Магчыма, тут хрысцілі Машэрава і Гараўца

обаль царква_Сенненскі раён небагаты на помнікі архітэктуры, тым больш на помнікі культавага прызначэння. Вёска Обаль, што знаходзіцца непадалёк ад Машканоў на беразе ракі Абалянка, у гэтым сэнсе прыемнае выключэнне: тут захавалася драўляная царква 19-га стагоддзя.

Раней даводзілася сустракаць інфармацыю, што храм узведзены ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст., але насамрэч гісторыя Обальскай царквы куды старажытней. Падставай для такога сцвярджэння служаць, па-першае, краязнаўчыя звесткі Кірылы Анікіевіча. У прыватнасці ён пісаў, што царква ў Обалі з’явілася ў 40-я гады 19 стагоддзя, куды была перанесена з маёнтка пераехаўшых жыць у Варшаву  памешчыкаў Лускіных. Па-другое, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца  метрычныя запісы  Обальскай Успенскай праваслаўнай царквы за 1846 год.
Захавалася апісанне царквы, датаванае 1899 годам: «Храм драўляны, невялікі; рэчы і рызніца пасрэдныя, бібліятэка нязначная; спяваюць у царкве слаба і грубавата, не раўня настаўнікам мясцовых школ; прыхаджан абодвух палоў 2563; у прыходзе 28 вёсак на адлегласці ад царквы ў 3-7 вёрст, зносіны праз рэчку нязручныя». У сяле дзейнічала і царкоўна-прыходская школа.
Вядомы таксама імёны асоб, звязаных воляй лёсу з гэтай царквой. Даволі працяглы час, прыкладна з канца 60-х  і да пачатку ХХ стагодзя, мясцовым святаром быў Вікенцій Мяркур’евіч Шабуніо, які, акрамя царкоўных узнагарод — права насіць набедранік і нагрудны крыж, — яшчэ раней заслужыў і ваенныя адзнакі: медаль «На памяць аб вайне 1853 — 1856» (ім узнагароджваліся святары, якія ў час Крымскай вайны былі на полі бою ці служылі ў мясцовасці, што знаходзілася на ваенным становішчы) і медаль «За падаўленне Польскага мяцяжу» (узнагароду атрымоўвалі святары, якія садзейнічалі спыненню паўстання 1863—1864 гг.). Сваю святарскую спадчыну ён перадаў сыну Філарэту.
Апошні нарадзіўся ў 1862 годзе, быў жанаты, меў дваіх сыноў. Некаторы час з’яўляўся настаяцелем Коханаўскай Мікалаеўскай царквы Аршанскага павета, а ў перыяд з 1907 па 1909 гады быў святаром Обальскай Успенскай царквы. За рэлігійную дзейнасць ён і яго сям’я (жонка Любоў, сын Канстанцін і нявестка Кацярына) пасля 1917 года былі пазбаўлены выбарчых і іншых грамадзянскіх правоў, сталі так званымі лішэнцамі. У 1923-м Філарэт Шабуніо атрымаў сан протаіерэя — тытул старэйшага святара, які даецца асобе белага духавенства як узнагарода. Дыяканам у царкве на той час служыў Васіль Брыгішэвіч.малюнак_r
У спісе вернікаў Обальскай царквы за 1923 год значацца Канстанцін Іванавіч Гаравец і Мірон Машэраў (імя па бацьку, на жаль, напісана неразборліва, аднак маем смеласць меркаваць, што гэта бацька вядомага беларускага партыйнага дзеяча), а гэта значыць, што і той  і другі з вялікай доляй верагоднасці маглі хрысціць сваіх дзяцей — будучых Герояў Савецкага Саюза Аляксандра Гараўца і Пятра Машэрава, у сценах Успенскай царквы.
Бялькі, Грыбы, Зарыбнікі, Масоры, Масяйкі, Машканы, Станькі, Чудня, Шыркі — далёка не поўны спіс населеных пунктаў, жыхары якіх адносіліся да Обальскага прыхода.
Дзейнасць царквы перарвалася ў канцы 20-х гадоў: 6 красавіка 1929 года была прынята пастанова аб яе зачыненні і перадачы памяшкання пад клуб. Ці была насамрэч утворана культурная ўстанова, дагэтуль невядома, але ўжо з восені 1929-га і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны драўляны будынак выкарыстоўваўся як складское памяшканне для захоўвання зерня.
З 1941 па 1948 год царква пуставала, богаслужэнні ў ёй не праводзіліся. У пасляваенныя гады праўленне калгаса імя Будзёнага звярнулася ў райвыканкам з просьбай вярнуць будынак царквы ў калгаснае карыстанне.
У 50-я гады 20 стагоддзя  на Сенненшчыне не засталося ні адной дзеючай царквы. Але страта царкоўных устаноў не здолела знішчыць рэлігійнага жыцця насельніцтва: напрыклад, для таго каб праводзіць абрад хрышчыння, час ад часу прыязджаў святар з суседняга Талачынскага раёна, а ў Пасхальныя дні і іншыя святы вернікі наведвалі царкву ў Віцебску. Памяшканне Успенскай царквы ў Обалі па-ранейшаму выкарыстоўвалася як складское.
Грамадска-палітычныя змены 90-х гадоў паспрыялі аднаўленню царкоўнага жыцця. 29 ліпеня 1999 года прыход Обальскай царквы афіцыйна зарэгістраваны ў Віцебскай епархіі, але пры гэтым храм зафіксаваны з новай назвай у гонар Святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра.
На сённяшні дзень царква не занесена ні ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», выдадзены ў 1985 годзе, ні ў «Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь», складзены ў 2009 годзе, а значыць, не ўзята пад ахову дзяржавай. Зараз у храмавым будынку адсутнічаюць столь і падлога, разбураны купал… Між тым, Обальская царква з’яўляецца адным са старажытных архітэктурных помнікаў, якія захаваліся на тэрыторыі Сенненскага раёна.
Таму сёння так важна ўратаваць ад канчатковага знішчэння частку нашай гістарычнай спадчыны.

Юлія Пасканьева,
вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
На здымках: сучасны і першапачатковы выгляд царквы.
Фота аўтара, малюнак Васіля БАНДАРЭВІЧА.