Любоў да сына выратавала сям’ю

IMG_2313_У Юлі Свіцінай гарэлка забрала дзяцінства. Як і яе сёстры, яна не ведала, што такое любоў самых блізкіх людзей. З чацвёртага класа домам для Юлі стала школа-інтэрнат. З-за пастаянных п’янак, невыканання элементарных абавязкаў па выхаванні дзяцей тату і маму пазбавілі бацькоўскіх правоў. Успамінаючы малюнкі з «сямейнага» жыцця,  і сёння ледзь стрымлівае слёзы.

Маладая жанчына жыве ў Багушэўску. Сем гадоў назад Юлю сюды прывезла Вікторыя, з якой дзяўчына пазнаёмілася ў час вучобы ў вучылішчы. Вікторыя і яе родны брат Мікалай, якія таксама на сабе зведалі адсутнасць бацькоўскага цяпла,  сталі для Юлі сям’ёй. Агульнае гора звязала маладых людзей.
Праз колькі гадоў Юля нарадзіла дзіця ад Мікалая. Доўгі час маладыя здымалі дом у Багушэўску. Пра свой куточак заставалася толькі марыць. Грошай ледзь хапала на матэрыяльныя патрэбы. Аднак самым складаным для Юлі стала тое, што яе грамадзянскі муж і яго сястра з кожным днём співаліся. Пілі, таму што пілі… «Магчыма, алкаголь быў сродкам прытуплення ўласнага болю ад неатрыманай бацькоўскай любові», — разважае сёння Юля.
Юля з жахам чакала, калі любы з’явіцца на парозе дома. Усю сваю ўнутраную агрэсію ён выплёскваў на яе і маленькага сына. Калі і былі дні без п’янкі, маладая жанчына баялася радавацца тым рэдкім праясненням, бо ведала — Мікалай сарвецца. Яе просьбы парваць з алкаголем заставаліся не пачутымі. Юлі, якая ўжо сутыкалася з праблемай п’янства ў бацькоўскай сям’і, было страшна, што такое можа зноў паўтарыцца з ёй.
Аднойчы яна не вытрымала: забраўшы сына, паехала на сваю малую радзіму — у Дуброўна — шукаць дапамогі. Ведала толькі адно — да бацькоў не вернецца. Тады прыняла іх бабуля. Але належных умоў для жыцця маленькага Дзімы ў доме не было. І ёй нічога не  заставалася, як папрасіць дапамогі ў таты. Пераступіўшы праз крыўду за паламанае дзяцінства, дзеля ўласнага  сына адважылася на такі крок.
Аднак Мікалай не адпусціў Юлю з сынам. Ён знайшоў іх і літаральна вымаліў у прабачэнне. Імкненне даць дзіцяці паўнацэнную сям’ю, тое, што калісьці не атрымала сама,    і захаванае дзесьці ў сэрцы пачуццё кахання прымусілі Юлю дараваць Мікалаю шанц пачаць усё з чыстага ліста. Пры гэтым яна паставіла ўмову — цвярозы лад жыцця.
Мы хочам верыць людзям. Спадзяёмся ў тым, што яны могуць памяняцца. Менавіта ў гэта і верыла Юля, аддаўшы сябе і сына ў рукі чалавека, якога ў глыбіні душы баялася…і кахала.
Апошнія два гады Мікалай не п’е. Ён знайшоў у сабе сілы адмовіцца ад алкаголю, бо зразумеў, што можа страціць сям’ю назаўсёды. Іх жыццё пачало мяняцца да лепшага. Хлопец знайшоў добрую працу. У доме з’явіліся грошы. І  першае, што яны зрабілі,  набылі жыллё, пра якое так марылі. Юля водзіць сына ў сад, шукае сабе працу ў пасёлку.
Мікалай і Юля робяць усё магчымае, каб быць годнымі бацькамі для Дзімы. Як падзялілася маладая жанчына, у іх бліжэйшых планах зарэгістраваць шлюб, каб стаць паўнацэннай сям’ёй.

Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.