Багушэўскі рыбагадавальнік у надзейных руках

498_Створаны ў 1953 годзе Багушэўскі рыбагадавальнік не раз мяняў ведамасную прыналежнасць і ўласніка. Быў у яго гісторыі і час занядбання. З набыццём у 2006 годзе статуса ўчастка Лёзненскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм пачалася рэканструкцыя. Быў пабудаваны першы ў рэспубліцы фарэлевы комплекс, адноўлены ўсе саджалкі агульнай плошчай 57 га, дзе нагульваюць вагу карп, таўсталобік, белы амур, сом, карась.

З новымі сіламі
Каля года Багушэўскі рыбагадавальнік узначальвае Сяргей Вільчынскі, наш зямляк. Перспектыўны малады спецыяліст скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, мае дзве вышэйшых адукацыі. Спецыяльнасць «прамысловае рыбалоўства» ў нашай краіне можна атрымаць толькі ў БДСГА. «Упраўленне прадпрыемствам і аграпрамысловым комплексам» вывучаў сумежна.

Сяргей вырас ля Сенненскага возера, з дзяцінства захапляўся рыбалоўствам. Гэта акалічнасць і паўплывала на выбар прафесіі.
У акадэміі старанны студэнт займаўся навуковай дзейнасцю, звязанай з даследаваннем фарэлі, кармленнем асятровых. Удзельнічаў у конкурсах, міжнародных канферэнцыях, пісаў працы і артыкулы. Яны, між іншым, выдадзены асобнай брашурай. Нядаўні студэнт удзячны свайму навуковаму кіраўніку Мікалаю Баруліну.
У час вучобы Сяргей практыкаваўся ў рыбагадавальніках Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Але па размеркаванні трапіў у родны Сенненскі раён. Спачатку працаваў галоўным рыбаводам Багушэўскага рыбагадавальніка, са снежня мінулага года — яго кіраўнік.
У абавязкі маладога чалавека ўваходзіць не толькі кантроль за 17 падначаленымі, а гэта рабочыя і вартаўнікі, іхціяпатолаг і рыбавод. Кіраўніку трэба займацца рэалізацыяй рыбы, наладжваць пастаўкі камбікармоў і інш.
Нярэдка бывалі выпадкі крадзяжу рыбы браканьерамі, мясцовым насельніцтвам. Таму начныя тэлефонныя званкі для Сяргея Вільчынскага — прывычная з’ява.

Фарэль, амур, таўсталобік, карп…
Нядаўна ў Горках пабудавалі рыбагадавальнік па ўзнаўленні фарэлі. Багушэўскі ж займаецца яе дарошчваннем да таварных памераў. Малькі фарэлі паступаюць сюды вагой 5 г і за паўтара года вырастаюць да 1,5 кілаграма.P1200506_
— Фарэль — капрызная і далікатная рыба, — кажа Сяргей Вільчынскі. — Яна вельмі патрабавальная да ўмоў утрымання: тэмпературнага і кіслароднага рэжымаў, якасці вады. Ураджэнка паўночных вадаёмаў не пераносіць, калі тэмпература асяроддзя вышэй +18—19 градусаў. Калі фарэль патрымаць у руках, то назад у ваду яе можна не выпускаць — нават ад тэмпературы цела чалавека рыба атрымлівае тэрмічны апёк і можа загінуць.
Фарэль заўсёды ў руху, таму ёй неабходна праточная вада. Для падтрымання ўсіх нормаў на комплексе кругласутачна працуюць помпы, устаноўлены фільтры, вада абнаўляецца з артэзіянскай свідравіны.
На сёння фарэль каштуе 79 200 рублёў за кілаграм (набыць яе, як і іншую рыбу, можна непасрэдна ў гаспадарцы). Кошт фарэлі нятанны, але выдаткі на яе ўтрыманне значныя. Напрыклад, толькі за электраэнергію штомесяц неабходна плаціць ад 40 да 60 млн рублёў. Адзін кілаграм імпартнага корму каштуе каля 25 тысяч рублёў. Дарэчы, рыбу кормяць строга па графіку чатыры разы ў дзень.
У асноўным выкарыстоўваецца фінскі камбікорм. Нядаўна наладзілі пастаўкі з Польшчы. Спрабавалі рабіць беларускі корм для фарэлі. Багушэўскі рыбагадавальнік выпрабоўваў яго на сваіх «гадаванцах». Аднак корм прыйшоўся «не па гусце».
Па словах Сяргея Вільчынскага, «не гатовы наш народ купляць такую дарагую рыбу». Таму рынак збыту для прадукцыі Багушэўскага рыбагадавальніка — уся Беларусь. Актыўна гандлююць ёй на кірмашах у Віцебску, Наваполацку, Мінску. Пастаўляецца рыба і ў Расію.
— Сёлета ўзніклі вялікія пытанні і з фінансаваннем, — дзеліцца кіраўнік рыбагадавальніка. — Тым не менш уласнымі сіламі мы вырасцілі каля 20 тон «сажалкавай» рыбы (карп, амур, таўсталобік, сцерлядзь) і 50 тон фарэлі.
Для рыбаловаў-аматараў у Багушэўскім рыбагадавальніку  арганізавана платная рыбалка. Паслуга з’яўляецца добрай падмогай для эканомікі гаспадаркі. На гасцявой сажалцы можна лавіць карпа, таўсталобіка, белага амура, карася. Кошт пуцёўкі — 177 тысяч рублёў (час лоўлі з 8.00 да 17.00). Зімой гэтая рыба знаходзіцца ў стадыі анабіёзу (сну). Фарэль жа актыўная і ў халодную пару года. І таму абмяркоўваецца пытанне наконт адкрыцця падлёднай фарэлевай рыбалкі.
Нядаўна Сяргей Вільчынскі разам са спецыялістамі інстытута генетыкі пабываў на стажыроўцы ў Турцыі. Раней дэлегацыя адтуль прыязджала да нас. Асноўная тэма візіту тычылася вырабу камбікорму для фарэлі. У хуткім часе маладога чалавека чакае армія — служба ў рэзерве.
Пакуль малады кіраўнік Багушэўскага рыбагадавальніка жыве ў райцэнтры разам з бацькамі. Кожны дзень пераадольвае некалькі дзясяткаў кіламетраў ад месца працы да дому. «45 хвілін — і я дома!» — з усмешкай кажа Сяргей Вільчынскі. Але плануе пераехаць жыць у Багушэўск.

 НА ЗДЫМКУ:  ідзе адлоў таварнай фарэлі.
Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота аўтара.