Прыбавачны прадукт ствараецца працай

sh455006Сёлетні год для вытворцаў сельгаспрадукцыі нашага раёна выдаўся, мякка кажучы, не самым паспяховым. Зменшылася вытворчасць як жывёлаводчай прадукцыі, так і прадукцыі раслінаводства пры адначасовым росце яе сабекошту, зніжэнні даходаў. Большасць сельгасарганізацый у гэтай сітуацыі мела праблему з выплатай заробкаў, набыццём паліва, рэканструкцыяй вытворчых аб’ектаў нават пры фінансавай падтрымцы з раённага і абласнога бюджэтаў, мэтавым выдзяленнем банкаўскіх крэдытаў.

Сельгасвытворцам не ўдалося захаваць мінулагоднюю колькасць буйной рагатай жывёлы. Па раёне гэты паказчык склаў 91,7%. Рост пагалоўя маюць ААТ «Студзёнка» (137,5%) і СУП «Саўгас імя Машэрава» (103,1%). Праўда, кароў у грамадскіх сельгасарганізацыях раёна стала больш (101,6%), што тым не менш не дазволіла павялічыць вытворчасць малака. За 10 месяцаў у параўнанні з 2012 годам яна складала 89,7%, рэалізацыя прадукцыі яшчэ меншая — 84,7%. Амаль на 5% зменшылася таварнасць малака. Рост названага паказчыка маюць толькі ў ПП «Дружбінец». Пагоршыліся якасныя паказчыкі: гатунковасць, тлустасць, утрыманне бялку. Выключэнне хіба што складае КУСГП імя Гараўца, дзе 52,3% рэалізаванага малака аплочана як «экстра», 42,4% — як вышэйшы гатунак. Амаль усё малако на перапрацоўку паступае такой жа якасці з саўгаса імя Машэрава, райаграсэрвісу. А вось з ААТ «Бяленева» пераважная большасць прадукцыі (65,2%) рэалізуецца першым гатункам, 1,9% — другім, 1%, або 26,6 тоны вернута ў гаспадарку. У выніку сярэдняя цана рэалізацыі адной тоны складае 2724 тыс. рублёў пры сабекошце 2720. Такім чынам, на адной тоне рэалізаванага малака бяленеўцы маюць прыбытак усяго 4 млн рублёў, з якога трэба выплаціць не толькі зарплату работнікам, унесці падаткі ў бюджэт, купіць паліва, аплаціць спажытую электраэнергію, але і весці расшыранае ўзнаўленне вытворчасці. У КУСГП імя Гараўца пры невысокіх надоях малака эканамічныя паказчыкі значна вышэйшыя. Рэнтабельнасць вытворчасці ў гаспадарцы вышэйшая, чым у ПП «Дружбінец», СУП «Саўгас імя Машэрава», якія даход атрымліваюць пераважна за кошт аб’ёмаў вытворчасці.
Не лепшым чынам ідуць справы ў вытворчасці і рэалізацыі мяса. Асабліва моцны ўдар сёлета атрымала эканоміка саўгаса імя Машэрава, дзе, па вядомых прычынах, ліквідавана свінаводства. У выніку ўся прадукцыя вырошчвання ў гэтай гаспадарцы ў параўнанні з 2012 годам склала 43,6%, рэалізацыя — 73,9%. Зрэшты, у ААТ «Сінягорскае» аб’ём рэалізацыі ў параўнанні з папярэднім годам складае ўсяго 51%. Прытым што жывёла прадаецца досыць танна. Танней сваю прадукцыю пастаўляюць толькі ААТ «Пурплева», «Ульянавічы», КУСГП  імя Гараўца — да перапрацоўшчыкаў жывёла з названых гаспадарак трапляе нізкіх вагавых кандыцый.
Малако і мяса для сельгасвытворцаў — гэта канчатковы прадукт. Аб’ём іх вытворчасці, якасць, сабекошт залежаць як ад работы жывёлаводаў, так і работнікаў, занятых у раслінаводстве, у першую чаргу, на нарыхтоўцы кармоў. На жаль і тут ёсць праблемы, ёсць над чым працаваць. Травяныя кармы ў большасці гаспадарак маюць нізкую энергетычную каштоўнасць і пажыўнасць. У выніку ўзрастае іх расход на адзінку вытворчасці. Каб атрымаць тону малака, расходуюцца ў сярэднім па раёне  1,22 тоны кармавых адзінак, а ў Белай Ліпе — 1,40. Зразумела, многае залежыць ад таго наколькі ашчадна выкарыстоўваюцца кармавыя запасы. Але і якасць кармоў і рацыянальнасць іх выкарыстання залежаць ад чалавека. Ад таго, ці своечасова пачалі касавіцу, якія травы   пасеяны на сенажаці, колькі часу патрачана на закладку сянажнай ці сіласнай ёмістасці.
Сёлета на зімоўку грамадскага статка сельгасарганізацыі раёна нарыхтавалі 26,1 цэнтнераў кармавых адзінак на галаву буйной рагатай жывёлы. Прырост склаў амаль 4 цэнтнеры, у ААТ «Літусава» — 6,8, СУП «саўгас імя Машэрава» — 6,7, у райаграсэрвісе — 5,6, ПП «Дружбінец» — 5. Толькі вось росту вытворчасці ні малака ні мяса ў раёне няма. Адкуль яму ўзяцца, калі амбары ў гаспадарках пустыя — валавы збор зерня склаў 75,2% ад леташняга. Менш сабралі і рапсу, а значыць менш будзе шротаў, менш збалансаваны рацыён.
Выхад з гэтай сітуацыі адзін — не раскідвацца тым, што ёсць. Для жывёлагадоўлі за правіла трэба ўзяць мэтанакіравана размяркоўваць кармы,  у першую чаргу — высокапрадукцыйнай жывёле. Знайсці грошы на зарплату, іншыя выдаткі можна толькі працай, якая стварае прыбавачны прадукт. Гэта аксіёма рынкавай эканомікі. Яе ўсведамленне гарантуе поспех у любой сферы дзейнасці. На жаль, у работнікаў сельскай гаспадаркі пануюць іншыя настроі, іншая псіхалогія. І не толькі сярод тых, хто сее і ўбірае, корміць і доіць. Многія не хочуць зразумець, што рынкавыя адносіны прыйшлі незалежна ад нашай волі і нашага жадання. А значыць з імі давядзецца лічыцца.

Аляксандр ІЎЕЎ.