У прафесію прывёў… прас

IMG_0152_Згадзіцеся, спецыяльнасць «інжынер-электрык» не зусім жаночая. Аднак менавіта яе набыла Марыя Курановіч (на здымку), скончыўшы Беларускі політэхнічны інстытут.

— Адкуль такая прыхільнасць да гэтай прафесіі? — пытаюся ў маёй субяседніцы. — Напэўна ў сям’і былі электрыкі?
— Не, электрыкаў не было. Неяк, яшчэ школьніцай, адрамантавала прас. Вось і рашыла: раз атрымалася, значыць гэта маё. Буду электрыкам, — і жартам і ўсур’ёз адказвае Марыя Браніславаўна.
У 1987 годзе пасля заканчэння ВНУ ўраджэнка горада Ваўкавыска Гродзенскай вобласці па размеркаванні прыехала на Шаркаўшчыну. Прыбыў сюды і муж, таксама выпускнік «палітэха». Каб працаваць разам, маладыя людзі пажаніліся на чацвёртым курсе. І ў той час, і цяпер так робяць многія студэнцкія пары.
Марыя працавала ў Шаркаўшчынскім РЭСе інжынерам, дыспетчарам, старшым дыспетчарам, яе муж Анатоль — майстрам.
А сем гадоў назад перабраліся ў Сянно. Сенненцы, якім  даводзілася ў той час звяртацца да мясцовых энергетыкаў, памятаюць кампетэнтнага, вытрыманага і абаяльнага начальніка РЭСа Анатоля Курановіча. Заўважылі якасную работу раённага кіраўніка і ў вобласці. Цяпер Анатоль Генрыхавіч займае пасаду намесніка дырэктара філіяла Аршанскія электрычныя сеткі.
А яго жонка па-ранейшаму працуе інжынерам Сенненскага раёна электрасетак. У кола яе службовых абавязкаў уваходзіць работа з насельніцтвам па прынцыпе «адно акно». Людзі, якім трэба падключыць электрычнасць да сваіх новабудоўляў, за дапамогай звяртаюцца да Марыі Браніславаўны. Наведвальнікі пішуць толькі заяву. А зрабіць усё неабходнае, каб у іх дамах з’явілася святло, — справа Марыі Браніславаўны. Яна выязджае на месца для агляду аб’екта, прычым у той час, калі зручна кліенту. Малюе схемы, робіць праекты, збірае ўсю дакументацыю, узгадняе неабходныя пытанні з арганізацыямі энерганагляду і энергазбыту. Па правілах на падключэнне новага абанента даецца пяць дзён. Але на самой справе амаль заўсёды паслуга прадастаўляецца намнога хутчэй.
Супрацоўніка службы «адно акно» адрознівае такая цудоўная рыса, як камунікабельнасць, якая вельмі дапамагае ў рабоце. Марыя Браніславаўна заўсёды імкнецца дапамагчы людзям, растлумачыць тое ці іншае пытанне, даць слушную параду, як мага дакладней і якасней выканаць свае абавязкі. І людзі застаюцца задаволенымі. Пацверджанне таму — неаднаразовыя звароты ў раённую газету жыхароў горада і раёна з просьбамі падзякаваць на старонках «ГС» добрасумленнай і кампетэнтнай работніцы.
«Якасць паслугі залежыць не толькі ад маёй работы, — гаворыць Марыя Браніславаўна. — Непасрэдна падключэннем займаецца брыгада Сяргея Маханькова ў складзе электраманцёра Валерыя Прусава і вадзіцеля Анатолія Каваленкі. Хлопцы заўжды працуюць якасна і надзейна».
У абавязкі Марыі Курановіч таксама ўваходзіць праверка рабочых месцаў на прадмет захавання правілаў тэхнікі бяспекі, адпаведнасці патрабаванням нормаў аховы працы і іншая работа. Адным словам, спраў хапае. Але за ўвесь час працы жанчына не мела нараканняў ні ад кліентаў ні ад кіраўніцтва.
А ў вольны час, як і многія прадстаўніцы лепшай паловы чалавецтва, яна займаецца агародам, вырошчваннем кветак. «Люблю калоць дровы, касіць траву, — прызнаецца мая субяседніца. — З дзяцінства прызвычаілася да гэтай работы, бо ў бацькоўскай сям’і былі толькі дзяўчынкі — я і дзве сястры».
Марыя Браніславаўна і сама мнагадзетная маці. У яе таксама тры дачкі. Старэйшыя выбралі прафесію педагога, малодшая яшчэ школьніца. «Яе вось і агітуем ісці па нашых слядах. Няхай прадоўжыць дынастыю, раз хлопчыка не нарадзілі»,— усміхаецца  наша гераіня.
Сапраўды, калі людзей аб’ядноўваюць не толькі сваяцкія адносіны, але і агульнасць прафесійных інтарэсаў, тады і жыць цікавей і працаваць лягчэй.

     Таццяна Буракова.