка ў падмурак адказнасці за свае ўчынкі, пачуцця любові і павагі да Беларусі, гонару за родны край, прывіцця цікавасці да гісторыі Бацькаўшчыны.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *