Пра службу амаль не расказваў

afgan1У наступным годзе споўніцца дваццаць пяць гадоў з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Для адных гэта дата непрыметная і малазначная,  для іншых памятная і важная. А многім  хлопцам,  якія былі «за рэчкай», чужая вайна перакрэсліла ўсё жыццё. Афган загубіў не толькі тых,   хто «грузам 200» у цынкавай скрыні вярнуўся дадому. Многіх ён «дастаў» ужо ў мірны час…

У сям’і Сухадолавых, дзе выхоўвалася пяць дачок, Віктар быў шостым дзіцяці, самым малодшым і самым любімым. І самай цяжкай ранай, якую толькі можа нанесці чалавеку лёс, застаўся ў сэрцах родных.
Як і ўсе тагачасныя дзеці з вёскі Буда, Віктар скончыў Пасадскую васьмігодку. Вучыўся нядрэнна, таму вырашыў атрымаць сярэднюю адукацыю. Пасля заканчэння Яноўскай школы пайшоў на тэрміновую вайсковую службу. Трапіў у Афганістан. Як хлопец успрыняў гэту падзею (як асаблівы давер і гонар ці як небяспечнае нешанцаванне), мы не ведаем, і не даведаемся ўжо ніколі.
Не, Віктар Сухадолаў не загінуў на той незразумелай вайне. Лёс падараваў яму жыццё, дакладней яшчэ трынаццаць гадоў. Вярнуўшыся дадому пасля дэмабілізацыі, ён нейкі час працаваў у саўгасе «Янова». Потым ажаніўся, пераехаў у Віцебск. Здавалася, жыццё ўваходзіць у звычайную каляіну, набывае сэнс. Але сям’і не атрымалася, хоць і нарадзілася двое дзяцей.afgan2
Ведаю не адзін выпадак, калі распадаліся сем’і былых афганцаў, а калі і захоўваліся, то жыццё ў іх ператваралася ў сапраўдны ад. Выканаўшы інтэрнацыянальны абавязак, хлопцы вярталіся дадому з сапсаванай псіхікай, са зраненай душоў. Вайна не адпускала  іх і ў мірным жыцці. «Брат амаль нічога не расказваў пра сваю службу родным, але было бачна, што прыйшлося яму там нялёгка», — успамінае родная сястра Віктара Сухадолава Святлана Іванаўна Гаўрыловіч.
…Пасля разрыву з сям’ёй вярнуўся да маці ў Буду. Працаваў у саўгасе, потым — у лясніцтве. Аднойчы на рабоце здарыўся няшчасны выпадак: на Віктара ўпала дрэва. Трапіў у бальніцу. Пры абследаванні знайшлі анкалагічнае захворванне. Праз тры гады Віктара не стала. Родныя і аднавяскоўцы былога афганца лічаць, што вінавата ў гэтым тая праклятая вайна, што яна падарвала здароўе. На гэту думку наводзіць і яшчэ адзін сумны факт: ад такой жа хваробы памёр аднавясковец і сваяк Віктара Сухадолава Уладзімір Шарац, які таксама ваяваў у Афганістане. Вайна дагнала іх і вырвала з мірнага жыцця, як і многіх іншых нашых суайчыннікаў, што вярнуліся жывымі.

 Таццяна Буракова.
 На здымках: Віктар Сухадолаў у Афганістане і ў час хваробы.
 Фота з сямейнага архіва Святланы Гаўрыловіч.