Лепшая ацэнка — удзячнасць бацькоў

DSCI0012_Калі я прыйшла ў яслі-сад №2 г.Сянно па просьбе бацькоў,  якія хацелі,  каб газета расказала пра добрую работу выхавальніцы іх дзяцей Вольгі Кандрацьевай, у групе Вольгі Леанідаўны было незвычайна ціха. Я нават падумала, што там нікога няма. Але адчыніўшы дзверы, убачыла, што дзеці вячэраюць. Яшчэ больш у выхаванасці малых упэўнілася, калі на маё «Смачна есці»  група дружна адказала «Дзякуй!»

Згадзіцеся, па адным гэтым невялічкім эпізодзе ўжо можна скласці першапачатковае ўражанне пра работу выхавальніцы.
У яслях-садзе №2 Вольга Леанідаўна працуе дваццаць гадоў. Праз яе рукі прайшло шмат дзяцей. Яны панеслі з сабой у далейшае жыццё добрыя якасці, якія заклала ў іх душы  «другая мама». А веды і ўменні, што атрымалі ў садку, дапамаглі хутчэй адаптавацца да школы.
«Вольга Леанідаўна — педагог творчы. Заўсёды шукае новыя цікавыя падыходы і метады абучэння і выхавання, прымае актыўны ўдзел у жыцці калектыву»,— гаворыць загадчыца дашкольнай установы Святлана Новікава.
Педагог першай кваліфікацыйнай катэгорыі, Вольга Леанідаўна апошнія пяць гадоў працавала, выкарыстоўваючы элементы развіваючай тэхналогіі «ТРИЗ». За добрыя вынікі работы была ўзнагароджана граматай раённага аддзела адукацыі.
Але творчая натура педагога не дазволіла спыніцца на дасягнутым. Выхавальніцу зацікавіла новая інавацыйная тэхналогія, накіраваная на развіццё матэматычных здольнасцей і лагічнага мышлення дзяцей.
Дарэчы, Вольга Леанідаўна ніколі не баялася новага. Гадоў сем назад, калі ў садку ўпершыню арганізоўвалася адаптацыйная група выхаднога дня, Кандрацьева стала першай яе выхавальніцай.
Вопытны педагог разумее, што толькі ва ўзаемадзеянні з сям’ёй можна дасягнуць поспеху ў справе выхавання, таму вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з бацькамі. Апошнім мерапрыемствам з іх удзелам было свята «Дажынкі», праведзенае разам з групай выхавальніцы Святланы Савельевай і з музычным кіраўніком Наталляй Клячынай.
Але работа з бацькамі — гэта не толькі правядзенне сумесных мерапрыемстваў, лічыць Вольга Леанідаўна. Гэта штодзённая карпатлівая праца па наладжванні зносін, узаемаразумення, узаемадапамогі ў выхаванні дзяцей. Выхавальніца заўсёды адкрытая для дыялогу, заўсёды гатова параіць, падказаць. Сама не лічыць за сорам папрасіць, калі трэба, парады ў бацькоў. Хаця вопыту ў выхаванні ёй не займаць, і не толькі «вытворчага», але і асабістага. Дваіх сваіх сыноў, Яўгена і Сцяпана, і дачушку Машу Вольга Леанідаўна выхоўвае сапраўднымі, дастойнымі людзьмі.
Бацькі падапечных Кандрацьевай заўсёды знаходзяць агульную мову з выхавальніцай, заўсёды спакойныя за сваіх сыноў і дачок, таму што аддаюць іх у надзейныя, добрыя рукі.
Маці траіх дзяцей Адэля Бабіч, сын якой наведвае групу Вольгі Леанідаўны, прыйшоўшы за сваім Эльдарам, ахвотна падзялілася з карэспандэнтам сваімі думкамі і ўражаннямі:
— Вольга Леанідаўна спадабалася мне з першага знаёмства, сваёй добразычлівасцю, памяркоўнасцю. Мой сын два гады наведвае дзіцячы сад. І я пакідаю яго там са спакойнай душой, бо яшчэ з парогу бачна, як будуюцца адносіны выхавальніцы і выхаванцаў. Кожнае дзіця Вольга Леанідаўна абдыме, прылашчыць. Такім чынам з самага ранку ствараецца настрой на станоўчую сумесную дзейнасць на працягу ўсяго дня. А якія прыгожыя прычоскі робіць выхавальніца дзяўчынкам, усім розныя, арыгінальныя!
Цікава і запамінальна праходзяць і заняткі, бо сын заўсёды расказвае пра тое, што было ў садку, хоча рабіць гэта і дома, прымушае маму разам з ім ляпіць, маляваць, чытаць кніжкі…
Якім дзіця пакіне садок, як будзе падрыхтавана да школы, у многім залежыць ад выхавальніка. Лічу, што ў гэтым сэнсе нам вельмі пашанцавала.
Да таго ж у групе склаўся добры тандэм. Памочнік выхавальніцы Галіна Мікалаеўна Казлова вельмі ўдала дапаўняе Вольгу Леанідаўну. Такая ж спакойная, ураўнаважаная. Працуючы разам не першы год, жанчыны з паўслова разумеюць адна адну. Іх добрая аура добратворна ўздзейнічае на дзяцей. Нават кветкі растуць у групе добра.
У групе праводзяцца шмат мерапрыемстваў, у час якіх таксама адчуваецца, што выхавальніца з’яўляецца аўтарытэтам для дзяцей. Увогуле я лічу, што Вольга Леанідаўна — выхавальніца ад Бога.
Такі водгук — лепшая ацэнка работы педагога.

Таццяна Буракова.
  На здымку:  Вольга Кандрацьева ў час аднаго з мерапрыемстваў.