Крэда — служыць закону, праўдзе, справядлівасці

n94-2Заўтра, у першую нядзелю снежня, у нашай краіне адзначаецца Дзень юрыста. Гэта свята тых, хто абараняе нашы законныя правы і інтарэсы: адвакатаў, суддзяў, юрысконсультаў…
    Прызнаюся, аб юрыспрудэнцыі маю толькі агульнае ўяўленне. Але на гэту сустрэчу ішла з асаблівым хваляваннем яшчэ і таму, што маім субяседнікам быў  былы аднакласнік Сяргей Кацар — адзіны адвакат па Сенненскім раёне.

  Шлях да ліцэнзіі…
Вучань СШ №1 г.Сянно з дзяцінства вылучаўся стараннасцю і імкненнем да вучобы. Актывіст школы паспяваў займацца валейболам, гіравым спортам, удзельнічаў у інтэлектуальных гульнях і мастацкай самадзейнасці. Спалучаў заняткі па грэка-рымскай барацьбе і вучобу ў Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў па класе гітары. Пасля дзявятага класа Сяргей Кацар спрабаваў паступіць у палітэхнічны каледж. Аднак праграмістам стаць не давялося. Тады юнак канчаткова вырашае рыхтавацца да паступлення на юрыдычны факультэт. Каб здаць добра ЦТ, настойліва вывучаў патрэбныя прадметы. Хадзіў да рэпетытараў, самастойна «зубрыў» падручнік «Чалавек. Грамадства. Дзяржава». Стаў пераможцам па гэтым прадмеце на раённай алімпіядзе, удзельнічаў у абласным этапе. Калі прыйшоў час вызначацца з вышэйшай навучальнай установай, з выдатна здадзенымі тэстамі абітурыент Сяргей Кацар падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Па яго словах, вучыцца было складана: аб’ём інфармацыі давалі вялікі, узровень ведаў павінен быць не горшым, чым у аднагрупнікаў.
Па размеркаванні Сяргея накіравалі ў Віцебскую абласную калегію адвакатаў. Спачатку тры месяцы стажыраваўся ў Оршы. Шлях да адвакатуры перапыніла служба ў арміі. Маючы вышэйшую адукацыю ды навучанне на ваеннай кафедры БДУ, Сяргей аддаваў доўг Радзіме толькі 6 месяцаў. Успамінаючы армейскія будні, сёння малодшы сяржант Кацар упэўнены: любому мужчыне патрэбна прайсці школу вайсковай дысцыпліны.
Пасля вяртання да грамадзянскага ладу жыцця Сяргей дасягнуў сваёй мэты. Зноў была стажыроўка, пасля экзамен у Міністэрстве юстыцыі і… доўгачаканая ліцэнзія адваката ў яго руках.
 «Высокі суд, я пратэстую!»
Як толькі вызвалілася месца, малады адвакат не раздумваючы прыехаў на родную Сенненшчыну. «Лепш быць адзіным адвакатам у раёне, чым адным з тысячы ў вялікім горадзе,» — кажа Сяргей Кацар.
Любому чалавеку, які толькі прыступае да сваіх працоўных абавязкаў, прыходзіцца нялёгка. Паслугай адваката ў Сенненскім раёне карыстаюцца даволі часта. Паслугі платныя, але ёсць выпадкі, калі, згодна з Законам «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці», кліент вызваляецца ад аплаты. Работа Сяргея складаецца з вусных кансультацый грамадзян па прававых пытаннях, напісання іскавых заяў, скаргаў, хадайніцтваў, прадстаўлення інтарэсаў у судзе па грамадзянскіх, адміністрацыйных, крымінальных справах. У месяц прыпадае прыкладна па пять следстваў і столькі ж судоў. Але, нягледзячы на ўсю складанасць абавязкаў, Сяргей Кацар вельмі любіць сваю работу.
— Кожная сітуацыя нестандартная і кожны раз пазнаеш нешта новае, — прызнаецца адвакат. — Пастаянна трэба развівацца, сачыць за заканадаўствам, самаўдасканальвацца.
Незабыўны для Сяргея і першы выхад на судовую «арэну». Хоць справа была нескладаная, але хваляваўся яшчэ як.
Шчаслівы і ўдзячны
Афіцыйны стыль адзення, сур’ёзнасць, напорыстасць і адказнасць «крочаць» за адвакатам Сяргеем Кацарам. Яго праца, у значнай ступені, вызначае далейшае жыццё многіх людзей, якія пераступілі праз лінію закона ці абараняюць свае правы, інтарэсы, рэпутацыю.
Па-за працай Сяргей — вельмі пазітыўны малады чалавек. Не супраць паганяць з сябрамі ў футбол, узяць у рукі, на змену ўжо прывычным кодэксам, кнігі гумарыстычных жанраў.
На Сенненшчыне хлопец сустрэў і сваё шчасце. Кажуць, што процілегласці прыцягваюцца. У асабістай гісторыі Сяргея атрымалася наадварот. Яго каханая — таксама юрыст, працуе ў натарыяльнай канторы.
Дасягненні дзяцей у многім залежаць ад падтрымкі бацькоў. Сяргей Кацар удзячны маці Інне Пятроўне  і бацьку Аляксандру Анатольевічу  за тое, кім ён  стаў.

Ірына ГАРБАЧОВА.