У кожнага свая вайна

IMG_2619_Здавалася б, што гераічнага ў тым, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны жанчыны мылі адзенне салдат? Аднак за гэтым заняткам стаяла не толькі цяжкая фізічная праца…

Мылі і часам плакалі, —  успамінае Зінаіда Мандрык, жыхарка гарадскога пасёлка Багушэўск. — Плакалі ад убачанай скрываўленай бялізны. Пераглянемся між сабой моўчкі, апусцім вочы…
Вайна і сёння сніцца ёй начамі. «Не адпускае, — гаворыць Зінаіда Гаўрылаўна, пагладжваючы свае маршчыністыя рукі. — Дае пра сябе ведаць».
За плячыма было сем класаў, калі пачалася вайна. Дзяўчына з сябрамі дапамагала капаць процітанкавыя равы, умацоўвалі абарончыя збудаванні на подступах да роднай вёскі Мельгаўшчына, што ў Гдоўскім раёне Ленінградскай (цяпер Пскоўскай) вобласці. Калі лінія фронту падышла, аднавяскоўцаў эвакуіравалі і размясцілі недалёка ад вайсковай лётнай часці. Нарыхтоўка дроў на патрэбы арміі, выцягванне бярвенняў, што сплаўляліся па рацэ Плюса, — цяжкая праца наклала свой адбітак на здароўе Зінаіды Гаўрылаўны.
Невядома, што было б з маладзенькай Зінай, калі б у 1942-м не трапіла ў лётную часць працаваць прачкай. Рухаючыся за войскам, прайшла Беларусь, Фінляндыю, Эстонію, Германію, дзе і сустрэла перамогу.
Іх было шасцёра дзяўчат. Мылі бялізну салдат кожны дзень. Яе было шмат. Не дзесяць, пятнаццаць пар, а ў разы больш. «Адзенне прывязуць, а яно бруднае, паношанае, — успамінае Зінаіда Гаўрылаўна. — І што самае страшнае — вашывае».
Парашка тады не было. Выратоўвала мыла. Гэта ўжо пасля заключэння дагавора аб перамір’і СССР з Фінляндыяй — у верасні 1944 года — фіны пачалі пастаўляць часцей у Савецкі Саюз  парашок.
Спачатку адзенне замочвалі ў вадзе на суткі.  Потым кіпяцілі яго ў вялізных жалезных баках, куды кідалі дробна пакрышанае мыла. Спецыяльны барабан, усталяваны ў бак, па некалькі гадзін круцілі салдаты. Пасля прачкі рукамі перамывалі кожную рэч, пераглядалі, ці засталіся насякомыя, паласкалі.
Сушылі на вуліцы. У пахмурнае і дажджлівае надвор’е — у спецыяльна пабудаваным для гэтага памяшканні. Дзяўчаты і ноччу не спалі, па чарзе дзяжурылі, варушылі адзенне, каб хутчэй сохла.
Форму камандзірскага саставу мылі асобна. Прасавалі.
Сярод будзённай працы амаль штодня паступалі весткі аб смерці вайскоўцаў. Не вярнуўся з задання, бясследна знік, смяротна паранены — трагічную інфармацыю дзяўчаты ўспрымалі асабліва балюча. Доўга не маглі заснуць…
— Лётчыкі нас усур’ёз не ўспрымалі. Прачкі — гэтым усё сказана. Мы нават у сталовай з імі за адным сталом не сядзелі. Паводдаль… — успамінае Зінаіда Гаўрылаўна. — А калі нам выдалі невялічкія індывідуальныя тэрмасы для ежы (яны былі падобныя на жаночыя сумачкі), хлопцы смяяліся з нас: «Мы думалі вы з рыдыкюлем, а вы з каструляй».
Тут жа, у лётнай часці, Зіна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Пятром, які працаваў загадчыкам гаспадарчай часткі. На маладога, прыгожага хлопца проста немагчыма было не звярнуць увагі.
Калі прагрымелі апошнія залпы вайны, яны прыехалі ў Ленінград, распісаліся. Доўга не маглі вызначыцца, дзе застацца жыць. Зінаідзе Гаўрылаўне хацелася застацца ў горадзе, Пятра Архіпавіча цягнула на Сенненшчыну, у родныя Засценкі. У хуткім часе яны перабраліся ў Беларусь.
У першыя пасляваенныя гады жылося вельмі складана. Муж працаваў, дзе прыдзецца. Зінаіда Гаўрылаўна, у якой на руках было маленькае дзіця, таксама зарабляла грошы. Дапамагала швейная машынка, якую прывезла з Германіі: выменяла на прадукты ў савецкага салдата, калі вярталіся на радзіму. Зінаіда Гаўрылаўна шыла вяскоўцам адзенне, за што тыя разлічваліся прадуктамі харчавання.
За гады жыцця з мужам выхавалі траіх дзяцей, далі ім належную адукацыю. Прайшло больш за дзесяць гадоў як Пятра Архіпавіча няма. Але Зінаіда Гаўрылаўна не адчувае сябе адзінокай: побач дзеці, прыязджаюць унукі — іх у бабулі дзевяць. Багатая яна і на праўнукаў. І няхай сям’я не так часта збіраецца разам у бацькоўскай хаце, аднак пра Зінаіду Гаўрылаўну родныя не забываюць. Часта тэлефануюць пра здароўе спытаць ці проста пачуць голас роднага чалавека.

Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.