100-гадовыя традыцыі літаратурнай Сенненшчыны

Сталіцай XVII Дня беларускага пісьменства ста­лі на гэты раз Хойнікі. Край вядомы, перш за ўсё, як радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа — аўтара знакамітай “Палескай хронікі”.

 Шчыра зайздрошчу хойнікаўцам і не разумею сенненцаў. Разлічваць на рэспубліканскі маштаб сенненскага Дня пісь­менства — не бяруся. Але  чаму б не зладзіць сваё, рэгіянальнае, свята беларускай кнігі?! Тым больш, што і святочныя нагоды для гэтага ёсць. Сёлетні год ад­зна­чаны па меншай меры дзвюма значнымі юбілейнымі датамі. Роўна 100 год споўнілася 19 жніўня беларускаму паэту Алесю Жаўруку. А 6 чэрвеня ў Латвіі адзначалі 110-годдзе свайго класіка, латыша па нацыянальнасці і сенненца па паходжанні, Эдуарда Саленіекса. Хочацца спадзявацца, што гэтыя даты не застануцца па-за ўвагай хаця б школ і бібліятэк. Бо каму, як не ім, сённяшнім хлопчыкам і дзяўчынкам, прапагандаваць славуты патрыятызм? А патрыятызм, як вядома, пачынаецца з малага. Прынамсі, з таго, што юны сенненец аднойчы з гонарам прамовіць: “Я жыву на вуліцы Алеся Жаўрука!” А для пачатку давайце ўзгадаем нашых слынных юбіляраў.

 Сінічкін АляксандрДзмітрыевіч (сапраўднае імя паэта) нарадзіўся ў Сянно ў сям’і служачага. Аднак дзяцінства і юнацтва Алеся прайшло ў Рагачове, куды неўзабаве пераехалі яго бацькі. Асабліва цяжка прыйшлося пасля смерці бацькі, але маці паэта, Лізавета Сцяпанаўна, зрабіла ўсё магчымае, каб даць дзецям належную адукацыю. Пасля школы, летам 1927 года, Алесь паступае ў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, па заканчэнні якога настаўнічае на Любаншчыне. У 1939 годзе Жаўрук скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры імя Чарнышэўскага. Маладога, але прызнанага, паэта запра­шаюць у  аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. Вялікую Айчынную вайну ён сустракае ў радах Чырвонай Арміі. З першых дзён Жаўрук на фронце ў якасці ваенкора армейскай газеты “На защиту Родины”. У 1941-м удзельнічае ў баях пад Масквой. У 1942 годзе абараняе Сталінград, пішучы свае ўзнёслыя вершы ў перапынках паміж абстрэламі, у прамерзлых акопах. Падчас чарговай бамбёжкі палітрук 62-й Арміі А.Д.Сінічкін быў цяжка паранены і накіраваны ў шпіталь.  Пры эвакуацыі шпіталя на другі бераг Волгі адна з бомб трапіла ў судна, на якім знаходзіўся паранены Алесь Жаўрук. 23 жніўня 1942 года беларускі паэт Алесь Жаўрук загінуў.

 Займацца літаратурнай творчасцю ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Разам з аднакласнікам, таксама будучым беларускім паэтам Аляксеем Зарыцкім, выдаваў школьную гумарыстычную газету “Смех і слёзы”. Себрукі не пабаяліся нават паказаць свае вершы і сумесна напісаную аповесць “Аб чым галасілі варштаты“ ўжо слыннаму, на той час, пісьменніку Міхасю Лынькову. З яго блаславення творы Жаўрука ўпершыню пабачылі свет у 1926 годзе спачатку на старонках бабруйскай акруговай газеты “Камуніст” і літаратурным дадатку да яе “Вясна”. А за імі паследаваў і першы зборнік паэзіі “Ручаіны”, праз два гады — другі зборнік “Дняпро выходзіць з берагоў”. Алесь Жаўрук займеў славу і як дзіцячы пісьменнік, а таксама як аўтар лібрэта першай беларускай аперэты “Зарэчны барок”. Найбольш значны твор паэта — паэма “Крывёю  сэр­ца”, прысвечаная грамадзянскай вайне ў Іспаніі, выйшла ў 1937-ымгодзе. Тады ж Алесь Жаўрук (у 27 гадоў!) быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.

 Вёска Грузды стала радзімай для другога юбіляра — Эдуарда Янавіча Саленіекса. Яго сям’я была перасяленкай з Пушчанскай латышскай калоніі, што месцілася на тэрыторыі Сенненскага раёна. Вучыўся Эдуард у Забор’еўскай вясковай школцы. У 1918 годзе скончыў прыватную латышскую гімназію Неруша ў Віцебску. У 1919-21-ых гг. служыў у Чырвонай Арміі. З 1922 па 1929 — настаўнічаў у латышскіх калоніях на Беларусі, у тым ліку і на Сенненшчыне — у вёсках Какоўчына і Ярошкі. У 1930-х гг. працаваў у газеце “Камунару  цыня” (“Барацьба камунараў”) у Маскве, узначальваў рэдакцыю дзіцячай і юнацкай літаратуры выдавецтва “Праметэй“. Увогуле, у 1930-ыя гг. Эдуард Саленіекс займаў адно з вядучых месцаў сярод латышскіх аўтараў, да 1937 года…  Доўгіх восем год яго жыцця прайшлі ў калымскіх лагерах. Рэабілітаваны толькі пасля смерці Сталіна ў 1956 годзе. У 1960 Саленіекс назаўсёды вяртаецца на гістарычную радзіму ў Рыгу, дзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Латвіі. Памёр творца 6 мая 1977 года пасля цяжкай і працяглай хваробы.

Вольга

Бандарэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *