Правільны выбар — бяспечныя паводзіны

Інфармацыя на тэму  ВІЧ-СНІД  даволі часта з’яўляецца ў сродках масавай інфармацыі. Але праблема простаму абывацелю здаецца далёкай і неактуальнай. Напэўна таму, што бяда яшчэ не закранула, не пастукалася ў дзверы. Каб гэтага не здарылася ніколі, трэба на самой справе ведаць, як правільна паводзіць сябе, разумець, што можна, а што нельга.

Сёння мы яшчэ раз пагаворым пра небяспечную хваробу з памочнікам урача-эпідэміёлага ДУ «Сенненскі РЦГЭ» Жаннай ГАРАВОЙ.
— Жанна Валер’еўна, як гэта не дзіўна пры сённяшняй інфармаванасці, многія слаба арыентуюцца ў паняццях. Растлумачце, калі ласка, што такое «ВІЧ», а што «СНІД», і якая паміж імі розніца.
— ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека. Ён не жыве ў навакольным асяроддзі, трапляючы на адкрытае паветра, гіне на працягу некалькіх секунд. Аднак у выкарыстаных нестэрылізаваных шпрыцах вірус можа захоўваць жыццяздольнасць некалькі дзён за кошт рэшткаў крыві ў ігле.
ВІЧ і СНІД — гэта абсалютна розныя, але ўзаемазвязаныя паняцці. СНІД — сіндром набытага імунадэфіцыту чалавека, апошняя стадыя ВІЧ-інфекцыі, якая выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). Таму няправільна гаварыць пра любога ВІЧ-станоўчага чалавека як пра хворага на СНІД.
СНІД — гэта зваротны стан: пры прымяненні антырэтравіруснай тэрапіі канцэнтрацыя віруса ў крыві змяншаецца, колькасць імунных клетак павялічваецца і стан чалавека пераходзіць у бессімптомную стадыю. Зніжаецца таксама рызыка перадачы віруса. Такім чынам ВІЧ-станоўчы чалавек можа жыць доўгім і паўнацэнным жыццём.
— Не валодаючы правільнай інфармацыяй, людзі часта схільны драматызаваць сітуацыю, баяцца, як гаворыцца, уласнага ценю. Раскажыце, калі ласка, чаго не трэба баяцца ў плане заражэння ВІЧ-інфекцыяй.
— ВІЧ не перадаецца пры бытавых кантактах паміж людзьмі, цераз рукапацісканне і абдымкі, сліну, пацалунак, мачу, кал, пот, слёзы. Непашкоджаная скура з’яўляецца непераадольным бар’ерам для віруса. Такім чынам, можна сказаць, што вірус не перадаецца пры сумесным карыстанні ваннай і туалетам, сумесным выкарыстанні сталовых прыбораў, посуду. ВІЧ не перадаецца па паветры, пры сумесным карыстанні мэбляй, тэлефоннай трубкай і гэтак далей. Нельга заразіцца вірусам і цераз укусы насякомых.
— А якіх правіл паводзін трэба прытрымлівацца, каб не заразіцца?
— ВІЧ, як вядома, перадаецца пры палавых кантактах. Таму трэба ўстрымлівацца ад дашлюбных палавых кантактаў, захоўваць вернасць палавому партнёру, пры кожным палавым кантакце прымяняць прэзерватыў.
Улічваючы тое, што вірус перадаецца цераз кроў, трэба адмовіцца ад ужывання наркотыкаў, асабліва ін’екцыйных, таму што гэта можа прывесці да заражэння цераз нестэрыльныя інструменты. Татуіроўкі, пірсінг, праколванне вушэй трэба праводзіць толькі ў касметычных салонах.
ВІЧ можа перадацца ад маці да дзіця. Жанчыне, якая збіраецца стаць маці, неабходна прайсці тэст на ВІЧ, каб быць упэўненай у здароўі дзіцяці.
— Хто знаходзіцца ў групе рызыкі заражэння ВІЧ?
Асноўны шлях перадачы інфекцыі ў краіне — неабароненыя палавыя кантакты. Палавы шлях заражэння складае больш за 77%.
Рызыка інфіцыравання ўзрастае за кошт небяспечных сэксуальных паводзін. Так, доля мужчын ва ўзросце 15-49 гадоў, якія выкарыстоўвалі прэзерватыў пры апошнім сэксуальным кантакце з непастаянным партнёрам, складае 53,6%, доля жанчын — 39,4%.
Гэта група людзей неаднародная. У яе ўваходзяць як нежанатыя (незамужнія), разведзеныя мужчыны і жанчыны, якія вядуць вольны лад жыцця, так і людзі, якія знаходзяцца ў шлюбе (ці ў сужыцці). Аднак усіх іх аб’ядноўвае высокая рызыка інфіцыравацца ВІЧ у выніку небяспечных форм паводзін.
Якія б адносіны не звязвалі з партнёрам, заўсёды ёсць сэнс захоўваць вернасць і правілы бяспечнага сэксу.
— Дзякую за гутарку. Напэўна, гэта інфармацыя не будзе лішняй і пасадзейнічае зніжэнню колькасці выпадкаў заражэння ВІЧ-інфекцыяй.

 Гутарыла
Таццяна Буракова.