Абяцаем шырокі асартымент і высокую культуру абслугоўвання

Артыкул «Залатыя правілы гандлю па-сенненску«, надрукаваны ў №87 нашай газеты, меў досыць шырокі рэзананс, абмяркоўваўся не толькі нашымі чытачамі і на сайце раённай газеты.

Адрэагавала на яго праўленне Сенненскага райспажыўтаварыства. У пісьме, дасланым рэдакцыі, паведамляецца, што «даны артыкул разгледжаны на нарадзе з матэрыяльна-адказнымі асобамі ў г.Сянно 4 снежня, у г.п. Багушэўск — 3 снежня.
Вінаватыя асобы прыцягнуты да матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці па выніках работы за лістапад 2013 года».
Прыняты іншыя захады. І не толькі для павышэння культуры абслугоўвання пакупнікоў,  а для таго, каб наладзіць больш шырокі продаж прадуктаў харчавання. «Па просьбе пакупнікоў  адноўлена работа магазіна «Рыба», дзе прадстаўлены шырокі асартымент рыбатавараў па нізкіх цэнах», — напісана ў пісьме за подпісам старшыні праўлення райспажыўтаварыства Аляксандра Пуцяты. Пры гэтым, праўда, сціпла замоўчваецца, што «прасіць» пакупнікам давялося не адзін і, нават, не два месяцы. І, каб не газетны артыкул, не сур’ёзная канкурэнцыя з боку прыватнага гандлю ў сферы продажу рыбы, ці пачула б праўленне голас пакупнікоў?
«Сенненскае райспажыўтаварыства просіць выбачыць за дапушчаныя з нашага боку парушэнні і запрашае за пакупкамі ўсіх жыхароў і гасцей нашага раёна», — чытаем у канцы допісу. Ёсць і абяцанне «прыкласці ўсе намаганні, каб ніхто не пайшоў ад нас без пакупак і добрага настрою». Хочацца верыць у шчырасць гэтых слоў. Але вывады робяцца не па іх, а па канкрэтных справах і акцыях.

Наш кар.