Дзяжурны рэпарцёр (№96)

tel_doveriya Зіма прыйшла, яе… чакалі
Жыхарка горада Валянціна Гарбачова скардзілася на дрэнную падсыпку тратуара па вуліцы Кастрычніцкай (ад магазіна «Алеся» да цэнтра горада). Як патлумачыла Юлія Галынчык, інспектар па кантролі РУП ЖКГ, кожную раніцу жылкамунгасаўцы падсыпаюць тратуар пясчанай сумессю. Пры неабходнасці апрацоўка будзе весціся і ўвечары, адзначыла Юлія Міхайлаўна.
 Дапамогуць у Доме быту
Дзе ў горадзе можна адрамантаваць гадзіннік, радыёпрыёмнік і зрабіць дублікат ключоў, пыталася Галіна Вільчынская, жыхарка райцэнтра.
Аддаць у рамонт рэчы можна, звярнуўшыся ў КУПБА «Прэстыж». Па словах Марыі Балабоўка, галоўнага інжынера прадпрыемства, з-за адсутнасці сваіх спецыялістаў рамонт праводзіцца праз віцебскія майстэрні.
У Сянне адрамантаваць радыёпрыёмнік можна ў ААТ «Гарант», што па вул. Чкалава, 20.
Паслугі па вырабе дублікатаў ключоў у КУПБА «Прэстыж» няма. Запасны ключ зробяць у прыватнай майстэрні па рамонце бытавой тэхнікі па вул.1-я Алімпійская, 17.
 І не чутна, і не бачна
Мікалаю Русіну з Сянна не падабаецца, як наладжана праца ў аптэцы, якая нядаўна адкрылася ў Сенненскай ЦРБ. Мужчына сцвярджае, што на касавым апараце немагчыма разгледзець кошт. З-за перагародкі, ўсталяванай паміж пакупнікамі і прадаўцом, дрэнна чуваць апошняга. З прылаўка складана забіраць лекі.
Як адзначыў Канстанцін Кацюба, загадчык Цэнтральнай аптэкі №24, перагародкі ў павільёне ўсталяваны згодна з санітарнымі нормамі.  Яны абавязковыя, бо  абараняюць фармацэўта ад інфекцый, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. Касавы апарат зарэгістраваны ў дзяржаўным рэестры мадэлей касавых падсумоўваючых апаратаў і спецыяльных камп’ютарных сістэм, а значыць ён адпавядае ўсім нормам і правілам.
Павільёны паставілі, а на шыльды забыліся?
У Сенненскую райбальніцу жыхары аг.Студзёнка ад аўтавакзала дабіраліся пешшу. «Мы не знайшлі раскладу руху гарадскога аўтобуса ні на прыпынку ля аўтавакзала, ні ля аптэкі», — паведаміла «дзяжурнаму рэпарцёру» Валянціна Пагарэльская. Калі з’явяцца новыя шыльды з раскладам гарадскога транспарту, цікавілася жанчына.
«Заяўкі на іх выраб выкананы, таму ўжо ў пачатку снежня яны будуць устаноўлены на ўсіх прыпынках гарадскога транспарту», — дала адказ Таццяна Лабацкая, начальнік аўтастанцыі ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства №20».

Ала ЯКАЎЛЕВА.