Вярнуць дзяцей магчыма, было б жаданне

IMG_2503_У рамках прафілактычнай акцыі «Сям’я без насілля» праведзены чарговы рэйд. На гэты раз група, у склад якой уваходзілі Сяргей Трыбуль, старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС, Святлана Рубанава і Ганна Шыбека, метадысты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, і Андрэй Рогаў, першы намеснік начальніка Сенненскага РАНС, наведалі нядобранадзейныя сем’і, дзеці з якіх часова змешчаны ў сацыяльна-педагагічны цэнтр г.Сянно.

Удзельнікі рэйду вырашылі паглядзець, ці гатовы гора-бацькі выправіцца дзеля таго, каб вярнуць дзяцей. У першую чаргу, адмовіцца ад спіртнога, навесці парадак у доме, уладкавацца на працу. Як адзначыў Сяргей Трыбуль, наша асноўная задача — данесці да бацькоў, што іх галоўнае прызначэнне ў жыцці — выхаванне сваіх дзяцей. «Давайце працаваць разам», — дабівалася Святлана Рубанава ў час рэйду ў прыватнай размове з гора-бацькамі, і іх сваякамі.
Складана стукацца ў зачыненыя дзверы. У жыхаркі райцэнтра Аксаны забралі дзяцей. Але працаваць над сабой, каб вярнуць іх, яна не лічыць патрэбным.
У жанчыны, якой няма і сарака, пяцёра цудоўных дзетак. Сям’я даўно знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дзеці ўжо  змяшчаліся ў прытулак. Ніякіх вывадаў для сябе тады Аксана не зрабіла. У апошні час за дзецьмі прыглядвала яе маці. Аднак пажылая жанчына не змагла вытрымаць лад жыцця, што вяла яе дачка. Восенню траіх дзяўчынак, самай маленькай з якіх няма і года, накіравалі ў Віцебскі дом дзіцяці. Праз колькі часу іх у сваю сям’ю забраў брат Аксаны. На дваіх хлопчыкаў апякунства аформіла бабуля.
Колькі гадоў назад, скарыстаўшыся льготным крэдытам, як шматдзетная сям’я, Аксана пабудавала жыллё. Сёння на яе зарэгістраваны дзве сучасныя кватэры. Толькі вось пытанне: жыць у іх хто будзе, калі дзяцей не верне?
Удзельнікі рэйду не знайшлі жанчыну ні ў новай кватэры, ні ў доме яе маці. Сыны Аксаны на пытанне Сяргея Трыбуля, як часта маці наведвае іх, пасля працяглага маўчання толькі і вымавілі: «Ну…бывае». Паглядзеўшы на хлопчыкаў, не трэба быць вялікім псіхолагам, каб зразумець, што яна ім, па сутнасці, ужо не патрэбна. Бабуля — побач, а маці, якая ніколі не займалася выхаваннем, ужо практычна для іх ніхто.
Станоўчыя зрухі ў адносінах да сваёй маленькай сям’і назіраюцца ў Валерыя. З жонкай Алёнай ён у разводзе даўно. Выхаваннем сына займалася маці. Мужчына, які спраўна плаціў аліменты, лёсам свайго дзіця не цікавіўся. Аднак з цягам часу з-за злоўжывання спіртным Алёна перастала даглядаць сына. Апякунства над хлопчыкам аформіла бабуля. Сама Алёна была змешчана ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Сёння, калі сітуацыя карэнным чынам памянялася, Валерый робіць усё магчымае, каб стаць бліжэй да сына: працуе, спраўна кампенсуе штомесячныя расходы на ўтрыманне свайго дзіця дзяржаве.
Рэйдавую групу ўразіла чысціня, якая панавала як звонку, так і ўнутры дома Валерыя. Ён не хаваў эмоцый, калі расказваў як кожны дзень спяшаецца  з працы, каб забраць сына са школы і колькі часу пабыць з ім.
У час рэйду наведалі сям’ю, у якой выхоўваецца малое дзіця. Маладая маці з дзіцём, якія пражываюць з бабуляй, калісьці былі прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Тады, з мэтай нармалізацыі сітуацыі ў сям’і, з імі была праведзена праца. І доўгі час да іх ніякіх прэтэнзій не было. Аднак зусім нядаўна ў РАУС паступіў тэлефонны званок з просьбай праверыць сям’ю: дачка і маці п’юць, выхаваннем дзяўчынкі не займаюцца.
На прапанову Сяргея Трыбуля адчыніць дзверы, жанчына адрэагавала агрэсіўна. Лаялася, быццам бы «няпрошаныя госці» парушаюць яе правы: «Я маю поўнае права не пускаць вас у кватэру», — выкрыквала яна. Сяргей Трыбуль вымушаны быў запрасіць маладую маці ў раённы аддзел унутраных спраў на наступны дзень.
Правядзенне рэйдаў дазваляе зрабіць больш глыбокі аналіз праблем у такіх сем’ях, прыняць меры па ўхіленні прычын, якія паслужылі ўзнікненню сацыяльна небяспечнага становішча.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.
  НА ЗДЫМКУ: А. Рогаў праводзіць гутарку з домаўладальніцай па пажарнай бяспецы.