Анкалогіі — не. Многае залежыць ад нас.

У рамках выканання Дзяржаўнай комплекснай праграмы прафілактыкі  анкалагічных захворванняў 28 і 29 лістапада ў краіне праходзіла акцыя «Пераможам рак разам». На гэту тэму мы размаўляем з урачом-анколагам Сенненскай ЦРБ Алегам Усялёнкам:
— Жыццё — мітусня, кругавярчэнне. Чалавек перажывае з-за праблем на рабоце, уладкоўвае свой быт, будуе адносіны з навакольным светам. Заняцца сабой не хапае часу. І вось ужо здаецца, што ўсяго дасягнуў: добрая работа, утульнае жыллё, узаемаразуменне з навакольнымі, але з’яўляецца новая праблема — праблема са здароўем — рак.
— Якія асноўныя прычыны ўзнікнення гэтага захворвання?
— Прычын узнікнення рака вельмі многа — дабраякасныя пухліны, хранічныя перадпухлінныя захворванні, спадчынны фактар, забруджванне навакольнага асяроддзя, курэнне, сістэматычнае ўжыванне алкаголю, няправільнае харчаванне.
— Якія збоі ў рабоце арганізма павінны выклікаць трывогу і прымусіць чалавека звярнуцца да ўрача?
— Рак — вельмі цяжкае захворванне, ад якога не застрахаваны ні адзін чалавек. На ранняй стадыі гэта хвароба працякае без балявых адчуванняў і сур’ёзных парушэнняў функцый арганізма. У позняй — рак працякае пакутліва і з цяжкасцю паддаецца лячэнню, і часта прыводзіць да смерці.
Не чакайце з’яўлення боляў. Немарудзячы звярніцеся да ўрача пры  наступных прыметах: слабасць, страта цікавасці да жыцця; пухліны, вузлы, ушчыльненні ці ўтварэнні на целе; зніжэнне ці ненармальнасць апетыту, незразумелая страта вагі; парушэнне акта глытання, якое суправаджаецца болем; уздуцце жывата, затрымка газаў, стула, частая рвота, наяўнасць крыві ў мачы і кале; змяненне колеру і памеру пігментных плям на скуры, слізістых губ і языка, ушчыльненні і разрастанні, трэшчыны ці язвы; ушчыльненні ў малочных залозах, маршчыністая скура над імі, на сасках трэшчыны, язвы ці ўцягванні, выдзяленні з саскоў; устойлівы кашаль з пражылкамі крыві, патлівасць, болі ў грудной клетцы; крывяныя выдзяленні з палавых органаў, не звязаныя з менструальным цыклам.
Пры своечасовым звароце і раннім выяўленні рак вылечны, яго вынікі могуць быць ліквідаваны.
— Як чалавек можа супрацьстаяць гэтай грознай хваробе?
— Хвароба без перабольшвання грозная. У цяперашні час анказахворванні выйшлі на другое месца пасля хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы. На жаль, мы не можам паўздзейнічаць на ўсе прычыны ўзнікнення рака. Аднак многае залежыць і ад нас. Можна адмовіцца ад курэння і выключыць траплянне ў арганізм канцэрагенаў, якія ўтрымліваюцца ў цыгарэтах (хворыя на рак курыльшчыкі складаюць больш за 90 працэнтаў). Каб зменшыць рызыку захварэць на рак, неабходна зменшыць ужыванне алкаголю да дапусцімых норм, тым самым захаваць свой імунітэт. Кожны можа правільна харчавацца, ужываць дастатковую колькасць гародніны, садавіны, вітамінаў і мінімум вэнджаніны і солі. Кожны можа штогод праходзіць дыспансерны агляд у паліклініцы.
Наогул, паўнацэннае жыццё чалавека залежыць ад яго адносін да здароўя. Здароўе — гэта самае дарагое, што ёсць у кожнага з нас, яго нельга купіць ні за якія грошы, але можна захаваць, калі адказна адносіцца да сябе і навакольнага свету.

 Гутарыла Таццяна Буракова.